Страваванне: 6 сяброў і 6 ворагаў

Источник материала:  

Страваванне — адзін з жыццёва важных працэсаў для ўсіх жывых істот. Страваванне складаецца з некалькіх этапаў: паступленне ежы; хімічныя змены, якія адбываюцца з харчовымі прадуктамі пад уплывам стрававальных сокаў; усмоктванне і засвойванне атрыманых пажыўных рэчываў; выдаленне прадуктаў распаду з арганізма. Збой на любой стадыі прыводзіць да праблем і хвароб. Што ж садзейнічае страваванню?

СЯБРЫ

Прагулкі

Свежае паветра павышае апетыт, а лёгкая фізічная нагрузка стымулюе перыстальтыку кішэчніка. Менавіта таму варта гуляць як мага часцей. няхай гэта нават будзе шлях з працы не на аўтобусе, а пару прыпынкаў пешшу. Ваш кішэчнік абавязкова скажа "дзякуй"!

Клятчатка

Клятчатка — сябар жывоціка! Для ўсіх людзей гародніна і садавіна, багатыя на гэтую самую клятчатку, надзвычай карысныя. Яны не толькі паляпшаюць перыстальтыку кішэчніка і адпаведна страваванне, але і з'яўляюцца своеасаблівымі шчоткамі, якія ачышчаюць кішэчнік ад "залежаў" неператраўленай ежы і розных шлакаў.

Прабіётыкі

Гэта жывыя мікраарганізмы: малочнакіслыя бактэрыя, часцей біфіда- або лактабактэрыі, часам дрожджы, якія адносяцца да нармальных "насельнікаў" кішэчнага тракту здаровага чалавека. Гэтыя мікраарганізмы паляпшаюць страваванне і агульны стан страўнікава-кішачнага тракту, але гэта не ўсё. Яны ўмацоўваюць імунітэт, удзельнічаюць у сінтэзе амінакіслот, вітамінаў групы В, К, нікацінавай кіслаты, зніжаюць узровень гістаміну — асноўнага віноўніка алергічных захворванняў.

Прэпараты-прабіётыкі шырока выкарыстоўваюцца ў якасці пажыўных дабавак, а таксама ў ёгуртах і іншых малочных прадуктах.

Свежапрыгатаваныя стравы

Пажадана гатаваць ежу непасрэдна перад яе ўжываннем. Ежа, прыгатаваная задоўга да яды, спрыяе развіццю працэсаў гніення і браджэння ў стрававальным тракце.

Дарэчы, для паўнацэннага засваення пажыўных рэчываў неабходна, каб ежа мела прывабны выгляд, прыемны пах і смак. Такая ежа выклікае апетыт і садзейнічае ўзмоцненаму выдзяленню стрававальных сокаў.

Харчовы рэжым

Гэта рэгулярнае харчаванне, кожны дзень прыкладна ў адзін і той жа час. Харчуючыся 5 разоў на дзень невялікімі порцыямі, вы не нагружаеце свой страўнікава-кішачны тракт, дазваляючы яму своечасова і без цяжкасцяў усё ператраўліваць.

Стараннае перажоўванне

Ежа, механічна апрацаваная ў выніку перажоўвання, адразу падвяргаецца дзеянню стрававальных сокаў, а ежа, праглынутая кавалкамі, патрабуе значна большага часу для засваення. Акрамя таго, праглынанне ежы без стараннага перажоўвання вядзе да пераядання.

ВОРАГІ

Стрэсы

Адна з галоўных прычын узнікнення язвы — стрэс. Часцей за ўсё на язву хварэюць людзі, чые прафесіі звязаны з рызыкай для жыцця, нервовым і фізічным перанапружаннем, а таксама тыя, хто вымушаны працаваць у начны час або па сутачных графіках.

Ласункі і халодныя напоі

Залішняя колькасць цукру выклікае працэсы браджэння ў кішэчніку, што ў значнай ступені парушае яго работу. Завядзіце правіла: цукеркі і пірожныя ва ўмеранай колькасці толькі на дэсерт, пасля супу або агародніннай салаты.

Калі падчас яды вы п'яце занадта шмат (асабліва, калі гэта халодныя напоі), адбываецца разбаўленне рэчываў (салянай кіслаты, стрававальных ферментаў, жоўці), адказных за працэс стрававання. Гэта замаруджвае ператраўліванне ежы.

Запоры

Запоры — гэта, па сутнасці, заслоны, якія, безумоўна ж, перашкаджаюць нармальнаму страваванню. Ды яшчэ і прыводзяць да зваротнага ўсмоктвання таксінаў у кроў чалавека. Менавіта таму з запорамі трэба змагацца, а яшчэ лепш — папярэджваць іх, ужываючы дастатковую колькасць вады, агародніны і садавіны.

Дысбактэрыёз

Нармальная мікрафлора кішэчніка неабходная не толькі для падтрымання высокага імунітэту і засцярогі чалавека ад захворванняў, але і для ператраўлівання ежы. Пры развіцці дысбактэрыёзу парушаецца стул, а пажыўныя рэчывы не паспяваюць усмоктвацца.

Гіпадынамія

Адна з умоў добрага стрававання — адэкватная перыстальтыка кішэчніка. Менавіта яна забяспечвае прасоўванне ежы па ўсім стрававальным тракце і перашкаджае развіццю запораў. Калі перыстальтыка вялая, то і страваванне парушана. Часцей за ўсё запаволенне перыстальтыкі назіраецца ў людзей, якія вядуць маларухомы лад жыцця. Арганізм у стане спакою не схільны турбавацца. Адпачываюць кіруемыя намі мышцы — і ўнутраныя таксама бяруць "перакур". Кожны, хто даглядаў ляжачага хворага, пацвердзіць: стул даецца ім з неймавернай цяжкасцю. А пакуль мы з вамі яшчэ ў стане рухацца, трэба паспрабаваць забяспечыць арганізм аптымальнай нагрузкай.

Шкодныя звычкі

Алкаголь. Пры прыёме яго ўнутр пакутуе перш за ўсё страўнік. Пад уплывам алкаголю адбываюцца глыбокія змены ва ўсім залозістым апараце стрававальнага канала. Залозы, размешчаныя ў сценцы страўніка, выпрацоўваюць страўнікавы сок, які змяшчае пепсін, саляную кіслату і розныя энзімы, неабходныя для ператраўлівання ежы. Пад уплывам раздражнення яны спачатку выдзяляюць шмат слізі, а затым атрафіруюцца. Страваванне становіцца непаўнацэнным, ежа застойваецца або, неператраўленая, паступае ў кішэчнік. Узнікае гастрыт, які, калі не ліквідаваць яго прычыну і не лячыць яго, можа перайсці ў рак страўніка.

Нікацін. Навуковыя даследаванні паказваюць, што ў першыя гады курэння (прыкладна да 6 гадоў) звычайна назіраецца ўзмацненне маторнай і сакраторнай функцыі страўніка, павышанае выдзяленне салянай кіслаты, што садзейнічае ўзнікненню або абвастрэнню язвавай хваробы. У курцоў са стажам больш за 6 гадоў часта назіраецца ўжо прыгнятанне сакрэцыі і маторнай актыўнасці страўніка, што суправаджаецца атрафічнымі зменамі яго слізістай. Варта падкрэсліць, што ўсе названыя змяненні ў страўніку хутчэй і мацней праяўляюцца пры курэнні нашча або ў начны час.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←Прививаться от ветрянки дорого, но дело того стоит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика