Хто яна такая — панкрэас?
Пра яе ведалі яшчэ старажытныя лекары і назвалі яе панкрэас (лац. "раnсrеаs" — "уся з мяса")
Падстраўнікавая залоза выпрацоўвае панкрэатычны сок — у ім усе неабходныя ферменты, якія дапамагаюць ператраўліванню бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. А другі яе абавязак — сінтэзаваць гармоны, напрыклад, добра знаёмы ўсім інсулін: ён рэгулюе ўзровень глюкозы ў крыві. Калі праток залозы па нейкіх прычынах закупорваецца, скажам, жоўцевым каменем, ферменты не могуць выйсці "вонкі", застаюцца ў падстраўнікавай залозе і пачынаюць разбураць яе тканкавыя структуры (працэс самаператраўлівання). Развіваецца запаленне — панкрэатыт. Хвароба можа працякаць у вострай (хутка і бурна) або хранічнай (доўга і вяла) форме.
Правакатарам — не!
Перш за ўсё падстраўнікавая залоза помсціць нам за нашы ж памылкі. Першае месца ў рэйтынгу "правакатараў" падзяляюць алкаголь і жоўцекамянёвая хвароба (больш як 70% выпадкаў). Дарэчы, востры панкрэатыт можа раптам пачацца ў непітушчага чалавека, калі ён "перабраў". А наогул, адзначаюць спецыялісты, прычын развіцця хваробы мноства. Самыя распаўсюджаныя: захворванні страўніка і дванаццаціперснай кішкі; прыём некаторых лекаў; інфекцыі (вірусныя гепатыты); парушэнне абмену рэчываў; траўмы жывата. Магчымае развіццё хранічнага панкрэатыту пры генетычных дэфектах, парушэннях імуннай сістэмы і да т.п. Таксама правакуюць узнікненне хваробы такія прафесійныя шкоднасці, як магутнае электрамагнітнае выпраменьванне, некаторыя арганічныя яды (лакафарбавая і хімічная прамысловасць).
Чаму гэта небяспечна?
Пры вострым панкрэатыце назіраюцца ўскладненні як з боку органаў брушной поласці, так і органаў, размешчаных за яе межамі. У першую групу ўваходзяць абсцэсы ўнутрыбрушныя, вострыя эрозіі і язвы страўнікава-кішачнага тракту, у другую — вострая сардэчна-сасудзістая, дыхальная, нырачная недастатковасць. Часта захворванню спадарожнічае гепатыт, парушэнне вугляводнага абмену — павышэнне ўзроўню цукру ў крыві і яго з'яўленне ў мачы.
Хранічны панкрэатыт не такі агрэсіўны, але, у адрозненне ад вострага, ён вядзе да незваротных змяненняў падстраўнікавай залозы. Загінулыя "рабочыя" клеткі замяняюцца клеткамі злучальнай тканкі, якія не могуць выпрацоўваць стрававальныя ферменты і гармоны. Наступства — хваробы кішэчніка, развіццё цукровага дыябету. Часам хранічны панкрэатыт прыводзіць і да раку падстраўнікавай залозы.
Алё, "хуткая"?
Нясцерпны боль у жываце (лакалізуецца высока пад лыжачкай, у правым ці левым падрабрынні, пры пашкоджанні ўсёй залозы носіць апаясвальны характар), млоснасць, ваніты, якія не прыносяць палёгкі, тахікардыя (пачашчаны пульс), ліхаманка — вось галоўныя прыкметы вострага панкрэатыту. У такой сітуацыі
Трэба:
l неадкладна выклікаць "хуткую"!
l адмовіцца ад ежы і пітва: гэта раздражняе падстраўнікавую залозу і стымулюе выпрацоўку ферментаў.
Нельга:
l прымаць болесуцішальныя і іншыя лекі да прыезду доктара;
l класці грэлку на жывот.
Можна:
Каб палегчыць боль, лепш за ўсё сесці, злёгку сагнуўшыся, і прыкласці да левага боку жывата, крыху ніжэй рэбраў, грэлку-пузыр з лёдам. Дома такой няма? Выкарыстайце пакет з замарожанымі прадуктамі.
Бедны "хронік"
У хранічнага панкрэатыту — твары розныя. Існуе так званая болевая форма, яе асноўны сімптом — болі ў правым або левым падрабрынні, у вобласці спіны. Яны рэзка ўзмацняюцца пасля ўжывання алкаголю, тлустай або вострай ежы. Дыспепсічная форма хваробы — гэта частыя паносы, неператраўленыя рэшткі ежы ў кале, уздуцце жывата, метэарызм.
Аднак існуе і бессімптомная форма хранічнага панкрэатыту, калі працяглы час чалавек не адчувае якіх-небудзь змяненняў у арганізме.
Пры хранічным панкрэатыце апетыт звычайна захоўваецца або зніжаны нязначна, але хворыя баяцца есці, паколькі пасля прыёму ежы болі ўзмацняюцца. Таму, як правіла, хранічны панкрэатыт суправаджаецца зніжэннем масы цела, пахудзеннем.
У бальніцы і дома
Як лечаць запаленне падстраўнікавай залозы? Востры панкрэатыт — толькі ў стацыянары, пры "гарачым" прыступе хранічнага шпіталізацыя таксама неабходная.
Каб эфектыўна лячыць панкрэатыт, трэба дакладна разумець, што адбываецца. Таму ў бальніцы адразу ж праводзяць экстраннае абследаванне (рэнтген, УГД і інш.) і робяць неабходныя аналізы. Пры лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці вострага панкрэатыту першым чынам здымаюць спазмы і болі і прыгнятаюць выпрацоўку ферментаў падстраўнікавай залозай, плюс зніжаюць інтаксікацыю і папярэджваюць абязводжванне — хвораму ставяць кропельніцы з фізіялагічным растворам, глюкозай. Два-тры дні — абсалютна ніякай ежы, прычым з другіх сутак — частае пітво шчолачнай мінеральнай вады без газу, з 3—5-га дня дазваляецца ўжыванне вадкіх каш.
Але сітуацыі бываюць розныя: напрыклад, востры панкрэатыт можа выклікаць праблемы з дыханнем, гіпаксію. Значыць, патрэбна падача кіслароду праз маску, а часам і рэанімацыйнае лячэнне, а гэта магчыма толькі ў бальніцы. Сур'ёзнае ўскладненне — адмова нырак, і тады хвораму неабходны дыяліз. Некаторыя формы вострага панкрэатыту патрабуюць экстраннага хірургічнага ўмяшання.
Лячэнне хранічнага панкрэатыту, як правіла, кансерватыўнае: доктар прызначае прэпараты для аблягчэння боляў, ферменты, калі падстраўнікавая залоза выпрацоўвае іх мала. Часам патрэбен і інсулін, каб рэгуляваць узровень глюкозы ў крыві. І самае галоўнае — дыета, менавіта яна ратуе ад рэцыдываў.
Як правільна харчавацца пры панкрэатыце?
Можна:
Бялковыя амлеты, нятлустае мяса, птушка, рыба, крупы — аўсяныя, грэцкія, гародніна, адварная і запечаная ў працёртым выглядзе (бульба, квяцістая капуста, морква, кабачкі, гарбуз, буракі), садавіна і ягады — працёртыя свежыя або запечаныя, нятлустыя кісламалочныя прадукты (пры добрай пераноснасці), слабы чай з малаком, адвар шыпшыны, сокі — абмежавана.
Нельга:
Арэхі, грыбы, бабовыя, наварыстыя булёны, тлустыя, вострыя і кіслыя стравы, каўбаса, сасіскі, сардэлькі, субпрадукты, вяндліна і саленні, ікра, тлустыя гатункі рыбы, цытрусавыя, кіслыя ягады і садавіна, чорны хлеб, проса, кукурузныя крупы, свежую выпечку, тарты, пірожныя, шакалад, марожанае, алкаголь, квас, каву, газаваныя напоі, мёд, агародніну з грубай клятчаткай (белакачанную капусту, перац салодкі, радыску, цыбулю, часнок і інш.).
Дарэчы, хворым пажадана абмежаваць ужыванне кухоннай солі. Самае лепшае — гатаваць ежу на пары. Сметанковае масла або алей можна дадаваць толькі ў гатовую страву: тлушчы, якія прайшлі тэрмічную апрацоўку, шкодныя для падстраўнікавай залозы.
Пасля вострага панкрэатыту чалавека звычайна "трымаюць" на дыеце. А вось "хронікам", адзначаюць медыкі, куды больш складана: тыя ці іншыя абмежаванні ў ежы застаюцца ў іх практычна на ўсё жыццё. Што можна зрабіць для аблягчэння долі хворага члена сям'і? Навучыцца смачна гатаваць. Дарэчы, многія дыетычныя стравы могуць стаць залатым стандартам для ўсёй сям'і — гэта правільнае і рацыянальнае харчаванне, якое засцеражэ ад хвароб страўнікава-кішачнага тракту і многіх іншых, захавае стройнасць.
Вельмі важна, каб хворы не зацыкліваўся на сваёй немачы. Вядома, месяц пасля абвастрэння дыеты трэба трымацца жорстка. Затым на працягу паўгода паступова яе пашыраць. Усё ў парадку? Выдатна. Павольна можна вяртацца і да звыклага харчавання (зразумела, без празмернасцяў), сачыць за сабой і не злоўжываць небяспечнымі прадуктамі. Калі рэмісія ўстойлівая, за святочным сталом можна дазволіць сабе невялікі куфель лёгкага віна. Толькі не закусвайце салатай аліўе.
"Хронікам" нельга пераядаць: залоза павінна працаваць без напружання. Не застацца галодным, з'еўшы меншую порцыю, дапаможа шклянка вады, калі яе выпіць за паўгадзіны да яды. І не забывайце яшчэ адно правіла: старайцеся есці прыкладна ў адзін і той жа час, каб падстраўнікавая залоза не працавала ўпустую.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.
Па ўзгадненні з урачом пры хранічным панкрэатыце магчымае правядзенне фітатэрапіі
Трава святаянніку (1 частка), лісце мяты (1 частка), кветкі рамонку (1 частка), кветкі ліпы (1 частка). 1 ст. лыжку збору заліць шклянкай кіпеню, настойваць на вадзяной лазні 30 хвілін, астудзіць, працадзіць. Піць па 1/2 шклянкі 3 разы на дзень праз 1 гадзіну пасля яды.
Узяць па 10 г кветак календулы лекавай, рамонку аптэчнага, травы святаянніку, ваўчкоў, кораню дзівасілу. Заліць 1 ст. лыжку сумесі шклянкай кіпеню, настойваць паўгадзіны, працадзіць. Прымаць па 1/3 шклянкі 3 разы на дзень за 20 хвілін да яды курсамі па 2—3 тыдні.
Узяць роўнымі часткамі: падбел, трыпутнік, крываўнік, лакрычнік, сушаніцу, насенне каляндры, корань валяр'яну, мяту, кукурузныя рыльцы, святаяннік, календулу. 2 ст. лыжкі з верхам сумесі заліць у тэрмасе 0,5—0,7 л кіпеню, пакінуць на 1,5—2 гадзіны. Затым працадзіць, выпіць на працягу дня ў 5—6 прыёмаў. Курс — 5 дзён у тыдзень, затым 2 дні перапынак.