"Дачныя рукі"

Источник материала:  

"Я люблю ездзіць на дачу, але кожны раз пасля яе трэба мінімум некалькі дзён, каб прывесці рукі ў парадак. Што рабіць, каб не было такіх праблем?"

Марыя,  г. Мінск.

Сапраўды, для далікатных жаночых рук рэабілітацыя пасля дачных работ — гэта не толькі эстэтычнае патрабаванне, але і неабходнасць. Пад уздзеяннем вады, зямлі, ветру і сонца скура моцна высыхае. З-за гэтага на ёй могуць з'яўляцца трэшчыны, праз іх пранікаюць бруд і мікробы. Ад гэтых праблем рукі трэба добра засцерагаць. Вось самыя распаўсюджаныя хітрасці, якія дапамогуць вам захаваць скуру рук далікатнай і аксаміцістай.

1. Тальк і пальчаткі. Абавязкова перад работай надзявайце гумавыя пальчаткі. Калі іх няма, змажце рукі тоўстым слоем спецыяльнага ахоўнага крэму з сіліконам і дайце яму ўсмактацца. Пасля работы змыйце крэм цёплай вадой з мылам і нанясіце пажыўны крэм.

Перад тым як надзець пальчаткі, рукі старанна вымыйце і добра прасушыце. Таксама можна прысыпаць іх талькам або крухмалам. Пасля выкарыстання пальчаткі трэба прамыць звонку і знутры. Затым надзьміце іх, каб яны высахлі з абодвух бакоў, і прысыпце талькам або крухмалам, каб пазбегнуць іх зліпання.

2. "Правільная" вада. Рукі лепш за ўсё мыць вадой пакаёвай тэмпературы. Нават на дачы, калі няма гарачай вады, не палянуйцеся падагрэць яе крыху.

3. Дачная рэабілітацыя. Калі вы працавалі ў садзе або агародзе без пальчатак, пратрыце рукі лісцем шчаўя, а затым вымыйце іх вадой з мылам. Можна зрабіць цёплую ванначку з лімонным сокам або пахкім гелем для цела, соллю або растворам воцатнай кіслаты. Галоўнае — каб догляд быў рэгулярным.

"На дачы мае рукі стамляюцца ад пастаяннай працы. Да вечара яны бываюць моцна напружаныя, часам я не магу разагнуць пальцы. Што рабіць?"

Наталля, Мінская вобласць.

Каб пазбавіць рукі ад стомленасці, трэба рэгулярна рабіць практыкаванні і спецыяльную гімнастыку. Неабходна выконваць рухі, супрацьлеглыя тым, якія вы паўтараеце на працягу дня.

Калі пальцы часта сагнутыя, рабіце практыкаванні на выпростванне. Усе практыкаванні трэба выконваць па 10 разоў. На пачатку зарадкі проста патрасіце рукамі, пакруціце кісцямі направа і налева. Пацягніце выцягнутыя перад сабой рукі да падлогі далонямі ўніз, затым угору, добра расцягваючы кісці. Сцісніце да ўпору пальцы ў кулак, потым наадварот, расціскайце, нібыта стрэсваеце рэшткі вады з кончыкаў пальцаў.

Выпрастайце далонь, згінайце па чарзе ўсе пальцы ад мезенца да вялікага. А затым разгінайце па чарзе ўсе пальцы.

"Якія працэдуры і маскі можна рабіць у хатніх умовах, калі скура рук абветраная?"

Алена Андрэеўна, г. Жлобін.

Каб скура рук была гладкай, ёй неабходны пажыўныя рэчывы. Памятайце пра тое, што ў вашым рацыёне павінна быць дастаткова вітамінаў і мікраэлементаў, бо стан скурнага покрыва адлюстроўвае стан здароўя арганізма ў цэлым.

Каб хутка дапамагчы абветраным і загрубелым рукам, рэгулярна — 2-3 разы на тыдзень — рабіце маскі. Гэта зусім не цяжка: напрыклад, можна заняцца рукамі падчас адпачынку або прагляду тэлевізара.

Мядова-жаўтковая. Яечны жаўток трэба змяшаць з 1 ст. лыжкай мёду і дадаць 1 ч. лыжку талакна. Змазаць рукі атрыманай масай, абгарнуць іх баваўнянай тканінай і пакінуць на 20 хвілін. Пасля змывання нанесці на рукі крэм, які хутка ўсмоктваецца.

Алейна-жаўтковая. Змяшаць яечны жаўток, 1 ст. лыжку алею і 1 ч. лыжку мёду. Сумесь уцерці ў скуру рук, пакінуць на 15—20 хвілін, затым старанна змыць цёплай вадой і нанесці крэм.

Таксама для размякчэння скуры і павышэння яе эластычнасці карысна рабіць ванначкі.

Алейная. У літры цёплай вады размяшайце сталовую лыжку алею або гліцэрыны і чайную лыжку нашатырнага спірту. Каб палепшыць пах, дадайце пару кропель любімага эфірнага алею. Трымайце рукі ў ванначцы паўгадзіны.

Травяная. 2 ст. лыжкі сумесі з ліпы, падбелу, рамонку, шалфею і мяты трэба заварыць літрам кіпеню і настойваць 20 хвілін. Апусціце рукі ў непрацэджаны настой на паўгадзіны, затым змажце крэмам.

Кефірная. Патрымайце рукі ў ванначцы з цёплым кефірам 20 хвілін, пасля змажце скуру крэмам.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←Выпивка наносит удар по памяти даже в молодости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика