Цёплае адзенне, цёплае памяшканне. Грэемся натуральным чынам

Источник материала:  

Цёплае адзенне, цёплае памяшканне. Грэемся натуральным чынамЯк толькі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за 0 градусаў, у нашых шыротах пачынаецца час галалёдных і халадовых траўмаў. Людзі падаюць, пераахалоджваюцца і абмарожваюцца. І прычынай таму — не толькі надвор'е (прычым надвор'е не столькі марознае, колькі ветранае і вільготнае), не толькі неідэ-альная работа камунальных службаў, але і парушэнне жыццесцвярджальных прынцыпаў тэхнікі бяспекі, правілаў дарожнага руху, цвярозага ладу жыцця...

Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя Беларусі па камбустыялогіі (камбустыялогія — апёкавая медыцына), загадчыка апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Уладзіміра ЛЕШЧАНКІ, зараз у клініцы знаходзяцца каля 20 пацярпелых з халадовымі траўмамі. Усе яны атрымліваюць спецыялізаваную дапамогу. Метады лячэння — добра вядомыя: увядзенне прэпаратаў, якія паляпшаюць кровазварот. Пры своечасовым яго аднаўленні канечнасці ўдаецца выратаваць. Дарэчы, сёлета зафіксаваны толькі адзін выпадак глыбокага абмаражэння з наступнай ампутацыяй канечнасці.

Абмаражэнне, як вядома, пагражае тым, што пры познім звароце да спецыялістаў выклікае неабходнасць ампутацыі канечнасцяў.

Пераахалоджванне звычайна лічыцца яшчэ больш небяспечным, паколькі пагражае стратай не канечнасцяў — жыцця. У такой сітуацыі ў арганізме парушаецца нармальная работа ўсіх органаў і сістэм.

Больш схільнымі да атрымання абмаражэння і пераахалоджвання з'яўляюцца людзі, якія "не сябруюць" са здаровым ладам жыцця — апранаюцца не па надвор'і, не даюць сабе своечасовы адпачынак і пакутуюць ад перанапружання, а таксама людзі з шэрагам хранічных захворванняў, напрыклад, сардэчна-сасудзістымі, эндакрыннымі і іншымі. Дзеці, як правіла, пакутуюць у меншай ступені, паколькі на вуліцы яны шмат рухаюцца, пры надта нізкіх тэмпературах наогул не выходзяць на вуліцу і, нарэшце, знаходзяцца пад наглядам бацькоў. Самім жа бацькам і іншым дарослым не лішне ведаць, што:

той, хто ва ўмовах нізкіх тэмператур злоўжывае алкаголем або саграваецца з яго дапамогай, правакуе павышаную цеплааддачу і павелічэнне вязкасці крыві ў канечнасцях; той, хто курыць на марозе, дабіваецца з дапамогай нікаціну звужэння сасудаў, што, у сваю чаргу, непасрэдна спрыяе абмаражэнню; той, хто носіць у мароз завушніцы і не носіць пры гэтым галаўны ўбор, павінен мець на ўвазе, што метал хутка ахалоджваецца, а значыць, спрыяе пераахалоджванню мочкі вуха, якая і без таго схільная да вельмі хуткага абмаражэння.

Як адзначае галоўны ўрач Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Аляксандр ЖЫНКО, з сярэдзіны снежня па сёння на вуліцах і дваровых тэрыторыях сталіцы галалёдныя траўмы атрымала 1899 чалавек, з іх 68 дзяцей. 183 чалавекі былі шпіталізаваныя. За адзін тыдзень моцных маразоў медыцынская дапамога была аказана 17 пацыентам з пераахалоджваннем і 35 — з абмаражэннем. "Колькасць выклікаў у сувязі з траўмамі і абмаражэннямі ў нас не вырасла, — кажа Аляксандр Яўгенавіч. — Так і застаецца 1600-1800 выклікаў у суткі — наша звычайная нагрузка".

Калі вы змерзлі або абмарозілі канечнасці, адагрэйцеся ў цёплым памяшканні, з дапамогай цёплага адзення. Расцірацца, тым больш снегам, грэцца ў гарачай вадзе нельга. Гэта спрыяе пранікненню працэсу ў больш глыбокія слаі тканак. Саграванне павінна быць толькі натуральным.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←В Минске начнет работу центр генетического консультирования

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика