Гінеколаг: "Сёння была пацыентка - восем абортаў і трое дзяцей"
30.10.2012 19:57
—
Новости Здоровья
Гінеколаг: "Сёння была пацыентка - восем абортаў і трое дзяцей"
Медсястра рэгістратуры, пачуўшы слова "аборт", прафесійна, як з кулямёта, стракоча. Нават слова ўставіць не магу! Бо тэлефаную проста спытаць пра колькасць абортаў.
“Калі хочаце зрабіць аборт ці вакуум, збіраеце ўсе дакументы, аналізы, даведкі, бярэце з сабой пялёнку, шкарпэткі, халат, тапкі і пашпарт. Нашча прыходзіце з панядзелка па пятніцу да 8.30 ранку ў аглядны кабінет, паводле жывой чаргі. Доктар вас глядзіць і па памеры плоднага яйка прызначае вакуум ці аборт. Вакуум - 160, аборт - 185 тысяч рублёў. У той жа дзень вы ідзеце дадому…”.
Кожны дзень 2011 года ў краіне нараджалася амаль 300 дзяцей і рабіўся 71 аборт.
“Звесткі па ўсіх медустановах - па дзяржаўных і па прыватных”, - тлумачаць "Еўрарадыё" ў Міністэрстве аховы здароўя.
Гэта яшчэ нічога, бо, згодна з дадзенымі Белстата, у 2000-м у Беларусі за год нарадзілася на 28 тысяч дзяцей менш, чым было абортаў. Абортаў тады было больш, чым сёння нараджаецца.
“У 2000 годзе было зроблена 121 900 абортаў, у 2004-м - ужо 72 тысячы. Нават ва ўзроставай катэгорыі 15-18 колькасць абортаў зніжаецца”, - гавораць у Міністэрстве аховы здароўя. На думку гінеколагаў, зараз беларусы больш засцерагаюцца ад непажаданай цяжарнасці.
Гінеколаг з Баранавічаў, што сама робіць аборты і іншыя гінекалагічныя працэдуры, да перарывання цяжарнасці ставіцца надзвычай негатыўна.
“Як і ўсе гінекалагічныя працэдуры, хочацца, каб іх было менш”.
А вось гінеколаг сталічнай паліклінікі ўпэўнены, што на рашэнне рабіць аборт уплывае нават… кошт каўбасы:
“Я не святар, я свецкі чалавек і гінеколаг, кожны вырашае гэта пытанне сам для сябе. І тут больш маюць месца праблемы сацыяльныя: колькі будуць крэдытаваць банкі на жыллё, колькі будзе каштаваць каўбаса-малако”.
На пытанне "Еўрарадыё", ці парэкамендаваў бы ён зрабіць аборт сваім знаёмым, гінеколаг адказвае… станоўча:
“Я? Калі сямейныя ўмовы складваюцца так, дык трэба. Не падзяляю меркаванняў сродкаў масавых інфармацый, што гэта вельмі шкодна. Вось сёння пацыентка была - трое дзяцей і восем абортаў. Былі пацыенткі 30 абортаў і шэсць дзяцей. Непажаданыя наступствы залежаць ад якасці аперацыі. Гэта як у аўтасэрвісе - усё залежыць ад якасці”.