Ратавальная прышчэпка ад віруса папіломы

Источник материала:  

Рызыку захварэць на рак шыйкі маткі мае любая прадстаўніца прыгожага полу. Гэта захворванне займае другое месца ў свеце сярод злаякасных пухлін у жанчын і саступае толькі раку малочнай залозы. На шчасце, сёння можна прадухіліць грозную паталогію. Як жа засцерагчыся ад раку шыйкі маткі? Ці застрахаваны асабіста вы ад гэтага захворвання? Тлумачэнні даюць загадчыца жаночай кансультацыі 25-й цэнтральнай раённай паліклінікі Маскоўскага раёна г. Мінска Ірына ГРАЧОВА і ўрач акушэр-гінеколаг кабінета паталогіі шыйкі маткі Гузель ШЫНКЕВІЧ.

На сёння даказана, што рак шыйкі маткі з'яўляецца наступствам такой інфекцыі, як вірус папіломы чалавека. Вучоныя выявілі звыш 140 розных тыпаў гэтага віруса і падзялілі іх усе на групы:

— нізкай анкалагічнай рызыкі (6, 11, 40, 42, 43, 44, 61);

— сярэдняй анкалагічнай рызыкі (30, 33, 35, 39, 45, 52, 53, 56, 58);

— высокай анкалагічнай рызыкі (16, 18, 31, 51, 52, 59, 68).

Ва ўсім свеце штамы 16 і 18 выклікаюць 80 працэнтаў выпадкаў раку шыйкі маткі.

Каля 80 працэнтаў жанчын на працягу свайго жыцця інфіцыруюцца вірусам папіломы чалавека, прычым у палове выпадкаў размова ідзе пра інфіцыраванне анкагеннымі штамамі. Папіломавірус вельмі лёгка перадаецца шляхам кантакту "скура да скуры" падчас сэксуальнага кантакту. Пры гэтым бар'ерныя метады кантрацэпцыі (прэзерватыў) з'яўляюцца недастаткова эфектыўнымі.

Перанесеная аднойчы інфекцыя папіломавіруса не выклікае стойкага імунітэту, а таму жанчына можа інфіцыравацца зноў і зноў. У адрозненне ад віруса герпесу, вірус папіломы чалавека "пражывае" не ў крыві, а, напрыклад, у слізістай той жа шыйкі маткі. Гэта азначае, што пры добрым імунітэце вірус папіломы можа бясследна пакінуць арганізм жанчыны, аднак калі імунітэт аслаблены наяўнасцю іншых інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, то арганізм пазбаўляецца такой магчымасці, і вірус спакойна робіць сваю "шкодную справу". Такім чынам, на працягу сэксуальна актыўнага жыцця ў жанчыны можа неаднаразова выяўляцца інфіцыраванне вірусам папіломы чалавека.

Папіломавірусная інфекцыя можа распазнавацца візуальна, з дапамогай кальпаскопа або малекулярна-біялагічных метадаў. Візуальнай праявай папіломавіруснай інфекцыі з'яўляюцца кандыломы вонкавых палавых органаў. Кандыломы, якія не бачны воку, часцей размяшчаюцца на шыйцы маткі і добра бачныя падчас правядзення кальпаскапіі.

Падлічана, што рызыка развіцця раку ў тых жанчын, чыя шыйка маткі працяглы час інфіцыравана вірусам папіломы ў параўнанні з тымі, у каго няма гэтага віруса, павялічваецца дзесьці ў 650 разоў. Яшчэ вышэй рызыка ў жанчын ва ўзросце пасля 30 гадоў, інфіцыраваных найперш 16-м і 18-м тыпамі віруса.

Акрамя віруса папіломы чалавека, рызыку ўзнікнення раку шыйкі маткі павялічваюць і іншыя моманты:

r ранні пачатак палавога жыцця (да 15 гадоў);

r ранняя першая цяжарнасць і раннія першыя роды (да 16 гадоў);

r частая змена сэксуальных партнёраў;

r адсутнасць палавой гігіены ў абодвух партнёраў;

r запаленчыя, венерычныя захворванні;

r траўматызацыя шыйкі маткі падчас абортаў і родаў;

r курэнне (выяўлена прамая залежнасць);

r зніжэнне імунітэту;

r стрэс.

Спецыфічнай тэрапіі супраць віруса папіломы не існуе. Аднак доказы таго, што рак шыйкі маткі з'яўляецца наступствам віруса папіломы чалавека, паставіла яго ў шэраг захворванняў, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі. Гэта запатрабавала стварэння прафілактычных вакцын супраць тых вірусных штамаў, якія сустракаюцца найбольш часта — найперш супраць тыпаў 16 і 18, якія дамінуюць ва ўсіх краінах свету. З дапамогай геннай інжынерыі былі створаны дзве такія вакцыны. Абедзве нежывыя, не змяшчаюць генетычны матэрыял віруса, а таму вакцынацыя ніяк не можа выклікаць захворванне або пагоршыць яго цячэнне. Высокая эфектыўнасць вакцыны даказана шматлікімі даследаваннямі, у якіх узялі ўдзел звыш 30 тысяч жанчын ва ўсім свеце.

Вакцынапрафілактыка падлеткаў 12-14 гадоў (да палавога "дэбюту") змяншае рызыку развіцця раку шыйкі маткі на 94 працэнты. Жанчыны, якія хочуць самі прайсці вакцынацыю або вакцынаваць сваіх дачок, павінны звярнуцца з гэтым пытаннем да ўрача-гінеколага па месцы жыхарства. Падобную платную паслугу аказвае, напрыклад, 25-я цэнтральная раённая паліклініка г. Мінска.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Храните счастливые воспоминания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика