Рак шыйкі маткі... перадаецца палавым шляхам
Рак шыйкі маткі... перадаецца палавым шляхам
Як толькі "злодзей" быў устаноўлены, пачаліся распрацоўкі ратавальных вакцын, якія не дазволілі б інфіцыравацца вышэйназваным вірусам. Сёння гэтыя вакцыны прайшлі шэраг выпрабаванняў, іх актыўна прымяняюць у розных краінах свету, прычым размова ідзе аб мэтазгоднасці прышчэплівання не толькі дзяўчат, але і хлопцаў, якія, зразумела, таксама інфіцыруюцца вірусам папіломы і перадаюць яго палавой партнёрцы. Прайсці вакцынацыю ад віруса папіломы чалавека можна ў любой жаночай кансультацыі і нашай краіны — за ўласны кошт.
Паводле слоў загадчыцы жаночай кансультацыі 12-й гарадской паліклінікі г. Мінска Святланы Гародка, у 20 працэнтах выпадкаў раку шыйкі маткі назіраецца спалучэнне шэрагу вядомых і раней фактараў. Гэта спадчыннасць па раку шыйкі маткі, праблемы ў рабоце імуннай і гарманальнай сістэм, уздзеянне шкодных фізічных і хімічных фактараў, курэнне, вялікая колькасць родаў або перарыванняў цяжарнасці, ранні пачатак менструацыі, ранні пачатак палавога жыцця, вялікая колькасць палавых партнёраў. Зразумела, чым больш вышэйназваных фактараў спалучаюцца ў жыцці асобна ўзятай жанчыны, тым вышэй у яе рызыка захварэць на рак шыйкі маткі. Аднак у 80 працэнтах выпадкаў раку шыйкі маткі наяўнасць згаданых фактараў павінна спалучацца яшчэ і з фактам інфіцыравання вірусам папіломы чалавека.
Наогул вірус перадаецца даволі проста. І самае важнае — толькі пры палавым кантакце, што адрознівае яго ад шэрагу іншых вірусаў, якія перадаюцца не проста пры палавым кантакце, а праз кроў. Заўважана, што на працягу аднаго-двух гадоў 20 працэнтаў жанчын інфіцыруюцца вірусам папіломы чалавека пры наяўнасці аднаго палавога партнёра і 80 працэнтаў — пры наяўнасці некалькіх палавых партнёраў.
Вірус папіломы не цыркулюе ў крыві, а "размяшчаецца" і, адпаведна, інфіцыруе толькі верхні слой скуры. Скура, як вядома, абнаўляецца, злушчваецца, і таму пры добрым імунным статусе вірус можа самавыдаляцца, ці, як кажуць спецыялісты, адбываецца самавыздараўленне.
— Выявіць захворванне шыйкі маткі дазваляе спецыяльнае абследаванне — кальпаскапія, якая выконваецца ў кабінетах паталогіі шыйкі маткі любой жаночай кансультацыі, — тлумачыць Святлана Гародка. — Бясплатнае абследаванне на вірус папіломы чалавека праводзіцца толькі па паказаннях. Забор мазка з цэрвікальнага канала шыйкі маткі для далейшага выканання полімеразна-ланцуговай рэакцыі — метаду дыягностыкі, які выяўляе ДНК вышэйназванага віруса — робіцца толькі жанчынам з паталогіяй шыйкі маткі, напрыклад, пры наяўнасці эрозіі або дысплазіі. Усе іншыя жанчыны, якія жадаюць абследавацца на вірус папіломы, могуць зрабіць гэта платна.
Варта мець на ўвазе, што да ліку небяспечных па раку шыйкі маткі адносяцца 16-ы, 18-ы, 31-ы, 33-і, 45-ы і 52-і анкагенныя тыпы. Аднак варта мець на ўвазе, што існуе яшчэ другая, неанкагенная, група тыпаў віруса папіломы чалавека. 6-ы і 11-ы тыпы з іх ліку выклікаюць з'яўленне генітальных бародавак. Жанчыны, у якіх выяўляюцца вышэйпералічаныя тыпы, пры неабходнасці пралечваюцца, ім выдаляецца пашкоджаны ўчастак шыйкі маткі, а таксама прапануецца прышчапіцца спецыяльнай вакцынай.
Лекавы эфект вакцын "Цэрварыкс" (супраць 16-га і 18-га тыпаў віруса папіломы чалавека) і "Гардасіл" (супраць 6-га, 11-га, 16-га і 18-га тыпаў) пакуль не даказаны, хоць спецыялісты не выключаюць, што і ў такім выпадку можна разлічваць на пэўную карысць. А вынайшлі вакцыны, зразумела, з мэтай прафілактыкі раку шыйкі маткі. Для выпрацоўкі імунітэту супраць віруса папіломы чалавека выконваецца тры ін'екцыі: другая — праз месяц пасля першай, трэцяя — праз паўгода пасля другой. Аптымальным узростам для вакцынацыі лічыцца 11-12 гадоў, паколькі неабходна, каб дзяўчына яшчэ не жыла палавым жыццём.
— Замежныя даследчыкі зараз многа пішуць аб тым, ці варта прышчэплівацца ад віруса папіломы тым жанчынам, якія жывуць палавым жыццём, — тлумачыць Святлана Гародка. — Пры жаданні жанчына можа прайсці тэст на вірус папіломы чалавека, і пры адсутнасці віруса ёй рэкамендуецца вакцынавацца. Жанчыны ўсіх узроставых катэгорый павінны штогод з'яўляцца на агляд да ўрача-гінеколага, паколькі гэта адзін з самых дзейсных спосабаў выявіць любыя гінекалагічныя праблемы, у тым ліку рак, на самай ранняй стадыі, калі з дапамогай своечасовага лячэння мы абавязкова дасягнём станоўчага выніку. Сёлета мы ўжо выявілі некалькі выпадкаў раку іn sіtu, або раку нулявой стадыі. Усе запушчаныя стадыі раку шыйкі маткі былі выяўлены ў жанчын, якія не наведвалі гінеколага (а значыць, не праходзілі цыталагічнага даследавання) два і больш гадоў.
Яшчэ на першай-другой стадыях рак тоіцца выключна ў межах шыйкі, але на трэцяй-чацвёртай пранікае ў больш глыбокія слаі, распаўсюджваецца на іншыя органы. На ранніх стадыях рак, як вядома, не баліць і ніяк пра сябе не заяўляе. Боль і такія сімптомы, як кровацячэнне, пачашчанае, хваравітае мочааддзяленне, сведчаць аб распаўсюджванні раку за межы шыйкі маткі, а значыць, аб запушчанасці працэсу. Адзін са спецыфічных сімптомаў — кантактнае кровацячэнне, якое з'яўляецца пасля палавога акта. Аднак такі сімптом яшчэ не азначае, што ў жанчыны абавязкова ёсць рак. Гэта можа быць прыкметай іншага захворвання — эрозіі або цэрвіцыту — запалення шыйкі маткі. Але ўсё роўна гэта сігнал да тэрміновага абследавання ў гінеколага...
Неабходна ведаць, што псеўдаэрозія, цэрвіцыт, эндаметрыёз, паліп, пасляродавыя разрывы і рубцовая дэфармацыя шыйкі маткі адносяцца да ліку фонавых захворванняў. Гэта значыць, без адпаведнага лячэння на іх фоне могуць з'явіцца перадракавыя захворванні — дысплазіі лёгкай, умеранай і цяжкай ступеняў. Пры прагрэсаванні дысплазіі цяжкая ступень пераходзіць у рак іn sіtu.
Р.S. Штодня ў Беларусі адна жанчына гіне ад раку шыйкі маткі.