Аксаміткі не ўзышлі...

Источник материала:  

Добры дзень, паважаная "Звязда"! Прабачайце, што непакою, але ж менавіта ў вас спадзяюся знайсці неабходнае мне разуменне і падтрымку, — пісала ў рэдакцыю Зінаіда Васільеўна Любецкая, в. Навасёлкі Бярэзінскага раёна. — А крыўда мая такая. У сваім райцэнтры (і не на вуліцы, не з рук — у краме) я купіла насенне кветак. Пасеяла іх і спадзявалася, што ўсё лета буду любавацца на свае клумбы. Ды дзе там! Вырасла пустазелле побач з маімі прыгожымі кветкамі. І гэта пры тым, што я столькі часу, столькі сіл патраціла, каб ускапаць зямельку, каб узрыхліць яе, каб не адзін раз прапалоць усходы. А мне ж ужо не 20 гадоў, а хутка 86. Я пенсіянерка, інвалід другой групы, раней працавала настаўніцай...

Вельмі хачу высветліць: чаму так атрымалася, хто мяне падвёў з насеннем? Можа, тады і ў іншых людзей на клумбах не вырасце пустазелле?

Ліст шаноўнай чытачкі па просьбе рэдакцыі быў разгледжаны Бярэзінскім райвыканкамам. Як паведаміў намеснік яго старшыні спадар Навіцкі, на ўсё насенне, якім гандлюе прыватнае прадпрыемства "Муррая", ёсць пасведчанні якасці, выдадзеныя спецыяльнымі лабараторыямі...

Але (даслоўна), згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2002 года "Аб абароне правоў спажыўцоў", пры продажы спажыўцу няякаснага тавару прадавец абавязаны па выбары спажыўца замяніць няякасны тавар таварам належнай якасці альбо вярнуць грошы за няякасны тавар.

У выпадку, з якім звярнулася Зінаіда Васільеўна Любецкая, былі вернуты грошы.

Канфлікт, здавалася б, вычарпаны, можна паставіць кропку, "закрыць пытанне": матэрыяльныя страты кампенсаваны... А што рабіць з маральнымі? Не малады, не здаровы чалавек капаў "зямельку" (так у лісце), для сябе і для іншых хацеў хараства...

Дык, можа, няхай яно будзе?! На тых самых клумбах!..

Аматары кветак, наколькі вядома, — людзі добрыя, шчодрыя. І цяпер якраз збіраюць насенне. То, магчыма, зробяць богаўгодную справу — падзеляцца з шаноўнай чытачкай?

А налета, калі будзе магчымасць, нехта з нашых фотакарэспандэнтаў дапаможа прапалоць, палюбавацца. І, магчыма, усім паказаць, што Ў НАС вырасла.

←Если бы от кори не прививали, от нее бы по-прежнему умирали

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика