Нешта з'елі
Стаць ахвярай мікробнага харчовага атручэння можна ў выніку ўжывання ежы з вялікай колькасцю жывых узбуджальнікаў і таксінаў. Прычынай немікробных харчовых атручэнняў могуць стаць ядавітыя расліны і прадукты жывёльнага паходжання; ядавітае насенне пустазелля, якое трапляе ў збожжа падчас збору ўраджаю, а затым і ў муку; прадукты расліннага і жывёльнага паходжання, якія набываюць атрутныя якасці пры пэўных умовах; таксічныя хімічныя рэчывы, пестыцыды, солі цяжкіх металаў, харчовыя дабаўкі, уведзеныя ў колькасці, якая перавышае дапушчальную, злучэнні, якія мігруюць у харчовы прадукт з абсталявання, інвентару, тары, упаковачных матэрыялаў.
Паводле слоў медыцынскай сястры 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Ірыны ШАЎЦОВАЙ, харчовае атручэнне раптоўна пачынаецца і нядоўга працягваецца. Праяўляецца праз 2-3 гадзіны, а часам і праз 20 хвілін пасля ежы. Найбольш адчувальныя ў гэтым сэнсе дзеці, старыя людзі і хворыя са страўнікава-кішачнымі захворваннямі. Сімптомы харчовага атручэння: ваніты (да 3 разоў на суткі і болей), дыярэя (часам да 10-15 разоў), тэмпература 37—37,5 градусаў, млосць, слабасць, боль у жываце, у падлыжачнай або каляпупочнай вобласці, часам тахікардыя, паніжаны артэрыяльны ціск, зрэдку ўзнікае страта прытомнасці, сутаргі мышцаў.
Каб абараніць сябе ад харчовых атручэнняў:
— набывайце прадукты толькі ва ўстаноўленых месцах і правярайце тэрмін іх прыдатнасці;
— перавозьце прадукты ў поліэтыленавых пакетах і закрытых сумках, не бярыце з сабой прадукты, якія хутка псуюцца;
— сырыя і прыгатаваныя прадукты захоўвайце ў халадзільніку асобна і ўпакаванымі;
— размарожвайце замарожаныя прадукты ў халадзільніку або мікрахвалевай печы (падчас размарожвання ў цеплыні частка прадукту з паверхні хутка адтайвае, і ў ёй пачынаюць размнажацца мікробы);
— для сырых і гатовых прадуктаў выкарыстоўвайце розны раздзелачны інвентар і посуд;
— абавязкова мыйце рукі з мылам перад гатаваннем ежы, перад ядой, пасля вяртання з вуліцы і наведвання туалета;
— ягады, садавіну і гародніну трэба не толькі мыць, але і абдаваць гатаванай вадой;
— у вандроўках не набывайце салаты і гатовыя стравы, якія прапануюць "карабейнікі " ў цягніках.
Святлана БАРЫСЕНКА
Першая дапамога пры харчовым атручэнні
<І>Для барацьбы з абязводжваннем пры кішэчнай інфекцыі трэба шмат піць — часта, невялікімі порцыямі. Акрамя проста піцця, неабходна прымаць салявыя растворы кшталту рэгідрону. Паколькі змагацца з мікробамі даводзіцца да таго, як іх ідэнтыфікуюць, у першыя дні хваробы прызначаюць кішэчны антысептык шырокага спектру дзеяння — фуразалідон або эрсефурыл. Існуюць і іншыя варыянты ўздзеяння на мікробы. Супрацьвірусным дзеяннем і павышэннем мясцовага імунітэту страўнікава-кішачнага тракту валодае бактысубціл. Для падтрымання і аднаўлення нармальнай работы страўнікава-кішачнага тракту прызначаюцца ферменты — мезім-фортэ, крэон, бактэрыяльныя прэпараты лінэкс або ацэпол. Спыніць панос дапаможа смекта, ваніты — матыліум, зняць спазмы — но-шпа.