Зламаны палец — не прычына для выкліку "хуткай"
У Беларусі плануецца ўвядзенне адказнасці за нанясенне шкоды свайму здароўю шляхам злоўжывання алкаголем, што, у сваю чаргу, абумовіла неабходнасць выкліку хуткай меддапамогі.
Год ад года колькасць выклікаў, якія паступаюць у службу хуткай медыцынскай дапамогі, стабільна расце. Аднак расце колькасць не толькі сапраўды экстраных ці неадкладных выклікаў, але і выклікаў безвыніковых ды падманных, калі брыгады хуткай па прыбыцці на месца не знаходзяць пацыента або выкарыстоўваецца заведама падманная інфармацыя аб стане яго здароўя. За мяжой, як вядома, неадкладная дапамога забяспечвае толькі неадкладную дапамогу, а ў нас можна зламаць палец і скарыстацца паслугамі "хуткай" у якасці таксі. Такія карыстальнікі наўрад ці задумваюцца, што адзін выезд "хуткай" складае 80-100 тысяч рублёў. Шэраг самых розных сітуацый патрабуюць ад чалавека ўласнай заклапочанасці сваім здароўем, своечасовага звароту да ўрача па месцы жыхарства.
Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста па хуткай медыцынскай дапамозе Міністэрства аховы здароўя Беларусі, галоўнага ўрача Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Віктара СІРЭНКІ, "служба павінна аказваць дапамогу ў экстраных выпадках, знаходзіцца ў рэжыме чакання і не адцягваць сваю ўвагу на сітуацыі, якія могуць быць вырашаны падчас паходу ў паліклініку. Інакш аднойчы надзвычай цяжка будзе дачакацца хуткай дапамогі, калі яна будзе сапраўды будзе надзвычай патрэбная".
Наогул дзесьці ў 35 працэнтах выпадкаў "хуткая" выязджае на сапраўды экстраныя выпадкі, калі мае месца рэальная пагроза жыццю (гэта могуць быць агнястрэльныя і нажавыя раненні, падзенні з вышыні, дарожна-транспартныя здарэнні, атручэнне — медыкаментознае ці сурагатамі алкаголю, кома і г.д.). У астатніх 65 працэнтах выпадкаў брыгады "хуткай" выязджаюць на неадкладныя выклікі, з якіх каля 30 працэнтаў пацыентаў не маюць патрэбы ў такім выездзе. І праблема ў тым, што нашы грамадзяне не дакладна ўяўляюць сабе "неадкладнасць" сітуацыі. А гэта такое адхіленне ў стане здароўя, якое ў далейшым можа справакаваць і пагрозу жыццю.
У сталіцы зараз вырашаецца пытанне аб будаўніцтве ў межах горада пяці новых падстанцый хуткай дапамогі, што павінна забяспечыць даезд да месца выкліку на працягу 15 хвілін. Сцвярджаецца, што айчынная "хуткая" гатовая і да аказання экстранай дапамогі ў выніку самых розных тэхнагенных катастроф.
Святлана БАРЫСЕНКА.