Фурункулы не выціскаць!

Источник материала:  

З'яўленне гнайнічкоў на скуры — з'ява частая, і звычайна чалавек не надае ім асаблівага значэння. Але бывае, што бяскрыўдны на выгляд прышчык раптам ператвараецца ў вялізны фурункул (у народзе ён называецца скула). А гэта ўжо праблема сур'ёзная.

У чым прычына?

Галоўная роля ва ўтварэнні гнайнікоў належыць гнаяродным бактэрыям, у асноўным залацістым стафілакокам. Гэта сапраўдныя скурныя "вампіры". Каб пачаць атаку, яму дастаткова маленькай брэшы ў імуннай сістэме і мікратрэшчыны на скуры. Калі ў чалавека павышана адчувальнасць да гэтага мікроба або маецца імунадэфіцыт, фурункулёз становіцца хранічным.

Фурункулы часцей узнікаюць на фоне адчувальнай, схільнай да раздражнення скуры. Шанц ім даюць цяжкія або хранічныя хваробы, хірургічныя ўмяшанні, гарманальныя перабудовы і ўвогуле ўсё, што аслабляе арганізм, — авітаміноз, інтаксікацыя, няправільнае харчаванне. Акрамя таго, для любога чалавека "фурункуланебяспечнае" спалучэнне поту і гразі. У гэтым выпадку арганізм проста не можа ўстаяць перад інфекцыяй.

Як утвараецца фурункул?

Адметная асаблівасць фурункулаў ад іншых відаў запалення скуры ў тым, што яны не могуць узнікаць там, дзе не растуць валасы (далоні, падэшвы), а з'яўляюцца толькі ў тых месцах, дзе знаходзяцца валасяныя фалікулы.

Калі ў мікроба з'яўляецца магчымасць пранікнуць пад скуру праз драпіну або мікратрэшчыну, ён "прыладжваецца" ўнутры валасяной цыбуліны і пачынае актыўна размнажацца. Месца яго ўкаранення чырванее, пачынае часацца і моцна балець. Болі непакояць увесь час, пакуль ідзе "выспяванне" гнайніка. Часта на запаленне рэагуюць размешчаныя побач лімфатычныя вузлы. Праз некалькі дзён гной выходзіць, і ранка хутка загойваецца. Але кожны фурункул "параджае" на сябе падобных. Пры яго раскрыцці разам з гноем на скуру "высаджваюцца" тысячы новых узбуджальнікаў. Так адбываецца да таго часу, пакуль арганізм не знойдзе ў сябе сілы спыніць агрэсара.

Увага! Пры паўторным з'яўленні фурункулаў варта абавязкова звярнуцца да доктара і праверыць узровень цукру ў крыві, паколькі гэта нярэдка з'яўляецца сімптомам дыябету.

Як лячыць?

Калі фурункул парушае агульнае самаадчуванне, напрыклад, непакоіць моцны боль або павышаецца тэмпература, зварот да доктара абавязковы! Толькі ўрач, з улікам распаўсюджання запалення, можа прызначыць лячэнне. Калі вы звярнуліся на самай ранняй стадыі развіцця, калі запаленчы працэс яшчэ не выйшаў за межы валасянога мяшочка, то магчымае кансерватыўнае лячэнне без раскрыцця. Калі гнайнік ужо сфарміраваўся — толькі аператыўнае лячэнне.

Нельга пакідаць без урачэбнай дапамогі фурункулы, размешчаныя на твары і шыі! Крывяносныя сасуды гэтых абласцей "кантактуюць" з сасудамі галаўнога мозга і могуць занесці інфекцыю ў мазгавую абалонку, выклікаць гнойны менінгіт, сепсіс. Ні ў якім выпадку нельга спрабаваць выціскаць гнайнік, пратыкаць яго іголкай або раскрываць іншымі спосабамі ў "палявых" умовах!

Улічваючы, што ўзбуджальнікам гэтага захворвання з'яўляецца стафілакок, для лячэння прызначаюцца антыбіётыкі. Паказана сухое цяпло, а таксама УВЧ, што аказвае болесуцішальны эфект. Таксама ўрач падбярэ вітамінны комплекс для ўмацавання імунітэту. Перавага аддаецца прэпаратам з высокім утрыманнем вітамінаў групы В, дэфіцыт якіх і дае "карт-бланш" залацістаму стафілакоку.

У хатніх умовах гнайнічок, які толькі з'явіўся на скуры, можна паспрабаваць "высушыць" зялёнкай або ёдам. Можна некалькі разоў на дзень змазваць скуру антыбактэрыяльнай маззю. Яна пранікае ў глыбокія слаі скуры і здольная спыніць запаленчы працэс.

Самы традыцыйны народны сродак для паскарэння "выспявання" фурункула — печаная цыбуліна. Вялікую цыбуліну трэба разрэзаць папалам і запячы да чарнаты. Добра цёплай прыкласці да фурункула і прыбінтаваць, пакінуць на ноч. Да раніцы ўсё змесціва фурункула акажацца на павязцы.

Гаючыя ўласцівасці цыбулі такія моцныя, што для лячэння гнайніка падыдзе нават яе шалупінне. Яго трэба адварыць і перамяшаць з лісцем трыпутніку з разліку 1:1, дадаць мукі і мёду, каб атрымалася густое цеста. Аладку пакласці на фурункул і зафіксаваць павязкай. Калі гнайнік праз пару дзён прарве, праціраць скуру вакол яго настойкай календулы. Замест трыпутніку падыдуць лісце крапівы або кашка са свежых каранёў пятрушкі.

Увага! Антыбактэрыяльным мылам можна карыстацца не больш як два тыдні. Забіваючы карысныя бактэрыі, яно аслабляе паверхневую абарону скуры і можа справакаваць з'яўленне новых гнайнікоў. Лепш апрацоўваць скуру саліцылавым спіртам, настойкай календулы або эўкаліпту, а для купання выкарыстоўваць адвар ваўчкоў, рамонку, падбелу або іх збор (2 шклянкі травы заліць літрам кіпеню, настойваць 40 хвілін, працадзіць і выліць у ванну).

Хворым на фурункулёз неабходна прытрымлівацца пэўнай дыеты: абмежаваць колькасць вугляводаў у рацыёне, выключыць спіртныя напоі, вострыя прыправы, ласункі. "Зялёныя" вітаміны, хлеб з мукі грубага памолу, кашы з цэльнага зерня, кісламалочныя прадукты і неачышчаныя алеі пераходзяць пры фурункулёзе з разраду харчовых прадуктаў у статус лекавых сродкаў.

Для ўмацавання імунітэту карысны адвар шыпшыны. Ягады лепш збіраць, калі яны яшчэ аранжавыя. У гэты час у іх максімум карысных рэчываў. Для прыгатавання адвару 150 г ягад трэба заліць раніцай літрам крутога кіпеню, паварыць на слабым агні 10 хвілін і даць пастаяць суткі. Затым зліць палову адвару і прымаць яго па паўшклянкі 3 разы на дзень, дадаўшы 1 ч. лыжку мёду. У тое, што засталося, даліць палову колькасці кіпеню і настойваць яшчэ суткі. Затым адкінуць ягады на друшляк і высушыць. Калі назбіраецца каля кілаграма "сухафруктаў", трэба заліць іх алеем і патрымаць у каструлі на маленькім агні каля дзвюх гадзін. "Хатнім" алеем шыпшыны можна змазваць парэзы і апёкі, апрацоўваць "праблемную" скуру і нават дабаўляць яго ў салаты і кашы.

Паспрабуйце прыгатаваць яблычна-мядовы сіроп. Тры антонаўскія яблыкі заліце літрам крутога кіпеню. Настойвайце прыкладна 3 гадзіны, ухутаўшы каструлю коўдрай. Затым расцісніце яблыкі прама ў вадзе, працадзіце вадкасць праз марлю і дадайце да пюрэ 2 ст. лыжкі мёду. Ужывайце сіроп па 50 г раніцай нашча і вечарам перад сном.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

←В Витебске будет создан областной научно-практический центр хирургии сердца и сосудов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика