Чысціць зубы для... здаровага сэрца?

Источник материала:  

Інфекцыя ў ротавай поласці можа выклікаць досыць сур'ёзныя праблемы з сэрцам. Размова ідзе пра інфекцыйны эндакардыт — бактэрыяльную інфекцыю клапанаў сэрца і яго ўнутранай абалонкі разам з навакольнымі сасудамі.

Паводле слоў урача-стаматолага 8-й гарадской паліклінікі г. Мінска Надзеі ХВЕДЧЫНАЙ, інфекцыйны эндакардыт няпроста распазнаць, паколькі ён не мае характэрных толькі для яго сімптомаў. У цэлым жа хвароба праяўляецца павышэннем тэмпературы цела, дрыжыкамі, слабасцю, задышкай, зніжэннем масы цела, для яе характэрна запаленне міякарда, расслаенне сценак буйных сасудаў, працяглае знаходжанне мікраарганізмаў у крыві, а з токам крыві мікраарганізмы могуць заносіцца ў іншыя органы, дзе таксама выклікаюць моцнае запаленне. Інфекцыйны эндакардыт выклікаюць пераважна стрэптакокі і стафілакокі, радзей — рыкетсіі, грыбы, хламідыі. Адзін з відаў стрэптакока ўваходзіць у састаў зубнога налёту, які выклікае карыес і запаленне дзёсен. Дрэнны догляд ротавай поласці, карыес больш як 2-3 зубоў, хранічныя гнойныя запаленні дзёсен могуць выклікаць пастаянную прысутнасць памянёных бактэрый у краватоку.

У групе рызыкі па інфекцыйным эндакардыце знаходзяцца пацыенты з пратэзаванымі клапанамі сэрца, прыроджанымі і набытымі парокамі сэрца, але пры некаторых умовах інфекцыя ахоплівае клапаны і ў здаровых людзей. Для пацыентаў, якія маюць змяненні ў будове сэрца і блізкіх да яго сасудаў, вельмі важна рэгулярна і правільна выдаляць мяккі зубны налёт індывідуальнымі сродкамі гігіены, праводзіць прафілактычны догляд і кантроль стану здароўя ротавай поласці ў стаматолага.

Перад стаматалагічнымі ўмяшаннямі пацыентам з парокамі сэрца і прааперыраванымі клапанамі варта праводзіць антыбактэрыяльную тэрапію. Выбар антыбіётыка, дазіроўку павінен ажыццяўляць урач-тэрапеўт або кардыёлаг, або стаматолаг. Выдаленне ачагоў вострай або хранічнай інфекцыі ў поласці рота з дапамогай лячэння карыёзных пашкоджанняў, выдалення разбураных зубоў можа знізіць рызыку агрэсіі мікраарганізмаў. Карысна таксама паласкаць рот растворам мясцовых антысептыкаў.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Будущие медики в Гродно не очень заботятся о своем здоровье

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика