Яблык у дзень — і доктар не патрэбны
Яблык у дзень — і доктар не патрэбны
Яблыкі — прыродная крыніца пекціну, які ў стрававальным тракце не ператраўліваецца, затое з'яўляецца своеасаблівай "мяцёлкай" для арганізма. Набрыньваючы ў кішэчніку, пекцін адсарбуе шкодныя прадукты абмену, а таксама цяжкія металы, радыенукліды, таксіны. Менавіта таму дзёртыя яблыкі лічацца старым і выпрабаваным хатнім сродкам пры паносах.
Дыета, абагачаная пекцінам, садзейнічае зніжэнню "дрэннага" халестэрыну, а як вынік — змяншаецца рызыка развіцця атэрасклерозу. Пекцін выводзіць з арганізма недаакісленыя прадукты абмену, якія з'яўляюцца агрэсіўнымі фактарамі ў развіцці анкалагічных і аўтаімунных захворванняў. Для інтэнсіўнай ачысткі арганізма, а таксама пры ацёках сардэчнага і нырачнага паходжання карысна рабіць адзін раз на тыдзень разгрузачны дзень, на працягу якога трэба з'ядаць 1,5—2 кг сырых або печаных яблыкаў і выпіваць 4 шклянкі несалодкай гарбаты. Такая разгрузка таксама дазваляе пазбавіцца ад 0,5 да 1 кг вагі, паколькі яблыкі — нізкакаларыйны прадукт (усяго 50 ккал у 100 г).
Яшчэ адзін цікавы факт: той, хто рэгулярна з'ядае яблык перад ядой, аўтаматычна стымулюе работу кішэчніка і пазбаўляецца ад запораў.
Яблыкі надзвычай багатыя на арганічныя кіслоты, перш за ўсё яблычную, лімонную і вінную, якія ў комплексе з пекцінам і дубільнымі рэчывамі садзейнічаюць аздараўленню кішэчнай мікрафлоры, змяншаюць гніласныя і брадзільныя працэсы ў кішэчніку. А падтрыманне нармальнага мікрабіялагічнага фону кішэчніка забяспечвае надзейную імунную абарону арганізма.
Пры ўжыванні яблыкаў з лекава-прафілактычнай мэтай варта мець на ўвазе, што падбіраць гатункі яблыкаў неабходна ў залежнасці ад паказанняў. Пры дыскінезіі жоўцевых шляхоў, гастрыце з паніжанай кіслотнасцю страўнікавага соку рэкамендуюць свежыя кісла-салодкія яблыкі. Пры вострых і хранічных калітах прызначаюць працёртыя салодкія яблыкі. (Дарэчы, яблычную кашку варта з'ядаць адразу, паколькі яна хутка кісне і цямнее.) А вось тым, хто пакутуе на гастрыт з павышанай кіслотнасцю і язву страўніка, з кіслымі яблыкамі трэба быць асцярожнымі. Праўда, язвеннікам можна есці запечаныя яблыкі.
У яблыках прысутнічаюць амаль усе водарастваральныя вітаміны, найбольш значныя ў колькасных адносінах — вітаміны С, В 6, В 9, Р, карацін. У іх таксама прадстаўлены шырокі спектр мінералаў і мікраэлементаў, у якім дамінуе калій. З вугляводаў у яблыках пераважае фруктоза, таму яны не супрацьпаказаны нават пры цукровым дыябеце. Такім чынам, яблыкі садзейнічаюць захаванню добрай формы, прадухіляюць развіццё многіх хвароб. Нездарма ў англічан існуе прыказка: "Яблык у дзень — і доктар не спатрэбіцца".
Якія яблыкі больш карысныя?
Адказ на гэтае пытанне абсалютна адназначны: безумоўна, тыя, якія растуць на вашым дачным участку. І вядома ж, чым даўжэй яблыкі захоўваюцца, тым менш у іх застаецца карысных рэчываў. А таму прыгожыя, глянцавыя яблыкі, якія можна набыць вясной у любым супермаркеце, не маюць да вітамінаў ніякага дачынення. Але калі вясной у вас, хутчэй за ўсё, проста не будзе выбару, паколькі іншых яблыкаў вы проста не знойдзеце, то купляць бліскучыя заморскія плады цяпер — мякка кажучы, неразумна.
Прычын, чаму варта аддаць перавагу, напрыклад, роднай антонаўцы, а не якому-небудзь заморскаму гатунку, некалькі.
Па-першае, імпартныя яблыкі для далёкай транспарціроўкі звычайна пакрываюць слоем шкоднага для нашага здароўя воску, які цалкам не адмываецца нават шчоткай і гарачай вадой.
Па-другое, па сваім складзе паўднёвыя гатункі моцна саступаюць тым, што выраслі ў сярэдняй паласе. У іх значна менш вітамінаў (асабліва вітаміну С), карысных арганічных кіслот, мінералаў і ферментаў. Часткова гэта тлумачыцца кліматычнымі ўмовамі і гатунковымі адрозненнямі, а часткова — тым, што паўднёвыя яблыкі звычайна зрываюць недаспелымі, каб яны лепш перанеслі транспарціроўку і даспелі ўжо ў дарозе. Аднак многія карысныя рэчывы здольныя ўтварацца толькі ў тых пладах, якія выспелі на дрэве. Дарэчы, цукру ў паўднёвых гатунках яблыкаў значна больш, чым у нашых, — а гэта для арганізма не вельмі карысна.
Акрамя таго, вучоныя лічаць, што ў чалавека на генетычным узроўні закладзена перавага менавіта мясцовай садавіны, а таму на ўсялякую заморскую (нават калі гэта і яблыкі) арганізм можа адрэагаваць неадэкватна, напрыклад, узнікненнем алергіі.
Як захоўваць?
- Трымайце яблыкі ў цёмным халаднаватым месцы або ў халадзільніку. Выкідвайце ўсе пашкоджаныя плады, бо яны сапсуюць усе астатнія.
- Нарэзаныя яблыкі хутка акісляюцца і становяцца карычневымі, таму не падрыхтоўвайце іх загадзя. Каб запаволіць гэты працэс, пакладзіце яблыкі ў міску з халоднай вадой, у якой разведзены лімонны сок. Але не захоўвайце яблыкі ў такім выглядзе доўга, бо вада паўплывае на смак і водар пладоў.
Яблычная пекцінавая нарыхтоўка
Каб гаючы пекцін быў заўсёды пад рукой, зрабіце ў сезон яблычнага багацця нарыхтоўку. Для яе падыдуць не толькі цэлыя яблыкі, але і жамерыны пасля выціскання соку, і лупіна, і асяродак. Можна выкарыстоўваць любыя яблыкі — і кіслыя недаспелыя і нават апады нізкіх гатункаў.
Інгрэдыенты:
1 кг яблыкаў, 1 л вады на 1 кг цэлых яблыкаў або 1,5—2 літры на 1 кг жамерын, сок невялікага лімона (замест соку можна ўзяць 2 г лімоннай кіслаты).
Прыгатаванне: яблыкі здрабніць, пакласці ў каструлю, заліць вадой, дадаць сок лімона і варыць на слабым агні 40—50 хвілін (лупіну і жамерыны — 60—70 хвілін). Адцадзіць сок праз палатняную тканіну і ўварваць да 1/4 аб'ёму. Для гэтага сок выліць у пасудзіну з шырокім дном слоем не больш як 3 см і падагрэць, не дапускаючы кіпення. Затым разліць у гарачыя бутэлькі або слоікі і пастэрызаваць пры 90°С каля 10 хвілін. Адразу ж адцадзіць.