На рукі даецца выпіска, а не "дзённік" урача

Источник материала:  

"У маі запісаўся на прыём да кардыёлага Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра рэабілітацыі і бальнеалячэння на платнай аснове. Перад ад'ездам зайшоў у Івянецкую паліклініку, каб узяць з сабой картку, — можа, спатрэбіцца?.. Аднак у паліклініцы мне сказалі, што картку даць на рукі не могуць, ім гэта забаронена. Картка вельмі б спатрэбілася ўрачу, ён мог бы параўнаць вынікі электракардыяграмы... Грошы заплачаны, а належнага задавальнення я не атрымаў... Няўжо картка з'яўляецца такім сакрэтным дакументам, што яе нельга даваць на рукі?

З павагай, Рычард Макрыцкі, г/п Івянец Валожынскага раёна".

Начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван РЫЖКО:

— Амбулаторныя карткі, як і карткі стацыянарнага хворага, з'яўляюцца ўласнасцю арганізацыі аховы здароўя, формай статыстычнай справаздачы, якая запаўняецца ўрачамі, медыцынскімі работнікамі з прымяненнем медыцынскіх тэрмінаў, абазначэнняў, скарачэнняў і г.д. Згодна з законам, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, незалежна ад формаў уласнасці, абавязаны вытрымліваць нормы і патрабаванні, якія прад'яўляюцца да парадку работы з дакументамі, па іх апрацоўцы, руху і захаванні. Амбулаторныя карткі, як і карткі стацыянарнага хворага, захоўваюцца ў арганізацыі аховы здароўя, маюць пэўныя тэрміны захоўвання і выдачы на рукі пацыентам не падлягаюць.

Паводле Закона "Аб ахове здароўя", для інфармавання пацыентаў аб стане іх здароўя ўрач даступнай мовай дае неабходную інфармацыю пацыенту аб стане яго здароўя, выніках лабараторных і іншых даследаванняў у форме, адпаведнай медыцынскай этыцы і даступнай для разумення асобы, якая не валодае спецыяльнымі ведамі ў галіне аховы здароўя. Пры неабходнасці пацыенту выдаецца выпіска з яго амбулаторнай карткі, завераная пячаткай і подпісам кіраўніка арганізацыі аховы здароўя.

Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі аб арганізацыі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам па-за месцам іх жыхарства (месца знаходжання), пацыент можа звярнуцца ў дзяржаўную амбулаторна-поліклінічную арганізацыю аховы здароўя для атрымання меддапамогі і напісаць на імя галоўнага ўрача дзяржаўнай амбулаторна-поліклінічнай арганізацыі аховы здароўя заяву аб часовым замацаванні да гэтай арганізацыі. Ва ўстаноўленым парадку па запыце арганізацыі аховы здароўя, дзе пацыенту па-за месцам жыхарства будзе аказвацца меддапамога, амбулаторная карта пацыента перадаецца ў гэтую арганізацыю аховы здароўя.

Кажучы простай мовай, медыцынская картка — не сакрэтны дакумент, а дзённік урача. І пішацца гэты дзённік не для пацыента. Пацыенту ж дастаткова ведаць толькі тую інфармацыю, якую ўрач паведамляе на словах, у вуснай форме. Пры гэтым ніхто не забараняе пацыенту задаваць урачу пытанні, калі нешта засталося незразумелым. Што да вашага канкрэтнага пытання, то на самай справе трэба было прасіць не картку, а выпіску адтуль, завераную кіраўніком паліклінікі. Інфармацыі, якую будзе змяшчаць выпіска, цалкам дастаткова для спецыяліста, да якога вы патрапіце на прыём упершыню.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Пациенты молодых врачей реже умирают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика