Медыкі рэкамендуюць у спякоту гуляць басанож па траве
У спякоту рэкамендуецца часцей бываць за горадам і пры першай магчымасці гуляць басанож па траве, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
На ступнях размешчана мноства кропак, якія адказваюць за работу арганізма, у тым ліку за тэрмарэгуляцыю.
Каб лягчэй пераносіць гарачае надвор'е, медыкі рэкамендуюць выконваць некалькі асноўных правілаў. У прыватнасці, адмовіцца ад салодкіх напояў на карысць мінеральнай вады. У ёй змяшчаюцца мікраэлементы, якія аднаўляюць водна-салявы баланс, бо менавіта соль і ваду чалавек страчвае ў спякоту. У сонечнае надвор'е неабходны галаўны ўбор. Лепш за ўсё выбіраць шыракаполыя капелюшы або панамы, якія цалкам закрываюць галаву ад сонечных прамянёў. Яны абароняць ад лішку ўльтрафіялету далікатную скуру твару і вочы.
Калі асноўную частку дня прыходзіцца праводзіць на працы і ў душным памяшканні, можна пакласці пад язык лядзяш. На ніжнім баку языка знаходзіцца кропка, якая стымулюе работу сардэчна-сасудзістай сістэмы і танізуе арганізм. Дапаможа арганізму і зялёная гарбата. Высокая тэмпература напою прымушае арганізм пацець. Выпарваючыся з паверхні скуры, вільгаць выносіць з сабой частку цеплыні, і ў выніку арганізм ахалоджваецца. Лягчэй перанесці спякоту дапаможа мята. Яе лісточак трэба расцерці ў руках і на працягу хвіліны націраць ім скроні. У мяце прысутнічае ментол, які валодае ахалоджвальным эфектам, а на скронях сасуды размешчаны блізка да паверхні скуры, і прахалода хутчэй дабярэцца да іх.
Улетку лепш насіць адзенне светлых адценняў: яно адбівае сонечныя прамяні. Звыклую біжутэрыю лепш замяніць упрыгажэннямі з горнага хрусталю. Гэты мінерал убірае ў сябе гарачыню, але навобмацак застаецца халаднаватым. Тым, хто карыстаецца касметыкай, медыкі раяць выбіраць сродкі, якія не ўтрымліваюць алеі, а крэмы на воднай аснове, якія адлюстроўваюць ультрафіялет і не перашкаджаюць дыханню скуры.
У спякоту ў арганізме асабліва хутка з'яўляюцца свабодныя радыкалы, якія разбураюць сасуды і выклікаюць дачаснае старэнне. Нейтралізуе свабодныя радыкалы вітамін С. Спецыялісты рэкамендуюць з'ядаць у дзень па дольцы лімона або па 10 ягад чорных парэчак, у якіх утрымліваецца дзённая доза гэтага вітаміну. Аднавіць сілы ў гарачы дзень дапаможа і зялёны суп. Трэба надзерці агурок, нарэзаць зяленіва і заліць усё мінеральнай вадой.
Кар. БЕЛТА.