Інфекцыя ў арганізме — што бульдозер на газоне

Источник материала:  
14.05.2011 09:53 — Новости Здоровья

Інфекцыя ў арганізме — што бульдозер на газоне


Яшчэ пяць-сем гадоў таму Еўропа збіралася рапартаваць аб поўнай ліквідацыі на сваёй тэрыторыі адзёру. У Беларусі нават думалі, а ці варта студэнтаў-медыкаў знаёміць з гэтай хваробай? Аднак, як аказалася, рана еўрапейцы супакоіліся... Сёння Еўрапейскае бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя вымушана прызнаць: адзёр імкліва распаўсюджваецца ў еўрапейскім рэгіёне. Толькі з пачатку гэтага года на еўрапейскім кантыненце было зарэгістравана 6,5 тысячы захварэлых на адзёр. Аб росце колькасці выпадкаў захворвання на адзёр паведамілі ўжо 30 еўрапейскіх краін. Ці гэта не лепшы доказ таго, што пры зніжэнні ахопу насельніцтва імунізацыяй інфекцыйныя захворванні абавязкова вяртаюцца?

На шчасце, у Беларусі сёння рэгіструюцца толькі адзінкавыя завазныя выпадкі адзёру і краснухі, а да ўкаранення планавай імунізацыі ад гэтых інфекцый штогод ахвярамі адзёру станавілася каля 70 тысяч чалавек і 50 тысяч чалавек штогод хварэлі на краснуху.
 

А колькі шуму нарабіла ўспышка поліяміэліту ў Таджыкістане!!! Гэтая хвароба яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя рабіла калекамі тысячы беларускіх дзяцей, аднак пасля ўкаранення вакцынацыі яна ў нашай краіне цалкам знікла.

— У 2010 годзе ў Таджыкістане была зарэгістравана найбольш буйная ўспышка поліяміэліту, ад якога пацярпела 458 чалавек, з якіх 26 чалавек загінула, — расказала журналістам загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч. — У красавіку—маі Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Азербайджан і Казахстан плануюць сінхронна правесці мерапрыемствы па імунізацыі насельніцтва супраць поліяміэліту.

Па словах Веранікі Шымановіч, ва ўмовах стабільнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў людзей усё часцей узнікаюць сумненні ў неабходнасці вакцынацыі. Як вынік — падае ахоп насельніцтва прышчэпкамі. Між іншым, стрымліваць інфекцыі ўдаецца толькі дзякуючы стварэнню магутнай праслойкі людзей, у якіх дзякуючы імунізацыі выпрацавалася ўстойлівасць да тых ці іншых узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў. Усе добра памятаюць, як у сярэдзіне 90-х гадоў на ўсёй постсавецкай прасторы літаральна "выбухнула" дыфтэрыя... Прычынай распаўсюджвання інфекцыі, смяротнасць ад якой дасягае 10 працэнтаў, стала зніжэнне ўзроўню імунізацыі насельніцтва да крытычнай адзнакі ў 50 працэнтаў.

— Мне, як урачу-практыку, часта даводзіцца назіраць дзяцей, якія з цяжкімі формамі праяўлення тых ці іншых інфекцый трапляюць у гарадскую дзіцячую інфекцыйную бальніцу, — расказвае галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па дзіцячых інфекцыйных захворваннях Іна Германенка. — І, зразумела, бацькі вельмі часта пытаюцца ў нас, а ці можна было гэтую бяду папярэдзіць? На шчасце, колькасць сем'яў, якія свядома адмаўляюцца ад усіх дзіцячых прышчэпак, апошнім часам не павялічваецца (у Мінску такіх "несвядомых" налічваецца каля двухсот). Аднак дзеці ў гэтых сем'ях вельмі моцна рызыкуюць, паколькі любая інфекцыя змагаецца за сваё выжыванне і шукае неабаронены арганізм. Дарэчы, калі ў Таджыкістане нечакана "выбухнуў" поліяміэліт, пра які мы ўжо паспелі забыцца, то многія з нашых несвядомых бацькоў кінуліся ў медустановы з просьбай прышчапіць іх дзяцей ад гэтай інфекцыі.

З пазіцый педыятра, сэнс вакцынацыі заключаецца не толькі ў поўнай абароне дзіцячага арганізма ад таго ці іншага захворвання, але і ў трэніроўцы яго імуннай сістэмы. Напэўна, лепш сустрэцца з аслабленым штамам, затое быць падрыхтаваным да сустрэчы з жывым узбуджальнікам. Аднак многія бацькі абураюцца, калі ў іх дзіцяці ўзнікае непажаданая рэакцыя на прышчэпку, звязаная з індывідуальнымі асаблівасцямі арганізма. Яны нават не задумваюцца, а што было б з іх дзіцем, калі б яму давялося сустрэцца не з аслабленым штамам, а з агрэсіўным узбуджальнікам?

Спецыялісты сцвярджаюць, што кожнае інфекцыйнае захворванне — гэта своеасаблівая вандроўка ўзбуджальніка па арганізме, якую можна параўнаць хіба што з перасоўваннем бульдозера па газоне. Ніводная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна. І чым больш такіх слядоў пакінуць інфекцыі, тым хутчэй наша здароўе пачне разбурацца. Да таго ж любое інфекцыйнае захворванне небяспечнае развіццём ускладненняў. Небяспечны не сам грып, а тыя ўскладненні, якія ён выклікае, а гэта гнойныя атыты, пнеўманія, менінгіты... Такая на першы погляд "простая" інфекцыя, як ротавірусная, якую дарослы чалавек можа і не заўважыць ці не надаць ёй значэння, у дзяцей першых трох гадоў жыцця нярэдка заканчваецца лячэннем у рэанімацыі і працяглым аднаўленнем пасля хваробы.

Гадоў дзесяць-адзінаццаць назад у нас у Мінску пачасціліся выпадкі паступлення ў рэанімацыю дзяцей з прыкметамі цяжкай абструкцыі дыхальных шляхоў, якім было цяжка дыхаць і глытаць сліну, дзяцей з цяжкім запаленнем гартані. Сталі шукаць прычыну і выявілі, што віноўніцай з'яўляецца гемафільная палачка В. Гемафільная інфекцыя, ці, як яе яшчэ называюць, хіб-інфекцыя, мае больш як 20 клінічных праяў і можа працякаць у форме гнойных менінгітаў, пнеўманій, сэпсісу, атытаў, вострых рэспіраторных захворванняў і гэтак далей. Большасць формаў інфекцыі працякае надзвычай цяжка і прыводзіць да інваліднасці. Старшыя дзеці, якія перахварэлі на хіб-інфекцыю, расказвалі ўрачам, што праблемы з дыханнем суправаджаліся ў іх страхам смерці. Таму дзеці хапалі дарослых за рукі з адным пытаннем: "А ці выратуюць мяне?". Гемафільная інфекцыя з цяжкасцю паддаецца лячэнню, паколькі ўзбуджальнік устойлівы да ўздзеяння антыбіётыкаў. А некаторыя выпадкі гемафільнай інфекцыі і ўвогуле завяршаюцца смяротным зыходам. Адзіным спосабам застрахаваць сваё дзіця ад сустрэчы з гемафільнай палачкай з'яўляецца прышчэпка. І ў Мінску ўжо наладжана планавая вакцынацыя маленькіх мінчан ад гэтай інфекцыі.

Па словах Іны Германенкі, для Беларусі вельмі актуальнай застаецца і менінгакокавая інфекцыя. Яна сустракаецца хоць і не вельмі часта, але заўсёды працякае цяжка, з пашкоджаннем мазгавых абалонак і пагрозай для жыцця.

— Мы былі б вельмі шчаслівыя, калі б можна было абараніцца ад гэтай інфекцыі з дапамогай прышчэпкі, але, на жаль, у Беларусі цыркулюе менінгакок групы В, а супраць гэтага ўзбуджальніка прышчэпкі пакуль не існуе, — канстатуе галоўны дзіцячы інфекцыяніст. — Увогуле, я хачу паведаміць бацькам, што нярэдка "жывыя" вакцыны спрыяюць фарміраванню ў дзіцяці больш трывалага імунітэту, які дзейнічае больш доўгі час, чым суперачышчаныя вакцыны.

Трэба дадаць, што раней існавала меркаванне, быццам бы хранічная паталогія з'яўляецца супрацьпаказаннем да прышчэпак. Сучасная ж тактыка імунізацыі заключаецца ў тым, што хранічная паталогія — гэта паказанне, а не супрацьпаказанне для імунізацыі. Галоўнае — прафесійна выбраць час, калі прышчэпка будзе бяспечная і эфектыўная для канкрэтнага пацыента, а таксама вакцыну, якая будзе найбольш бяспечнай і эфектыўнай.

Іна Германенка звярнула ўвагу яшчэ на адну важную тэндэнцыю, якую даводзіцца назіраць апошнім часам інфекцыяністам. Так званымі "дзіцячымі" інфекцыямі ўсё часцей сталі хварэць маладыя дарослыя і людзі састарэлага ўзросту, а не дзеці, якія знаходзяцца пад надзейнай аховай імунізацыі. Прычым дарослыя пераносяць дзіцячыя інфекцыі намнога цяжэй. Для немаладых людзей сустрэча з пнеўмакокавай інфекцыяй можа і ўвогуле завяршыцца трагічна: "Прызнаемся, што сёння мы задумваемся ўжо над тым, каб прышчапляць ад коклюшу дарослых. Хачу таксама папярэдзіць, што ў многіх краінах, якія беларусы аблюбавалі для адпачынку, назіраецца неспрыяльная сітуацыя па вірусных гепатытах А і В. Між іншым, ад гэтых вельмі сур'ёзных інфекцый можна абараніць сябе з дапамогай прышчэпкі". 

←Когда растут затраты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика