Прыліў сіл, або Як журналісты... холадам палячыліся

Источник материала:  

Фізіятэрапія

Што тая лазня ў гэтыя халаднаватыя, дажджлівыя дні?! Выйшаў з цёплага памяшкання, і ў цябе толькі два жаданні — працягнуць сагравацца або прыкарнуць. Няправільна гэта. Раскісляе. А ў такі час года, як цяпер, станавіцца "кісялём" нельга: лета далёка, і наперадзе толькі "арбайт". Іншая справа, скочыць з холаду ў яшчэ большы холад! Спачатку туды, дзе -60, а пасля замацаваць уражанні 110-градусным марозцам!

Калі галоўны ўрач санаторыя "Лясное" Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Сяргей ТАБУНОЎ прапанаваў нам, журналістам, наведаць паветраную крыясаўну, мы падумалі, што гэта жарт, паколькі разлічвалі больш на... сагравальны прыём. Усё ж такі дажджлівым кастрычніцкім днём ехалі з Мінска ў Докшыцкі раён Віцебскай вобласці (менавіта тут размяшчаецца санаторый)... І раптам — апранайце адну павязку на вушы, другую — на рот/нос, рукавіцы — на рукі, бахілы — на абутак! Добра яшчэ, не прымусілі распрануцца "да купальнікаў". Паводле правілаў, прымаць холадавыя ванны трэба ў апошніх, а не ў штанах са світарамі, але для нас, дзякуй Богу, зрабілі выключэнне.

Прыліў сіл, або Як журналісты... холадам палячыліся

Паверце, ніякія штаны са світарам не здольныя ратаваць у камеры з густой нядобразычлівай парай. Самае важнае, зразумела я, калі разглядала пасля цуд-працэдуры пасінелы твар, — трэба было настроіцца і вельмі актыўна рухацца, а гэта больш камфортна рабіць у адзіноце (хоць камера і дапускае адначасовае знаходжанне пяці чалавек).

Наогул крыясаўна зроблена з сучасных матэрыялаў і складаецца з дзвюх камер, аддзеленых паміж сабой дзвярыма. Тэмпература ў перадкамеры складае -60 градусаў, у асноўнай камеры — -110. Спецыяльны халадзільны блок падае ахалоджанае асушанае атмасфернае паветра ўнутр крыяпрацэдурнай кабіны. Вільготнае паветра, якое выдыхаецца, пастаянна выцягваецца. Візуальны кантроль ажыццяўляецца праз спецыяльныя вокны. Маніторынг працэдуры вядзецца з дапамогай сэнсарнага экрана на пульце ўпраўлення. Устаноўка забяспечана адразу некалькімі прыстасаваннямі бяспекі, так што апасацца за тое, што дзверы заклініць і ў кабінцы давядзецца вітаць жудасны фінал жыцця, не варта.

У перадкамеры неабходна знаходзіцца прыкладна паўхвіліны, у асноўнай камеры — ад 1 да 3 хвілін. Дапускаецца штодзённае "ахалоджванне", і нават двойчы на дзень, з інтэрвалам не менш як 6 гадзін. Курс лячэння — 10-20 працэдур двойчы ў год. За мяжой адна працэдура каштуе ад 15 да 40 еўра, у нас — 60 тысяч рублёў (для тых, хто адпачывае ў санаторыі — 29 тысяч).

Сёння ў нашай краіне крыясаўны функцыянуюць у санаторыях "Лясное" КДБ Беларусі, Рэспубліканскім цэнтры спартыўнай медыцыны, Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі, а таксама ў санаторыі ААТ "Нафтан". Аднак першым, яшчэ пяць гадоў таму, падобную працэдуру пачаў прапаноўваць санаторый Камітэта дзяржбяспекі. Менавіта таму на базе гэтай установы прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па крыятэрапіі. Беларусь сёння з'яўляецца лідарам у прымяненні крыятэрапіі сярод краін СНД, адкуль да нас актыўна едуць не толькі для таго, каб атрымаць падобную працэдуру, але і каб ажыццявіць абмен вопытам. Вось і на мерапрыемства прыехалі калегі з Расіі і Германіі.

Рэгіянальны менеджар кампаніі MесоTес GmbH (Германія) Эберт РАЙНЕР зазначыў у сваім выступленні на канферэнцыі, што і сама вытворчасць крыяабсталявання, і распрацоўка тэхналогій прымянення нізкіх тэмператур пры розных захворваннях — надзвычай складаная работа. Але гэта не азначае, што лячэнне холадам слаба вывучана і не паспела даказаць сваю эфектыўнасць. Якраз наадварот. Холад як лекавы сродак прымяняўся яшчэ ў антычныя часы. А ў тым выглядзе, у якім існуе крыялячэнне сёння, яго пачалі прапаноўваць у 80-я гады мінулага стагоддзя ў Японіі.

Холад здымае востры і хранічны боль, запаленне, ацёк або спазм, рэгулюе мышачны тонус, паляпшае рухальныя функцыі, абмен рэчываў, умацоўвае імунітэт, паляпшае самаадчуванне, амалоджвае. Падобны від лячэння выкарыстоўваецца не толькі ў галіне спартыўнай медыцыны для хуткага аднаўлення пасля атрыманых траўмаў, але і проста для аднаўлення фізічнага стану пасля любой фізічнай нагрузкі. Добры эфект назіраецца пры лячэнні запаленчых рэўматалагічных хвароб суставаў і пазваночніка, скураных захворванняў — у тым ліку нейрадэрмітаў, псарыязу. Холадавая бяспечная аздараўленчая сістэма не мае ўзроставых, фізіялагічных, псіхалагічных ці медыцынскіх абмежаванняў. Самае важнае — добрае самаадчуванне напярэдадні працэдуры.

— Можна гаварыць, што холадатэрапія стварае своеасаблівы допінгавы эфект без ужывання допінгу, — кажа галоўны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па нетрадыцыйных метадах лячэння, загадчык кафедры рэфлексатэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, прафесар Аляксандр СІВАКОЎ. — Кароткатэрміновае холадавае ўздзеянне актывізуе адаптацыйныя і абарончыя рэзервы арганізма. Як метад фізіятэрапіі крыятэрапія сёння вельмі актыўна развіваецца...

Калі я вырвалася з "маразільнай камеры", першае, аб чым падумалася, было наступнае: "Ну, усё, захварэю...". Аднак па меры таго, як з адзення знікаў іней, а твар ружавеў, разумела, што такое сапраўдны прыліў сіл! Самаадчуванне ва ўсіх эксперыментатараў было проста выдатным. Больш за тое, прайшло пару гадзін, і некаторыя з нас адважыліся паўторна скочыць у маразільню. Толькі на гэты раз — у негліжэ.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←В Беларуси лишь 1 процент больных остеопорозом получает лечение

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика