Што ў вас з голасам?

Источник материала:  

Наш голас можа мяняцца ў горшы бок не толькі таму, што мы старэем. На працягу жыцця голас падсцерагае шэраг небяспек.

Першая. Уласны крык. Самая частая прычына хрыпаты пры гучнай, грубай размове — вузялкі галасавых складак. Гэта, так бы мовіць, "працоўныя мазалі", як на руках ад рыдлёўкі. У дзяцей такія мазалі могуць утварацца ад пастаяннага крыку ўжо ў 3-5 гадоў. У дзіцяці з "вузялкамі крыкуна" блізкія сваякі, хутчэй за ўсё, маюць хрыплы голас або ў сям'і размаўляюць пераважна на павышаных тонах, гучна, з крыкам, надрывам.

Другая. Захворванні гартані. Дабраякасныя — фібромы, паліпы, папіломы і г.д., злаякасныя — рак гартані. Усе хваробы патрабуюць сур'ёзнага лячэння, найперш хірургічнага.

Трэцяя. Стрэсавая сітуацыя, хранічная стомленасць, хваробы нервовай сістэмы, галасавыя перагрузкі, шэраг агульных хваробаў арганізма.

Чацвёртая. Прафесія. Педагогі, спевакі, акцёры і г.д. рэгулярна сутыкаюцца з галасавымі перагрузкамі, што падчас захворванняў, у тым ліку прастудных, можа прывесці да страты голасу.

Пятая. Шкодныя звычкі — курэнне і алкаголь.

Паводле слоў валеолага 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Алены ГАРНІЦКАЙ, да ліку асноўных прыкмет, якія ўказваюць на пагаршэнне голасу, адносяцца:

— сіпласць (голас не павінен быць сіплым);

— хуткая стамляльнасць голасу бліжэй да вечара. Калі настаўнік не можа правесці больш за два ўрокі запар, таму што голас "садзіцца", а ў дыспетчара або дыктара голас зрываецца праз пару гадзін працы — ім неабходна звярнуцца да ўрача-фаніятра. Інакш у гартані могуць адбыцца розныя змяненні, аж да ўтварэння ў галасавых складках незваротных працэсаў;

— раптоўнае або паступовае змяненне голасу — таксама прычына для паходу да спецыяліста.

Што рабіць, каб не нашкодзіць голасу?

Не піць газіраваныя шыпучыя напоі. Не грызці семкі і салёныя арэшкі. Не захапляцца марожаным, не ўжываць стравы з вялікай колькасцю солі, перцу і воцату. Даваць голасу адпачынак — маўчаць цэлы вечар напярэдадні працяглага напружання голасу (лекцыі, спеваў і інш.). Не размаўляць падоўгу па тэлефоне. Абавязкова хутаць горла (у шалік) у вільготнае надвор'е.

Сёння ў кожным абласным цэнтры працуе фаніятрычны кабінет. Можна звярнуцца на прыём і да ўрача-фаніятра Рэспубліканскага цэнтра паталогіі слыху, голасу і маўлення ў Мінску (вул. Сухая, 8).

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Известный парфюмер придумала запах Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика