"Калі ў страўніку агонь..."
Якія прадукты рэкамендуюцца і ад якіх варта адмовіцца пры пякотцы? Якія народныя сродкі дапамагаюць ад яе пазбавіцца?
Марыя, г. Жодзіна.
Варта адзначыць: калі вы рэгулярна пакутуеце ад "пажару" ў страўніку без відавочных прычын, самы час звярнуцца да доктара. Пякотка можа быць прыкметай непаладак у страўнікава-кішачным тракце.
Што можна есці
l Буракі, бульбу, моркву, квяцістую капусту, зялёны гарошак, кабачкі і гарбузы, спелыя някіслыя памідоры ў невялікай колькасці, свежыя агуркі. Кроп і пятрушку, дробна нарэзаныя ў супы і салаты.
l Кашы, звараныя на малацэ або вадзе: манную, добра развараную рысавую, грэцкую і геркулесавую.
l Адварную макарону.
l Супы з гародніны, запраўленыя сметанковым маслам, някіслай смятанай, яечным жаўтком.
l Рыбу адварную або тушаную.
l Малако абястлушчанае, тварог, нявостры сыр.
l Нятлустыя віды мяса без скуркі ў адварным або паравым выглядзе.
l Яйкі ўсмятку або ўкрутую, амлет паравы.
l Салодкія ягады і садавіну, пасцілу, зефір у невялікіх колькасцях.
l Нямоцную гарбату з малаком або вяршкамі, какаву на малацэ, салодкія фруктова-ягадныя сокі, адвар шыпшыны.
l Масла сметанковае несалёнае, сланечнікавы і аліўкавы алей у натуральным выглядзе або дабаўленыя ў стравы.
l Хлеб пшанічны ўчарашняй выпечкі або падсушаны; няздобныя булачкі і печыва, сухі бісквіт.
Чаго лепш пазбягаць
Павышаюць кіслотнасць страўнікавага соку:
l Малочныя прадукты з высокай кіслотнасцю, вострыя сыры.
l Вострыя соусы і прыправы.
l Сокі кіслых ягад і садавіны (асабліва цытрусавых і таматны).
l Супы на мясным або грыбным булёне, боршч, вараная капуста, халаднік.
Аказваюць раздражняльнае дзеянне на слізістую страўніка і стрававода:
l Проса, ячныя крупы.
l Белакачанная капуста, баклажаны, цыбуля, часнок, грыбы, агароднінныя кансервы.
l Кіслыя і няспелыя ягады і садавіна ў сырым выглядзе.
l Мацаванае віно, моцныя алкагольныя напоі.
Выклікаюць уздуцце жывата і павялічваюць рызыку пякоткі:
l Свежы жытні хлеб, бліны, піражкі, пірагі, здоба.
l Бабовыя.
l Газіраваныя напоі, квас, піва.
Доўга знаходзяцца ў страўніку, выклікаюць вельмі актыўнае выдзяленне стрававальных сокаў і жоўці, павышаючы рызыку пякоткі:
l Тлустыя віды рыбы; вэнджаная, салёная і смажаная рыба.
l Сала, перасмажаны алей.
l Яечня і смажаны амлет.
l Тлустыя гатункі мяса і птушкі ў смажаным выглядзе, кансервы.
Змяшчаюць рэчывы, якія правакуюць закід страўнікавага змесціва ў стрававод:
l Шакалад, кава, кола.
l Эфірны алей мяты расслабляе сфінктар стрававода. Пазбягайце напояў, араматызаваных гэтым алеем, а таксама мятнай гумкі.
Важна
l Харчуйцеся дробна, 4—5 разоў у суткі. Так вы зможаце пазбегнуць залішняга расцяжэння страўніка, што з’яўляецца дадатковым фактарам рызыкі пякоткі.
l Пасля яды не лажыцеся і не сядзіце ў напаўсагнутым становішчы на працягу 1,5—2 гадзін.
l Не ешце непасрэдна перад сном. Вячэра павінна быць нятлустай.
l Спіце з прыпаднятым (на 10—15 см) галаўным канцом ложка.
l Стравы і напоі пры пякотцы пажадана ўжываць крыху цёплымі. Надта гарачая ежа аказвае неспрыяльнае дзеянне на слізістую абалонку стрававода і страўніка, раздражняючы яе. Халодная ежа прыгнятае сакраторную функцыю страўніка і надоўга затрымліваецца ў ім.
l Некаторыя лекавыя прэпараты, напрыклад, тыя, што змяшчаюць ацэтылсаліцылавую кіслату, аказваюць раздражняльнае дзеянне на страўнік. У гэтым выпадку лепш прымаць падобныя лекі пасля яды. Узмацняюць пякотку некаторыя спазмалітыкі, заспакаяльныя, антыдэпрэсанты.
l Курэнне садзейнічае ўзмацненню сімптомаў пякоткі, таму зменшыце колькасць цыгарэт, што выкурваеце за дзень, да мінімуму, а яшчэ лепш — кіньце курыць.
l Неўрозы і павышаная трывожнасць могуць стаць прычынай разавай або паўторнай пякоткі. Заўважана таксама, што людзі, якія пастаянна адчуваюць страх, часцей пакутуюць ад пякоткі.
l Не насіце цеснага адзення. Гэтаксама, як лішні тлушч на жываце, цеснае адзенне "пераціскае" талію, прымушаючы кіслату падымацца назад у стрававод.
l Майце на ўвазе, што працяглы бескантрольны прыём антацыдных прэпаратаў, якія знімаюць праявы пякоткі, можа прывесці да з’яўлення запораў, ванітаў і іншых пабочных эфектаў. Таму перад тым, як пачаць прыём антацыдаў, парайцеся з урачом.
Народная медыцына раіць пры пякотцы:
l надзерці на дробнай тарцы палову невялікай морквы і павольна з’есці;
l пажаваць і праглынуць некалькі адвараных гарошын (людзі, якія пакутуюць ад пякоткі, могуць пастаянна трымаць для гэтых мэт у халадзільніку адварны гарох);
l добра дапамагае насенне кропу;
l выпіць цёплай мінеральнай вады без газу;
l выпіць чвэрць шклянкі бульбянога соку; для прафілактыкі яго можна піць курсам, 3 разы на дзень, за паўгадзіны да яды.
Увага! Многія з нас для ўстаранення праяў пякоткі карыстаюцца папулярнымі хатнімі метадамі — п'юць соду або малако. Спецыялісты гэтыя метады купіравання пякоткі не рэкамендуюць. Пры прыёме соды ўзнікае "эфект рыкашэту": спачатку кіслотнасць у страўніку рэзка зніжаецца — амаль да нуля, а праз нейкі час зноў узрастае. Такі перапад кіслотнасці неспрыяльна адбіваецца на стане слізістай абалонкі страўніка і можа парушаць кіслотна-шчолачны баланс арганізма.
Што датычыцца малака, то яго бялкі і прысутны ў ім кальцый зноў-такі стымулююць сакрэцыю кіслаты ў страўніку. А значыць, новы прыступ пякоткі не за гарамі.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.