Кавун — гэта не толькі салодкая вадзічка...
Кавун — гэта не толькі салодкая вадзічка...
Мякаць кавуна змяшчае добра засваяльныя натуральныя цукры, большую частку якіх складаюць фруктоза і глюкоза, меншую — цукроза. Таксама ў кавуне прысутнічаюць вітаміны B 1, B 2, С, РР, фоліевая кіслата, карацін, пекцін, клятчатка і мікраэлементы: калій, магній, жалеза, натрый, кальцый, фосфар і інш. Такі багаты набор пажыўных рэчываў дабратворна ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, залозы ўнутранай сакрэцыі, спрыяе павышэнню актыўнасці карыснай кішэчнай мікрафлоры.
Кавун здаўна шырока ўжывалі ў народнай медыцыне як мачагоннае пры ацёках нырачнага і сардэчна-сасудзістага паходжання. У цяперашні час кавуны рэкамендуюцца пры такіх уралагічных захворваннях, як цыстыт, нефрыт, піеланефрыт. Вельмі важна, што клятчатка кавуноў змяшчае калій, які падчас прыёму іншых мачагонных лекаў вымываецца з арганізма.
Кавун таксама рэкамендуецца ўключаць у дыету (да 2—2,5 кг свежай мякаці) пры хваробах печані і жоўцевага пузыра, запорах, падагры, артрытах, атэрасклерозе, гіпертаніі, каранарнай недастатковасці. Ён эфектыўны і ў тых выпадках, калі чалавек падвяргаецца вытворчым або бытавым (напрыклад, алкагольнай) інтаксікацыям. Паколькі кавун багаты на жалеза, ён дапамагае пры анеміі. Вялікая колькасць далікатнай клятчаткі дабратворна адбіваецца на страваванні, спрыяе ўзмацненню перыстальтыкі кішэчніка, паскарае вывядзенне халестэрыну.
Пры цукровым дыябеце можна ўжываць кавун, але ў невялікай колькасці. Гэта тлумачыцца тым, што ў спелым кавуне шмат фруктозы, якая лёгка засвойваецца і, у адрозненне ад цукрозы, не выклікае нагрузкі на падстраўнікавую залозу. Але дыябетыкам варта быць вельмі асцярожнымі з салодкімі кавунамі.
Супрацьпаказаны кавун у вялікай колькасці пры метэарызме, паколькі садзейнічае ўтварэнню газаў у тоўстай кішцы.
Дарэчы, кавуном лепш не вячэраць, а то прачняцеся з "мяшкамі" пад вачыма. Асабліва гэта датычыцца тых, хто схільны да ацёкаў.
Для агульнага ачышчэння арганізма пры адсутнасці супрацьпаказанняў прымяняецца так званае "кавуновае галаданне", калі на працягу 3—4 дзён у ежу ўжываюцца толькі кавуны і чорны хлеб. Інтэнсіўнае выдзяленне мачы падчас гэтай працэдуры прамывае ныркі і мочавыводныя шляхі, выносячы за кошт высокай дынамікі працэсу пясчынкі пяску і дробныя камяні.
"Кавуновае галаданне" прымяняюць таксама ў спалучэнні з прыкладаннем мякаці да пашкоджаных месцаў пры псарыязе і экзэме. Для догляду скуры і яе амаладжэння выкарыстоўваюць маскі з кавуновай мякаці або кавуновага соку — ім прамакаюць складзеную ў некалькі пластоў марлю, якую затым накладваюць на твар і шыю. Праз 20 хвілін марлевую сурвэтку здымаюць, скуру апалоскваюць, наносяць крэм.
У той жа час салодкі плод можа ўтойваць у сабе немалую небяспеку. Справа ў тым, што для кавуна характэрная здольнасць назапашваць у мякаці разнастайныя хімічныя злучэнні (нітраты, фосфар, хлор), якія з'яўляюцца па сваёй прыродзе таксічнымі. У кавуне яны могуць канцэнтравацца ў выглядзе ўшчыльненых камякоў, якія дасягаюць памеру 2—2,5 см. Іх лёгка пазнаць па жоўтым колеры на фоне спелай чырвонай мякаці. Можна, вядома, выразаць нажом змененыя ўчасткі клятчаткі, а астатні кавун з'есці. Але ці варта рызыкаваць здароўем?
Пры пакупцы кавуна абавязкова звяртайце ўвагу на яго вонкавы выгляд. Як правіла, кавуны, якія ўвабралі ў сябе "хімію", не вытрымліваюць доўгага захоўвання, і з цягам часу на лупіне пачынаюць з'яўляцца круглявыя размякчаныя ўчасткі больш цёмнага колеру. У суседстве з імі мякаць страчвае свае смакавыя якасці і становіцца непрыдатнай да ўжывання. Прычым чым большага памеру кавуны, чым раней яны паспелі, тым вышэйшая верагоднасць назапашвання ў іх непажаданых злучэнняў.
Медыкі таксама не раяць купляць разрэзаныя кавуны, паколькі тут гаворка ідзе ўжо не пра наяўнасці хімічных рэчываў, а пра магчымую рызыку інфіцыявання, асабліва ва ўмовах высокай тэмпературы, не гаворачы ўжо пра мыццё рук прадаўцамі. Таксама не рэкамендуецца набываць кавуны і дыні, якія прадаюцца ўздоўж аўтамабільных трас (сарваны плод "дыхае", ён лёгка ўсмоктвае таксіны з паветра). А каб не стаць ахвярай дыярэі, мыйце кавуны з гаспадарчым мылам у гарачай вадзе. Пасля гэтага апалосквайце праточнай вадой. Бактэрыі не трапяць у мякаць з бруднай лупіны.
Правілы кавуновага "палявання"
Каб застрахавацца ад пакупкі няспелага кавуна, вывучым правілы выбару "чырвонага ката ў паласатым мяшку":
1. Патрымаць у руках максімальную колькасць кавуноў. З двух аднолькавых па памеры спялейшым будзе той, які лягчэйшы!
2. Разгледзець афарбоўку: чым большы кантраст паміж палосамі, тым лепш. А пляма на баку павінна быць не белай, а жоўтай або цёмна-аранжавай.
3. Праверыць хвосцік: ён павінен быць жаўтаватым і падсушаным, але толькі не засохлым цалкам, паколькі гэта першая прыкмета доўгага захоўвання.
4. Паспрабаваць праткнуць лупіну пазногцем — у спелы кавун пазногаць не ўваходзіць.
5. А вось стукаць па кавуне і сціскаць яго, каб пачуць трэск, на думку знаўцаў, бессэнсоўна. Больш дакладны "рэзанансны" тэст: кладзяце кавун на левую далонь, правай папляскваеце яго зверху ўніз і назад. Плескачы павінны аддавацца ў левай руцэ — рэзаніраваць. Дарэчы, такая прыдзірлівасць будзе карыснай і для фігуры: уявіце, колькі кавуноў вам давядзецца перакласці з месца на месца ў пошуках самага спелага!