У ананімных алкаголікаў — рэспубліканскі збор
26-27 мая на базе Рэспубліканскага вучэбнага цэнтра "Лес", што каля санаторыя "Беларусачка" (пас. Ждановічы), адбудзецца чарговы форум таварыства ананімных алкаголікаў "Майскія сустрэчы".
Пачнецца форум у 11.00 у суботу адкрытым сходам на тэму "Мне не адмовілі ў любові". Запланаваны таксама сход для навічкоў, збор жаночай групы, інтэрнэт-групы Vesvalo, а таксама аглядная экскурсія, канцэрт, дыскатэка. Вось ужо 22 гады таварыства ананімных алкаголікаў Беларусі збірае на рэспубліканскі форум усіх, хто "стаў на шлях цвярозасці" і добраахвотна адмовіўся ад згубнай залежнасці.
Варта нагадаць, што восемдзесят гадоў таму два амерыканскія алкаголікі падзяліліся адзін з адным сваім горкім вопытам п'янага жыцця і зразумелі, што алкаголікі не павінны баяцца расказваць аб сваёй праблеме і што залежным неабходна працаваць над тым, каб змяніць сваю свядомасць. Каб ужо ніякія цяжкасці і спакусы не маглі вярнуць да ранейшага жыцця. Прыкладна так нарадзілася садружнасць мужчын і жанчын, якія дапамагаюць адно аднаму захаваць цвярозасць. Садружнасць АА існуе ў 180 краінах свету. Беларускія АА — гэта звыш 60 груп ва ўсіх абласцях. Акрамя таго, дзейнічаюць асобныя групы і для блізкіх алкаголіка — сузалежных, якія таксама маюць патрэбу перш-наперш у псіхалагічнай дапамозе.
Аб рабоце груп або ўдзеле ў "Майскіх сустрэчах" можна даведацца ў офісе Цэнтральнай службы таварыства ананімных алкаголікаў па нумары: 8 (017) 206 79 14 або на сайце www.ааbеlаrus.оrg.
Святлана БАРЫСЕНКА.