Грашовую кампенсацыю за донарства крыві плануецца павысіць
"Інтэрнэт паведамляе, што ў адной з краін блізкага замежжа за донарства крыві прадугледжана выдача згушчанага малака беларускай вытворчасці. Цікава, а ў нас таксама з донарамі разлічваюцца натуральнымі прадуктамі?
Алена В., Мінская вобласць".
Намеснік дырэктара па трансфузіялогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гематалогіі і трансфузіялогіі Сяргей ЛЯШЧУК:
— Паводле вызначаных правілаў, непасрэдна перад кравадачай донару належыць харчаванне — чай з пячэннем. Аднаразовая здача крыві, або, кажучы прафесійнай мовай, адна данацыя складае прыкладна 475 мл цэльнай крыві. Наогул аб'ём цыркулюючай крыві ў кожнага чалавека розны, што залежыць ад росту, вагі і г.д., а таму немагчыма ўзяць у донара дакладна 475 мл. Мы павінны ўзяць за адну данацыю не менш як 400 мл (бо гэта будзе эканамічна нявыгадна для нарыхтоўшчыкаў), і не больш за 500 мл (бо гэта можа пагоршыць самаадчуванне донара).
Пастановай Савета Міністраў ад 2 чэрвеня 2011 года "Аб некаторых пытаннях, звязаных з донарствам крыві і яе кампанентаў" устаноўлена, што донарам крыві і яе кампанентаў за выкананне імі донарскіх функцый выплачваецца грашовая кампенсацыя ў памеры:
1,5 базавай велічыні за кожную данацыю крыві і яе кампанентаў — донарам;
0,1 базавай велічыні за кожную данацыю крыві і яе кампанентаў — донарам крыві рэдкіх груп (рэзус-адмоўным донарам усіх груп);
0,65 базавай велічыні за кожную дозу крыві (450 мл +/- 50 мл) — донарам плазмы;
1 базавую велічыню за кожную дозу крыві (450 мл +/- 50 мл) — донарам клетак крыві, атрыманых цытаферэзам;
2 базавыя велічыні за кожную дозу крыві (450 мл +/- 50 мл) — ізаімунным донарам крыві і плазмы;
1,5 базавай велічыні за кожную данацыю крыві і яе кампанентаў — донарам эрытрацытаў, якія выкарыстоўваюцца для ізаімунізацыі і тэсціравання сываратак;
0,1 базавай велічыні — донарам за адну працэдуру імунізацыі анатаксінамі, імунамадулятарамі, вакцынамі;
0,2 базавай велічыні — донарам за адну працэдуру імунізацыі эрытрацытамі, імунамадулятарамі;
0,05 базавай велічыні за кожную гадзіну знаходжання ў арганізацыі аховы здароўя, якая ажыццяўляе ў вызначаным заканадаўствам парадку нарыхтоўку, перапрацоўку, захоўванне і рэалізацыю крыві і яе кампанентаў — донарам, адхіленым ад кравадачы па медыцынскіх паказаннях, а таксама за час правядзення імунізацыі;
0,1 базавай велічыні за кожную гадзіну знаходжання ў арганізацыі пералівання крыві — донарам, якія выканалі донарскую функцыю не ў поўным аб'ёме (доза крыві — да 300 мл).
Фактычна донары крыві атрымліваюць на рукі за адну данацыю 66 500 рублёў (мінус кошт харчавання), донары плазмы — 112 000 рублёў, донары цытаферэзу — 206 500 рублёў.
Зараз у Міністэрстве аховы здароўя разглядаецца пытанне аб павышэнні гэтай грашовай кампенсацыі.
Святлана БАРЫСЕНКА.