"Плюсы" і "мінусы" медыкаментознага аборту

Источник материала:  

Таблеткі ад... цяжарнасці

З мінулага года ў Беларусі выконваецца медыкаментозны аборт — больш ашчадны і менш траўматычны метад у параўнанні з абортам хірургічным. Пад назіраннем урача жанчына проста прымае гарманальныя прэпараты. Такі метад выбралі ўжо звыш 1,5 тысячы беларускіх жанчын, паведамляе Рэсурсны цэнтр ЮНФПА.

Загадчыца аддзялення планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій РНПЦ "Маці і дзіця" Ала КАМЛЮК кажа, што каля 5 працэнтаў ад усіх медыцынскіх перарыванняў цяжарнасці — даволі шмат для першага года практыкі. Медыкаментозны аборт выконваюць не толькі ў РНПЦ "Маці і дзіця", але і ў шэрагу дзяржаўных медустаноў і камерцыйных цэнтраў сталіцы, абласных цэнтраў, а таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Дзяржынску, Мсціславе і Наваполацку. Адпаведнае навучанне прайшлі акушэры-гінеколагі некаторых цэнтраў, дружалюбных да моладзі.

"Плюсы" і "мінусы" медыкаментознага абортуСапраўды, згаданы метад лічыцца найбольш бяспечным для няпоўнагадовых і маладых жанчын, якія не нараджалі. І тым не менш нельга скідваць з рахунку рызыкі, звязаныя з такім метадам планавання цяжарнасці. Наогул лічыцца, што ў 97 % выпадкаў пры правільным правядзенні медыкаментозны аборт заканчваецца спрыяльна. На астатнія 3 % прыпадаюць крывацёкі, няпоўны аборт, які звычайна патрабуе хірургічнага ўмяшання, і далейшае развіццё цяжарнасці. Доля ўскладненняў пры выкарыстанні хірургічнага метаду складае 4-6 працэнтаў. Вядомыя і выпадкі нараджэння дзяцей з прыроджанымі парокамі развіцця ў жанчын, якія пасля няўдалага медыкаментознага аборту вырашылі захаваць цяжарнасць. Таму пры далейшым развіцці цяжарнасці жанчыну накіроўваюць на хірургічны аборт. Іншымі словамі, пры ўскладненнях аборт праводзіцца двойчы рознымі метадамі.

Нават пры спрыяльным правядзенні медыкаментознага аборту адбываецца такая ж страта крыві, як пасля перарывання цяжарнасці таго ж тэрміну хірургічным шляхам: ёсць звесткі аб тым, што страта крыві пры выкарыстанні медыкаментознага метаду на ранніх тэрмінах большая ў параўнанні з вакуум-аспірацыяй. Што да псіхалагічнага аспекту, то, з аднаго боку, пры медыкаментозным аборце няма хірургічнай траўмы і болю, аднак жанчына сам гэты момант можа стаць псіхалагічнай траўмай.

— Любое перарыванне цяжарнасці — гэта заўсёды ўмяшанне ў эндакрынную сістэму, — адзначае Ала Камлюк. — Пасля зачацця ўся дзейнасць арганізма настроена на цяжарнасць. І тут здараецца такі рэзкі зрыў... Гэта катастрофа для арганізма. Усе сістэмы пачынаюць працаваць незбалансавана. У некага магчымы збой эндакрыннай сістэмы на працягу некалькі месяцаў, радзей — на працягу некалькіх гадоў. А гэта рызыка бясплоднасці і невыношвання цяжарнасці.

Мы не рэкамендуем перарыванне цяжарнасці, а перарываць першую цяжарнасць недапушчальна. Механізм захавання цяжарнасці пасля аборту парушаны. Не выключана, што надалей у жанчыны будуць выкідышы на ранніх тэрмінах...

У Беларусі медыкаментозны аборт выконваецца да 7 акушэрскіх тыдняў (49 дзён ад пачатку апошняй менструацыі), інакш кажучы, ад моманту, калі жанчына можа западозрыць цяжарнасць, у яе ёсць максімум тры тыдні на абследаванне і выкананне працэдуры. Прыём прэпарата ажыццяўляецца толькі пад кантролем урача. Праз 7 дзён пасля медыкаментознага аборту аднаўляецца здольнасць да зачацця, таму жанчыне неабходна рэкамендаваць кантрацэпцыю.

— Не думаю, што ўкараненне медыкаментознага аборту павялічыць агульную колькасць абортаў — хоць бы таму, што працэдура гэта платная і нятанная, — удакладняе Ала Камлюк. — Медыкаментозны аборт — гэта альтэрнатыва хірургічнаму ўмяшанню. Жанчына, як правіла, настроена на захаванне цяжарнасці. Аднак калі яна прымае рашэнне зрабіць аборт, у яе павінна быць магчымасць выбраць больш бяспечны спосаб.

Святлана БАРЫСЕНКА

Толькі факт

= Зараз у нашай краіне на 100 родаў прыпадае 30 абортаў. У 2005 годзе суадносіны колькасці родаў да колькасці абортаў складалі 1:0,7, а ў 1993-м родаў было амаль у два разы менш, чым абортаў.

= Медыкаментозны аборт у Еўропе выбіраюць каля 70 % жанчын.

 

←История в рецептах. Масседуан из овощей и ушки с мясным фаршем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика