Не "назбіраць бы" грыбкоў на пляжы

Источник материала:  

Адпачынак на моры-возеры, на пляжы — рэч заўсёды прыемная. І неяк не хочацца думаць аб нейкіх хваробах. Але не заўсёды можна страчваць пільнасць. Вось, напрыклад, такая дакука, як грыбок, можа прычапіцца да вас на пляжы. А пазбавіцца ад яе вельмі няпроста. Аб грыбковых інфекцыях скуры ступняў (мікозы ступняў) нам расказаў загадчык амбулаторнага дэрматавенералагічнага аддзялення Мінскага скурвендыспансэра Уладзімір ЯРОМІЧ.

Самі па сабе мікозы ступняў быццам бы і не з’яўляюцца сур'ёзнай праблемай — ад гэтага не паміраюць Але, з іншага боку, такая паталогія далёка не бяскрыўдная. Своечасова не распазнаная і не лечаная, мікатычная інфекцыя скуры можа садзейнічаць распаўсюджванню хваробы на іншыя ўчасткі цела. Пацыенты з грыбковымі інфекцыямі скуры пакутуюць ад розных псіхалагічных станаў з-за касметычных і фізічных праяў інфекцыі. Як правіла, найбольшай рызыцы заражэння спрыяюць цяпло і вільгаць. Таму часта людзі атрымліваюць інфекцыю ў месцах агульнага карыстання: лазнях, душавых, басейнах, на пляжах, у спартыўных залах.

Захворванне пачынаецца часам спакваля, непрыкметна і доўжыцца дзесяцігоддзямі. Але без лячэння амаль ніколі не праходзіць, а часам, бывае, прыводзіць да такіх ускладненняў, як экзэма, алергізацыя арганізма, далучэнне другаснай гнойнай інфекцыі, рожыстае запаленне.

Аб грыбковым паражэнні пазногцевых пласцінак можна меркаваць аб змяненні іх знешняга выгляду — колеры, празрыстасці, таўшчыні. Памутненне пазногцяў , з’яўленне белаватых, жаўтаватых, шэрых ці цёмных участкаў пазногцевай пласцінкі ў выглядзе палос ці плям, іх падоўжаная ці папярэчная счэрчанасць, "з'едзенасць" свабоднага краю, станчэнне аж да адарвання (ці, наадварот, патаўшчэнне да ступені падабенства з кіпцюрамі драпежных птушак) — усе гэтыя сімптомы сведчаць аб верагодным пашкоджанні пазногцевай пласцінкі грыбковай інфекцыяй.

Калі вы заўважылі ў сябе падобныя сімптомы, — папярэджвае У. Яроміч, — не адкладвайце візіт да дэрматолага, які перад прызначэннем лячэння паставіць дыягназ з дапамогай лабараторнага даследавання.

Я хацеў бы засцерагчы людзей ад самалячэння. Нягледзячы на тое, што ў аптэках ёсць мноства процігрыбковых прэпаратаў, толькі дэрматолаг можа комплексна ацаніць стан пацыента з грыбковай інфекцыяй. І толькі спецыяліст зможа падабраць індывідуальны метад лячэння для кожнага. Усё залежыць ад таго, які грыбок выклікаў паталогію і якія часткі цела ён пашкодзіў.

Прафілактыка мікозаў ступняў

 Штодзённа мыйце ногі цёплай вадой з мылам ці пеністым антысептычным сродкам у выглядзе воднага мыла "Цітэал".

 Сачыце за тым, каб вашы ступні былі сухія, старанна выцірайце ногі пасля душа, асабліва паміж пальцамі, выкарыстоўваючы асобны індывідуальны ручнік для ног. Калі вы ўжо заразіліся грыбком, выкарыстоўвайце кожны ручнік толькі адзін раз пасля мыцця

 Сачыце за чысцінёй дывановых пакрыццяў, падлогі, ваннай, прадметаў індывідуальнага выкарыстання (манікюрных і педыкюрных інструментаў, губак, мачалак), рэгулярна апрацоўвайце іх мыйнымі сродкамі ("Гігіена", "Пемалюкс", "Белізна" і інш.)

 Пацыентам, якія перахварэлі на мікоз ступняў, у гарачы час года паказана вонкавае супрацьрэцыдыўнае лячэнне процігрыбковымі крэмамі, мазямі. Звычайна 2-3 курсы па два тыдні з перапынкам паміж імі на 7 дзён.

 Калі ў сям'і ёсць людзі хворыя на мікоз, то лячыцца лепш адначасова, каб не заражаць адно аднаго паўторна.

 У лазнях, басейнах і спартыўных залах нідзе не павінна ступаць ваша неабутая нага.

 Пасля пляжа трэба прыняць душ з мачалкай і мылам.

Вольга Шаўко.

←Морква робіць людзей прывабнымі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика