5 памылак пры лячэнні акне

Источник материала:  

Лячэнне акне — вугрыстага сыпу — залежыць ад цяжару і спецыфікі захворвання. Спосабаў барацьбы з ім мноства, ды і вырашыць самую праблему высыпак хочацца як мага хутчэй. Таму вельмі часта падчас лячэння вугроў людзі дапускаюць памылкі, і вось якія.

Акне — запаленчае захворванне скуры. Для яго характэрныя закупорка пратокаў тлушчавых залоз з наступным запаленнем. Прычын узнікнення вугрыстай хваробы некалькі: гіпертрафія тлушчавых залоз, гіперфункцыя і змена складу скурнага сала, фалікулярны гіперкератоз, дысбаланс вегетатыўнай і цэнтральнай нервовай сістэм. Усе яны напрамую звязаны з дысфункцыяй гарманальнай сістэмы. Запалёныя вузельчыкі не толькі балючыя, але і прычыняюць масу нязручнасцяў — напрыклад, псуюць знешні выгляд скуры. Таму падыходзіць да працэсу лячэння акне трэба комплексна і старацца не дапускаць наступных памылак.

1 Занадта кароткае лячэнне

Працэс аднаўлення скуры можа зацягнуцца. Нават калі балючыя вугры пасля прымянення прэпаратаў зніклі — павінен прайсці некаторы час, каб скурнае покрыва цалкам аднавілася, а ранкі загаіліся. Паводле меркавання дэрматолагаў, на гэта патрабуецца ад 2 да 6 тыдняў. Таму выкарыстоўваць выпісанае вам лякарства варта не менш як месяц. Пры правільным ужыванні прэпаратаў скуру ўдаецца абараніць і ад наступстваў акне.

2 Некалькі прэпаратаў адразу

Часта ў адсутнасці жаданага эфекту людзі вінавацяць сродак, які ім прапісалі. У выніку яны пачынаюць камбінаваць розныя прэпараты і часта іх мяняць. Але адзінае, чаго яны дабіваюцца, — раздражненне скуры. І гэта ў лепшым выпадку! Пры сумяшчэнні прэпаратаў ёсць рэальная небяспека сур'ёзна пашкодзіць скуру: могуць застацца рубцы і пігментныя плямы. Звярніцеся да дэрматолага, ён дапаможа выбраць сродак, які падыдзе менавіта вам.

3 Імкненне да "звышчысціні"

Як бы парадаксальна гэта ні гучала — залішні клопат аб чысціні скуры можа нават пагоршыць яе стан. Так, пры занадта частым мыцці яна становіцца асабліва ўразлівай для вугрыстага сыпу, бо пазбаўляецца натуральнага ахоўнага бар'еру — скурнага тлушчу і вільгаці. Калі вы пакутуеце ад акне, які прагрэсуе, то мыцца варта не больш як 3 разы на дзень. Пасля працэдуры важна старанна змыць са скуры рэшткі ачышчальнага сродку, каб не ўзнікла раздражненне.

4 Выцісканне вугроў

Выціскаць вугры катэгарычна забаронена. Чаму? Справа ў тым, што гэта дзеянне само па сабе правакуе з'яўленне новых вугроў. Інфекцыя трапляе ў глыбокія слаі эпідэрмісу і дэрмы, правакуючы запаленне, і перадаецца ад заражаных участкаў да здаровых. У выніку: выціснуў адзін прышчык — атрымаў дзесяць новых. Яшчэ небяспечней пападанне мікробаў у крываток. Вядома, што крывяносныя сасуды твару напрамую звязаны з сасудамі галаўнога мозга. Таму любыя траўматычныя маніпуляцыі з гнойнымі ўтварэннямі на твары даволі небяспечныя. І не трэба забываць, што пры выцісканні або расчэсванні ўтвараецца ранка, якая гоіцца даволі доўга.

5 Адсутнасць прафілактыкі

Дапусцім, што ў вас усё атрымалася: вугрысты сып пераможаны, а твар свеціцца чысцінёй. Але спыняцца на дасягнутым не варта. Без належнай увагі да скуры твару праз месяц—паўтара вугры ўчыняць чарговы "набег". Прадухіліць іх з'яўленне дапаможа простая прафілактыка. Калі вы карысталіся лекавым прэпаратам два разы на дзень, паступова скарачайце колькасць прыёмаў: спачатку раз на дзень, затым раз у два дні, два разы на тыдзень, кожны тыдзень. А калі сумняваецеся ў чымсьці — парайцеся са сваім дэрматолагам.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

дарэчы

Даволі распаўсюджаная прычына з'яўлення вугроў у дарослых — дэмадэкоз. Гэтае захворванне скуры выклікае клешч — дэмадэкс (або жалезніца), умоўна-патагенны мікраарганізм, які жыве ў скуры большасці з нас, але да пэўнага моманту не праяўляе актыўнасці. Аднак калі ў арганізме штосьці разладзілася (напрыклад, пасля змяненняў у імунным статусе, змены клімату, эндакрынных парушэнняў), гэты сапрафіт становіцца агрэсіўным. Схема і спосабы лячэння звычайнай вугрыстай хваробы і дэмадэкозу адрозніваюцца. Не толькі лекі выкарыстоўваюцца розныя, але і лекавыя працэдуры пры дэмадэкозе прымяняюць іншыя. Напрыклад, калі пры вугрыстай хваробе пацыентам дапамагае чыстка скуры, то пры дэмадэкозе яна толькі ўзмоцніць раздражненне. Асцярожна трэба займацца і распарваннем скуры: пры звычайных вуграх гэта добра, а калі сып выкліканы дэмадэксам, то небяспечна.

Таму, пры з'яўленні вугроў, акрамя звычайных аналізаў, урачы абавязкова патрабуюць ад пацыентаў ва ўзросце пасля 25 гадоў здаць саскроб на наяўнасць дэмадэкса.

←Мрочек: Трансплантация – в первую очередь для белоруса, и только потом - для иностранца

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика