Еўропа не спяшаецца зацяжарваць. Беларусь крочыць тым жа шляхам?
Святлана БАРЫСЕНКА
Людзі жывуць усё даўжэй і маюць усё менш дзяцей. Самым яскравым прыкладам у гэтым сэнсе з'яўляецца ўсходняя краіна — Японія. Аднак і на захадзе тэндэнцыя таксама ўсё больш яскрава прасочваецца. Гэта ні добра, ні катастрафічна — проста тэндэнцыя нашых дзён. Пра крызіс дзетанараджэння ў Еўропе пісалі яшчэ сто гадоў таму, аднак апошняя не вымерла. Праўда, дзякуючы не дзецям, а за кошт актыўнай міграцыі насельніцтва з менш уладкаваных, у тым ліку былых савецкіх краін. Сур'ёзная міграцыя Беларусі пакуль не пагражае, а вось зніжэнне дзетанараджэння, безумоўна, "працвітае". Што ж адбываецца? Няўжо каштоўнасць дзяцей адступіла для сучаснай моладзі на самы дальні план, або, наадварот, дзеці сталі такімі "каштоўнымі", што іх проста немагчыма сабе дазволіць? Праўда дзесьці пасярэдзіне.
Зараз у нашай краіне ідзе ацэнка эканамічнай эфектыўнасці ўсёй сістэмы сацыяльных дапамог, у тым ліку "дзіцячых" — усё ж такі трэба дакладна вызначыцца, наколькі эфектыўныя прапанаваныя сацыяльныя меры ў справе ўмацавання сям'і, павелічэння нараджальнасці і г.д. Пэўныя меркаванні па гэтай тэме, безумоўна, ужо ёсць. Вядома, напрыклад, цікавая лічба: прырост народжаных у 1981-83 гадах на 53 працэнты быў абумоўлены дзеяннем мер сацыяльнай палітыкі. Менавіта ў той час была павялічана аднаразовая дапамога на нараджэнне дзіцяці, падоўжаны часткова аплачваемы адпачынак па доглядзе за дзіцем, з'явіліся дадатковы адпачынак без захавання заработнай платы, бясплатнае дзіцячае харчаванне для дзяцей да 2 гадоў, ільготы на атрыманне жылля і доступ да дэфіцытных тавараў дзіцячага асартыменту для шматдзетных сем'яў. Гэтыя меры спрыялі таму, што на нараджэнне дзяцей адважыліся тыя, хто пакуль адкладваў. Так, калі сярод 20-24 гадовых нараджальнасць вырасла ў вышэйназваны час на 4 працэнты, то сярод 25-29 гадовых — на 10, а сярод 35-39 гадовых — на 12. Аднак рост нараджальнасці на пачатку 80-х быў абумоўлены і дэмаграфічным фактарам: у дзетародны перыяд уступілі шматколькасныя народжаныя напрыканцы 50-х...
Безумоўна, адна справа — нараджэнне першынца, і іншая — наступных дзяцей. На нараджэнне першых дзяцей уплывае, галоўным чынам, псіхалагічны аспект, рэалізацыя сябе ў дзецях. А вось нараджэнне другога павінны суправаджаць стабільны даход, наяўнасць жылля або даступнасць крэдытаў на яго будаўніцтва ці набыццё. На першае месца выходзіць менавіта сацыяльная палітыка. У нашай краіне апошняй надаецца надзвычайная ўвага, і пытанне ўвязкі памеру па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў з сярэдняй заработнай платай усё яшчэ не здымаецца з павесткі дня. Вядзецца і размова аб тым, каб прывязаць рост аднаразовай дапамогі, іншых сацыяльных ільгот да нараджэння менавіта другога дзіцяці.Аднак што ёсць сёння беларуская сям'я? Як правіла, гэта мама, тата і адзін "Я". Ствараецца айчынная сям'я ў больш позні час, чым, скажам, у 70-я — дзесьці пасля 24 гадоў. Прыкладна кожная другая распадаецца (напрыканцы 90-х распадалася да 70 працэнтаў шлюбаў!). Сур'ёзнае распаўсюджванне атрымалі так званыя грамадзянскія саюзы. Даволі значная колькасць дзяцей — 22 працэнты — нараджаецца па-за зарэгістраванымі адносінамі. Прычым гэта адбываецца як сярод маладых жанчын ва ўзросце да 25 гадоў (недастаткова інфармаваных аб кантрацэпцыі), так і сярод 35-39 гадовых, якім проста не трапіўся "дастойны партнёр". Нарэшце, ёсць у нас і "цяжкая" праслойка сем'яў. Не ўсе шматдзетныя сем'і — неўладкаваныя, аднак сярод неўладкаваных досыць многа шматдзетных. Праблема ў тым, што нараджэнне дзяцей у такіх выпадках становіцца спосабам атрымаць дзіцячыя грошы. Гэта для ўладкаваных бацькоў размова ідзе пра "сціплыя" сумы, а для бацькоў неўладкаваных, якія не маюць, бадай, ніякай адукацыі-кваліфікацыі, гэта акурат тая сума, якую яны маглі б зарабіць.
28-гадовая мінчанка Таццяна К. замужам, будуе кватэру. І нараджэнне дзіцяці пакуль у яе планы не ўваходзіць: "Напэўна, я збіраюся калі-небудзь нарадзіць... Аднак пакуль плачу крэдыт, а значыць, шмат працую... Нам з мужам важна, каб мы самі маглі забяспечыць усім неабходным сваё дзіця. Безумоўна, было б добра, калі б сацыяльныя выплаты на дзяцей былі вялікімі і давалі магчымасць "бяскроўна" адарвацца ад работы. Аднак пакуль апошняе, аб чым я буду думаць падчас планавання цяжарнасці, дык гэта пра памер дапамог на дзіця. Пакуль ён не такі як заробак, для мяне гэты момант будзе непрынцыповым". Па сутнасці, цалкам еўрапейскі падыход.
Паводле слоў кіруючага рэдактара Венскага штогодніка навуковых даследаванняў у галіне народанасельніцтва (Венскі інстытут дэмаграфіі Аўстрыйскай акадэміі навук) Томаша САБОТКІ, трансфармацыя сям'і і пладавітасці звязана не толькі з эканамічным статусам насельніцтва, але і з новымі культурнымі каштоўнасцямі. Паводле яго слоў, еўрапейскія сацыёлагі бачаць тут некалькі важных момантаў. Па-першае, за сто апошніх гадоў у людзей змянілася матывацыя да таго, каб мець дзяцей, у нейкай ступені гэта стала часткай самарэалізацыі. Па-другое, нарадзілася "рэфлексіўнае партнёрства", калі двое збіраюцца не столькі для таго, каб "абрастаць" дзецьмі, колькі для дасягнення нейкіх новых вышынь. Адначасова цалкам даступнымі з'яўляюцца аборт і, што больш прынцыпова, — кантрацэпцыя. Іншымі словамі, шлюб, сэксуальнае жыццё і дзеці "разышліся" па розных групах. Нарэшце, жанчыны ўсё больш актыўна пачалі павышаць узровень сваёй адукацыі, уключацца ў працоўны працэс.
Цяпер скасаванне шлюбу лічыцца лепшым, чым "дрэнны шлюб". Сужыцельства без шлюбу — нармальная справа, а нараджэнне дзяцей магчымае і па-за зарэгістраванымі адносінамі. Вялікае распаўсюджванне атрымала практыка адзіночнага пражывання або пражывання асобна ад партнёра. Нормай лічыцца і з'яўленне дзіцяці на больш познім этапе жыцця. У некаторых рэгіёнах Еўропы грамадства прымае добраахвотнае адмаўленне ад нараджэння дзяцей і талерантна ставіцца да гомасэксуальных пар.
— Практыка паказвае, што па-за шлюбам жывуць, як правіла, менш адукаваныя людзі, — удакладняе Томаш Саботка. — Разам з тым, зараз, у прынцыпе, прымальным лічыцца сумеснае, на працягу 3-4 гадоў пражыванне да шлюбу... З пачатку 90-х да пачатку 2000-х істотна вырасла колькасць людзей, прычым ва ўсіх узроставых катэгорыях, якія не лічаць, што жанчыне для самарэалізацыі абавязкова патрэбны дзеці... Усё гэта, праўда, не азначае, што сям'я сутыкнулася з крызісам і "хутка зжыве сябе". Апытанні паказваюць, што большасць маладых еўрапейцаў цэніць шлюб і плануе абзавесціся сям'ёй. Іншая справа, цяпер гэта робяць у больш познім узросце, што абумоўлена хоць бы тым, што многія працягваюць навучанне да 26-27 гадоў. Да моманту планавання нараджэння першага дзіцяці маладыя еўрапейцы хочуць мець жыллё, стабільны даход і стабільнае партнёрства. Вядома таксама, што чым пазней жанчына адважваецца на нараджэнне першынца, тым меншымі будуць яе страты ў кар'ерным росце і даходах. Па гэтай прычыне першае дзіця ў большасці еўрапейскіх краін нараджаюць пасля 29 гадоў...
Дэмографы сцвярджаюць, што ў справе "завядзення" дзіцяці на першы план выходзяць тры рэчы: час, грошы і інфраструктура (яслі, дзіцячыя садкі). У розных краінах існуюць розныя палітычныя курсы, скіраваныя на стварэнне ўмоў для нараджэння дзяцей. Праўда, большасць гэтых мер рэалізуецца без атрымання нейкага запланаванага эфекту ў галіне нараджальнасці. Тым не менш, рашэнні, здольныя аказаць хоць бы нейкі ўплыў на нараджальнасць, існуюць: напрыклад, кошт і якасць адукацыі для дзіцяці, даступнасць паслуг штучнага апладнення для бясплодных пар, пэўная палітыка занятасці, ільготы для адзінокіх бацькоў, сістэма сэксуальнай адукацыі. У галіне дэмаграфіі розныя краіны прыбягаюць да розных метадаў. У ЗША і Вялікабрытаніі ўвага наогул надаецца толькі самым уразлівым катэгорыям — праводзіцца палітыка зніжэння беднасці сярод самых бедных. А вось у Швецыі любы з бацькоў, які даглядае дзіця, атрымлівае 80 працэнтаў заробку да 2,5-гадовага ўзросту дзіцяці. Плюс вельмі добрая інфраструктура — яслі-садкі — стымулююць як мага больш ранні выхад бацькоў на работу.
У той жа Францыі, Швецыі дзяржаўныя выдаткі на сямейную дапамогу складаюць ад 3 да 3,5 працэнта ВУП. У ЗША — толькі 1 працэнт. А каэфіцыент нараджальнасці і там, і там — досыць высокі. У Беларусі на такія патрэбы выдаткоўваецца 3 працэнты ВУП (хоць, зразумела, гэта не тыя ж 3 працэнты, што ў Швецыі), і каэфіцыент нараджальнасці ў нас усё яшчэ вельмі нізкі.
З навуковага пункту гледжання, не існуе дакладных, даказаных мер, якія маглі б сапраўды быць эфектыўнымі ў справе "стымулявання" да дзетанараджэння. Усё ж такі гэта сфера індывідуальных правоў і свабоды выбару...
У 2010 годзе колькасць народжаных у нашай краіне дзяцей у параўнанні з 2009 годам скарацілася на 1140. Нараджальнасць зноў пачала зніжацца па прычыне малаколькасных пакаленняў 80-х і 90-х. Працяглае і інтэнсіўнае зніжэнне нараджальнасці ў 90-я гады абяцае зніжэнне нараджальнасці і ў бліжэйшыя дваццаць гадоў.
— Інтэнсіўнасць зніжэння нараджальнасці ў Беларусі будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца захаваць меры сацыяльнай палітыкі ад абясцэньвання пад уплывам сусветнага фінансава-экаканамічнага крызісу, — мяркуе дырэктар Навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Святлана ШАЎЧЭНКА. — Ад эфектыўнасці мер Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі будзе залежаць глыбіня зніжэння нараджальнасці ў бліжэйшыя дваццаць гадоў. Паводле прагнозаў, колькасць насельніцтва Беларусі можа скласці ў 2030 годзе менш за 9 млн чалавек.