"Вялікіх" людзей становіцца ўсё больш
Да Сусветнага дня барацьбы супраць дыябету
На 7-8 працэнтаў за год прырастае колькасць хворых на цукровы дыябет у нашай краіне. У абсалютнай большасці гэта выпадкі цукровага дыябету 2 тыпу — звыш 210 тысяч чалавек. Дыябет 1 тыпу зарэгістраваны ў больш чым 15 тысяч беларусаў.
Як вядома, тып захворвання абумоўлены рознымі механізмамі яго паходжання. Так, пры больш шырока распаўсюджаным 2-м на першы план выходзіць лад жыцця. Цукровым дыябет называецца не таму, што чалавек празмерна захапляецца салодкім. Пад цукрам у дадзеным выпадку маецца на ўвазе глюкоза, у якую ператвараецца ўсё, што мы з'ядаем, што "падскілкоўвае" нас і дазваляе арганізму функцыянаваць. З другога боку, празмернае захапленне прысмакамі, як і лішак тлушчаў у рацыёне, сведчыць аб нездаровым харчаванні, а вось яно ў сваю чаргу прыводзіць да лішняй вагі і атлусцення. Менавіта гэтая праблема і правакуе аднойчы развіццё цукровага дыябету. Лішняя вага, зразумела, цесна звязана з гіпадынаміяй. Нарэшце, яшчэ адной прычынай узнікнення дыябету з'яўляецца хранічны стрэс. Словам, гэтай праблеме спрыяе ўсё тое, што звязваюць і з іншымі сацыяльна значнымі хваробамі — сардэчна-сасудзістымі і анкалагічнымі.
Здаецца, усё на паверхні. Аднак людзей з парушэннем вугляводнага абмену становіцца ўсё больш. Дастаткова сказаць, што ва ўсім свеце тэмпы росту людзей з лішняй вагой і атлусценнем растуць яшчэ хутчэй, чым тэмпы росту хворых на цукровы дыябет. А апошнія немалыя. Паводле самых смелых прагнозаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць людзей з цукровым дыябетам у свеце павінна была прырасці за апошняе дзесяцігоддзе на 100 мільёнаў чалавек, аднак прырост аказаўся больш імклівым — 200 мільёнаў. Цяпер лічыцца, што да 2025 года праблемы вугляводнага абмену будзе мець на планеце каля 1 мільярда чалавек. А між тым спецыялісты сцвярджаюць, што людзям з парушаным вугляводным абменам дастаткова ўсяго толькі змяніць лад жыцця — і яны зноў будуць у шэрагах здаровых.
— У нас вельмі добра наладжаны скрынінг ранняга выяўлення выпадкаў захворвання на цукровы дыябет, — кажа галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ала ШАПЯЛЬКЕВІЧ. — Для выстаўлення дыягназу дастаткова двойчы вызначыць цукар крыві.
Сёння ўсе нашы пацыенты бясплатна атрымліваюць генна-інжынерны інсулін. Выкарыстанне свінога інсуліну завяршылася яшчэ ў мінулым годзе. З 2009 года Беларусь выпускае свой генна-інжынерны інсулін добрай якасці. Існуюць таксама аналагавыя інсуліны — гэта новыя рэвалюцыйныя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў нас. Аналагавыя інсуліны прызначаюцца па заключэнні спецыяльнай рэспубліканскай камісіі. Па паказаннях дзецям і цяжарным прызначаюцца і інсулінавыя помпы, якія забяспечваюць бесперапынную падскурную падачу інсуліну на працягу сутак. Аднак трэба разумець, што нават такі, найбольш блізкі да фізіялагічнага, спосаб выпрацоўкі інсуліну не з'яўляецца панацэяй і не гарантуе дасягнення аптымальнага ўзроўню цукру ў крыві.
Самым важным у працы з пацыентамі, хворымі на цукровы дыябет, з'яўляецца іх навучанне — і не толькі карыстанню шпрыц-ручкай або інсулінавай помпай, але і "азам" лячэння і нават у цэлым здароваму ладу жыцця. У Беларусі на базе амбулаторных і стацыянарных устаноў функцыянуе 213 школ цукровага дыябету. Тут можна атрымаць усю неабходную інфармацыю. Кампенсацыі захворвання можна чакаць толькі пры актыўным удзеле пацыента.
Святлана БАРЫСЕНКА.