Мёд: выбіраем, захоўваем і гатуем

Источник материала:  
15.09.2011 11:12 — Новости Здоровья

Мёд: выбіраем, захоўваем і гатуем

Звязда
Мёд: выбіраем, захоўваем і гатуемЯк выбіраць, захоўваць і выкарыстоўваць мёд, каб усе яго гаючыя ўласцівасці пайшлі на карысць вашаму здароўю?

1. Важна выбіраць натуральны, высакаякасны мёд - толькі ён карысны для здароўя

Мёд нярэдка падрабляюць, змешваючы цукар, крухмал, муку і іншыя інгрэдыенты. А бывае, што нядобрасумленныя пчаляры ставяць перад вуллямі разведзены цукар і пчолы перапрацоўваюць яго, а не кветкавы нектар. Тады атрымліваецца мёд нізкай якасці.

Таму, купляючы мёд, варта быць напагатове. Вызначыць падробку дапаможа такі спосаб: разатрыце кропельку паміж пальцамі — натуральны прадукт убярэцца ў скуру, а самаробны скачаецца ў камячкі. А вось нізкую якасць мёду можа выявіць толькі спецыяльная лабараторыя.

2. Калі мёд зацукраваўся - гэта не азначае, што ён першапачаткова быў недабраякасны або з часам сапсаваўся 

Наадварот, з'яўленне ў мёдзе салодкіх крышталікаў сведчыць пра тое, што ў ім была нязначная частка вады і адсутнічалі староннія рэчывы. А значыць, мёд быў добры. Ды і застаецца такім. Крышталізацыя ніяк не ўплывае на карысныя ўласцівасці мёду.

А каб мёд сапраўды не сапсаваўся — не заплеснеў, не забрадзіў, — трэба сачыць, каб у яго не трапіла вільгаць. Лепш за ўсё мёд захоўваецца ў шчыльна закаркаваным шкляным або эмаляваным посудзе. Падыдуць таксама бочачкі з алешыны, таполі або ліпы.

3. Не варта класці мёд у вельмі гарачую гарбату, як гэта часта робяць пры лячэнні прастуды 

Бо нагрэты вышэй за 40°С мёд губляе вялікую частку сваіх карысных уласцівасцяў. Часткова разбураюцца вітаміны, якія змяшчаюцца ў ім, антыбактэрыяльныя рэчывы. Акрамя таго, гарачая гарбата з мёдам выклікае актыўнае потавыдзяленне і сэрцабіццё, што не вельмі добра для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

4. Мёд дапамагае нармалізаваць кіслотнасць страўнікавага соку 

Паніжаную кіслотнасць ён павышае, а павышаную — зніжае. Пры гастрытах з паніжанай кіслотнасцю мёд лепш прымаць перад ежай, развёўшы сталовую лыжку гэтага слодычу ў шклянцы халоднай вады. А пры гастрытах з павышанай кіслотнасцю мёд разводзяць цёплай вадой і ўжываюць такі раствор за паўтары-дзве гадзіны да яды.

5. Нягледзячы на сваю высокую каларыйнасць, мёд можа спрыяць пахудзенню 

Калі перад ядой выпіць паўшклянкі вады з 1 чайнай лыжкай мёду, то павысіцца ўзровень цукру ў крыві, а значыць, знізіцца апетыт. У выніку, сеўшы за стол, вы не накінецеся на ежу, як галодны звер.

6. Мёд - добрая дапамога ў лячэнні анеміі 

Але не ўсякі гатунак мёду здольны павысіць узровень гемаглабіну. Лепш за ўсё пры анеміі ўжываць цёмныя гатункі мёду. Напрыклад, грэцкі. У ім змяшчаецца ў пяць разоў больш жалеза, чым у светлых гатунках.

7. Мёд мае заспакаяльныя і снатворныя ўласцівасці 

Калі падсаладзіць мёдам шклянку цёплай вады або малака і выпіць на ноч, то сон прыйдзе хутчэй і будзе моцным. Для змагання з бяссонніцай, а заадно і для прафілактыкі прастуды добрыя хваёва-мядовыя ванны. Мяшочак з яловай ігліцай трэба апусціць у ванну і дадаць туды паўшклянкі мёду. Прымаць ванну 20 хвілін.

8. Чамусьці прынята лічыць, што мёд - не выклікае карыесу - аднак гэта не так. 

Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што мёд нават горш уплывае на зубы, чым цукар. Ён даўжэй застаецца на зубах. Так што, паласаваўшыся, хутчэй прапалашчыце рот.

9. Мёд лепш не даваць дзецям да двух гадоў 

У ім могуць быць споры бактэрый, небяспечныя для малых. Стрававальная сістэма старэйшых дзетак і дарослых здольная нейтралізаваць гэтых узбуджальнікаў хваробы. А арганізм малога яшчэ не можа абараняцца такім чынам.

10. Некаторым дарослым мёд можа не пайсці на карысць 

Тым, напрыклад, хто пакутуе на цукровы дыябет. Або алергічную рэакцыю на мёд. Яна, дарэчы, можа выяўляцца самым розным чынам — у выглядзе высыпак на скуры, якія свярбяць, ацёкаў і нават ванітаў. 
←Псіхалагічныя расстройствы штурхаюць да бездані

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика