
Сярод найбольш частых прычын стрэсу спецыялісты называюць перагрузкі на рабоце, стыль кіраўніцтва начальства, рэструктурызацыю на працы і праблемы дома. Некаторыя замежныя спецыялісты сцвярджаюць, што стрэс стаў самай распаўсюджанай прычынай, па якой людзі губляюць працаздольнасць на доўгі час. Невыпадкова высокі ўзровень стрэсу фіксаваўся ў заходніх фірмах, якія паведамлялі аб вымушаным скарачэнні штату. У выніку работнікі бралі адгулы — ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. Разам з тым, вядома, што, як правіла, стрэс нас стымулюе. Рэальныя ж праблемы развіваюцца, калі мы ўжо не можам спраўляцца са сваім станам. Гэта звычайна выражаецца ў змяненні паводзін: нам цяжка засяродзіць увагу на нечым адным, губляецца пачуццё гумару, мы хутка выходзім з сябе, пачынаем пераядаць або, наадварот, недаядаць, курым і злоўжываем алкаголем.