Кітайская супрацьгрыпозная вакцына абвергла ўсе сумненні
Каля трох мільёнаў чалавек плануецца ахапіць сёлета выкцынацыяй супраць грыпу, у тым ліку 2 млн 455 тысяч чалавек — за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў і каля 568 тысяч чалавек — за кошт сродкаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўласных сродкаў грамадзян.
Бясплатна прышчэпку змогуць зрабіць асобы з высокай рызыкай развіцця ўскладненняў пасля захворвання на грып: людзі з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэм, з парушэннямі функцыі нырак, з імунадэфіцытамі, у тым ліку ВІЧ-інфіцыраваныя, дзеці, якія часта хварэюць і працягла хварэюць ва ўзросце пасля шасці месяцаў. Бясплатнай вакцынацыі супраць грыпу таксама падлягаюць людзі ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў і асобы, якія ў сілу сваёй прафесійнай дзейнасці маюць высокую рызыку захварэць на грып: медыцынскі персанал, работнікі дамоў дзіцяці, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, птушкаперапрацоўчых прадпрыемстваў, ветэрынарныя работнікі, арнітолагі і іншыя. Аптымальны тэрмін вакцынацыі — з другой паловы верасня да пачатку снежня, паколькі пад'ём захваральнасці на грып у нашай краіне часцей за ўсё прыпадае на студзень—сакавік. Для стварэння паўнавартаснай аховы пасля прышчэпкі арганізму патрабуецца ад 14 да 30 сутак, а ахоўны ўзровень антыцел захоўваецца на працягу 6-8 месяцаў, затым іх колькасць хутка зніжаецца. Менавіта па гэтай прычыне ранняя вакцынацыя не рэкамендуецца, каб узровень створанай аховы не знізіўся да пачатку эпідэміі.
Сёлета для супрацьігрыпознай вакцынацыі беларусаў будзе закуплена кітайская, расійская, французская і галандская вакцыны. Бясплатна прышчапляць будуць кітайскай вакцынай, паколькі гэта найбольш эканомны варыянт. Як сцвярджае галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, летась Беларусь упершыню закупіла кітайскую вакцыну, і тая вельмі добра сябе зарэкамендавала, хоць многія ставіліся да яе асцярожна. Пасля завяршэння вакцынацыі Міністэрства аховы здароўя запрасіла ў медустаноў інфармацыю аб тым, якая была рэакцыя ў прышчэпленых на кітайскую вакцыну, і арганізацыі далі пераважна станоўчыя водгукі: паведамілі, што пабочных рэакцый на яе ўвядзенне практычна не было. Больш за тое, супрацоўнікі МІністэрства аховы здароўя змаглі на ўласным прыкладзе пераканацца ў якасці і эфектыўнасці кітайскай вакцыны. Менавіта ёй былі прышчэплены 87 працэнтаў супрацоўнікаў міністэрства, і ніхто з прышчэпленых на грып не захварэў. А ўвогуле па краіне сярод прышчэпленых грыпам заразіліся толькі 5 працэнтаў. Аднак лічыць гэтую лічбу дакладнай усё ж такі нельга, паколькі ў большасці выпадкаў дыягназ ставіўся пацыентам клінічным шляхам, без лабараторнага пацвярджэння інфіцыравання іх вірусам грыпу. Такія паказчыкі, на думку спецыялістаў, сведчаць аб высокай эфектыўнасці вакцынацыі супраць грыпу.
Цыркуляваць у новым эпідсезоне будуць тыя ж разнавіднасці вірусаў грыпу, што і ў папярэднім. У склад вакцыны для паўночнага паўшар'я былі ўключаны ўсе гэтыя штамы, у тым ліку і пандэмічны штам вірусу грыпу, які ўжо паспеў стаць звычайным сезонным.
Надзея НІКАЛАЕВА.