Радуйся - і даўжэй пражывеш

Источник материала:  
09.02.2011 09:15 — Новости Здоровья

Радуйся - і даўжэй пражывеш


Ці магчымае ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі з'яўленне "эліксіру маладосці" і ці збудуцца прагнозы вучоных
аб жыцці чалавека працягласцю ў 1000 гадоў?

Чаго толькі ні рабілі людзі, каб жыць даўжэй! Пералівалі кроў бараноў, купаліся ў крыві забітых немаўлят, ужывалі асобныя органы жывёл, перацягвалі семянныя канальцы, прымалі содавыя ванны, дыхалі паветрам, якое выдыхалі нявінніцы... Ніводная з выказаных дагэтуль гіпотэз не знайшла сур'ёзнага пацвярджэння. На канферэнцыі, прысвечанай пытанням працягласці жыцця, якая прайшла ва ўніверсітэце Оксфарда на пачатку бягучага стагоддзя, прагучала меркаванне, што на Зямлі ўжо нарадзіліся людзі, якія змогуць пражыць не тое што 150, а нават 1000 гадоў. На думку аднаго герантолага з Кембрыджскага ўніверсітэта, усё, што неабходна для дасягнення такога сталага ўзросту — гэта рэгулярны "тэхагляд" арганізма і замена органаў, якія выпрацавалі свой рэсурс. Генная тэрапія, лячэнне ствалавымі клеткамі і іншыя біятэхналогіі будуць адсоўваць, паводле меркаванняў вучонага, непазбежную смерць на 30-40 гадоў штораз. За гэты час навука будзе развівацца настолькі, што зможа прадаставіць чалавеку яшчэ адну адтэрміноўку. Вядома, такія сцвярджэнні адносяцца хутчэй да разраду футурыстычных.

Адзін з даследчыкаў-выступоўцаў паведаміў на вышэйназванай канферэнцыі, што сярэдняя працягласць жыцця чалавека можа быць павялічана як мінімум на 40 працэнтаў. Як мяркуецца, толькі зніжэнне калорый у рацыёне можа працягнуць чалавеку жыццё да 112 гадоў. Падобнага пункту гледжання трымаюцца многія вядомыя вучоныя. Яны выказваюць гіпотэзу аб тым, што праз 50 гадоў з'явяцца людзі, якім удасца захаваць маладосць і перасягнуць стагадовую жыццёвую мяжу.

Некаторыя сучасныя вучоныя імкнуцца стварыць "таблетку маладосці". Так, дзякуючы развіццю электроннай прамысловасці была выраблена электронная таблетка — мікрапрацэсар, які імітуе сігналы, што дасылаюцца з гіпаталамуса ва ўсе ўнутраныя органы. У выніку такога ўздзеяння адметна паляпшаецца кровазварот, мацуецца імунітэт, нармалізуецца работа страўніка, печані, нырак, прастаты, змяншаецца развіццё атэрасклерозу.

— Гісторыя цывілізацыі сведчыць, што вельмі многія вынаходніцтвы, якія спрабавалі прымяняць на практыцы, мелі негатыўныя наступствы, — кажа дацэнт кафедры рэабіліталогіі Дзяржаўнага інстытута ўпраўлення і сацыяльных тэхналогій Белдзяржуніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Уладзімір Мількамановіч. — Зараз шмат навуковых спрэчак адбываецца вакол выкарыстання ствалавых клетак. Іх прымяненне падносіцца ледзь ці не як панацэя ад старэння і многіх хвароб. Але як ствалавыя клеткі будуць паводзіць сябе ў далёкім будучым, навуцы невядома. Беларускі вучоны, доктар медыцынскіх навук, прафесар Мікалай Сарока перакананы, што "эліксір маладосці" не будзе вынайдзены ніколі. Гэта супярэчыла б законам біялогіі і прыродзе жывога арганізма. "Эліксір маладосці" для кожнага чалавека — гэта, перш за ўсё, ён сам. Толькі прыкладаючы вялікія намаганні для падтрымання фізічнага здароўя, пазбягаючы сур'ёзных стрэсаў, чалавек можа заставацца маладым. Бо здароўе кожнага з нас залежыць ад ладу жыцця...

Біялагічная працягласць жыцця вагаецца ад 70 да 150 гадоў. На сёння нармальным лімітам біялагічнай працягласці жыцця можа быць 100 гадоў. Раней гэты тэрмін лічыўся мэтай, да якой трэба было імкнуцца. Сёння можна меркаваць, што праблема таго ж сярэднестатыстычнага беларуса ў тым, што ён проста... не бачыць сябе старэйшым за 70 гадоў! А калі ты "не бачыш" сябе 100-гадовым, то наўрад ці дажывеш да такога юбілею.

Вядома, што працягласць жыцця залежыць ад цесна звязаных паміж сабой сацыяльных і біялагічных фактараў. Да сацыяльных адносяцца: характар працы (яна павінна падабацца, спрыяць уласнаму іміджу, а таксама правільным чынам спалучацца з адпачынкам), узровень матэрыяльнай забяспечанасці і медыцынскім абслугоўваннем, жыллёвыя ўмовы, узаемаадносіны асобы і грамадства, рэалістычнасць ацэнкі сваіх магчымасцяў, адэкватнасць выбару сацыяльнай ролі і ўласнага месца ў грамадстве. Адзначаецца, што з ростам цывілізаваных формаў жыцця яе сярэдняя працягласць паступова ўзрастае. Удзельная вага пажылых людзей больш высокая, як правіла, у развітых краінах, а таксама ў буйных гарадах.

Да біялагічных фактараў адносяцца пол (ва ўсіх краінах свету працягласць жыцця жанчын большая, чым у мужчын), характар спадчыннасці (генетычны код), прыродна-кліматычныя ўмовы асяроддзя (лепш жыць у звыклым з дзяцінства клімаце або належным чынам прыстасоўвацца да новых умоў, развітвацца са старымі звычкамі), экалагічная спрыяльнасць.

Працэс старэння закладзены ў генетычную праграму і абумоўлівае выкарыстанне энергетычнага і псіхалагічнага запасу чалавека. Старасць — натуральны і заканамерны перыяд развіцця, біялагічны феномен, які суправаджаецца сур'ёзнымі псіхалагічнымі і сацыяльнымі змяненнямі. Старасць набліжаецца да чалавека праз фізічнае аслабленне арганізма і псіхічнае аслабленне інтарэсаў. Вядома, што псіхічнае згасанне паскарае фізічнае. А значыць, людзі, якім удаецца доўга захоўваць псіхічную актыўнасць, якая адкладвае, у сваю чаргу, адбітак на актыўнасць фізічную, працягваюць маладосць і адсоўваюць нядужую глыбокую старасць.

Многія даследчыкі разглядаюць старасць як сукупнасць страт — эканамічных, сацыяльных, індывідуальных. У той жа час адзначаецца, што гэта свайго роду кульмінацыйны момант акумуляцыі вопыту і ведаў, інтэлекту і асобаснага патэнцыялу, які дазваляе прыстасоўвацца да ўзроставых змен.

У падмурку даўгалецця — феномену дажывання чалавека да высокіх узроставых межаў — хаваюцца многія фактары. Напрыклад, спадчыннасць, тып вышэйшай нервовай дзейнасці (даўжэй жывуць людзі лёгкія — не легкадумныя, а тыя, што не ствараюць праблем, не ідуць на канфлікт, а ва ўсім шукаюць пазітыў), змены ў выніку перанесеных захворванняў, сацыяльна-эканамічныя ўмовы, прыродна-геаграфічнае асяроддзе. Вялікае значэнне надаецца ролі спрыяльнага прыроднага асяроддзя — клімату, глебы, вады, флоры, фаўны. Спалучэнне спрыяльных экалагічных фактараў спрыяе даўгалеццю і нават крыху згладжвае значэнне спадчыннай асновы. Вельмі важнае для даўгалецця традыцыйнае і рацыянальнае харчаванне. Яно звычайна высокавітамінізаванае, збалансаванае па ўсіх асноўных кампанентах, мае аптымальныя суадносіны па мікраэлементах, паніжаную каларыйнасць. Такі тып дыеты павінен скласціся ў раннім дзяцінстве і захоўвацца ў далейшым. Пэўную ролю адыгрываюць за сталом няспешнасць і пэўныя рытуалы.

Спрыяе захаванню даўгалецця і традыцыйная нацыянальная культура, псіхалагічны клімат, пры якім забяспечваецца высокая павага да старых людзей. Доўгажыхары рана пачынаюць і позна завяршаюць працоўную дзейнасць, а сама праца характарызуецца пастаянствам і ўмеранасцю фізічных і нервова-псіхічных нагрузак.

Вельмі распаўсюджаная з'ява — заўчаснае старэнне. Для большасці пажылых і старых людзей характэрныя розныя ступені заўчаснай старасці, паколькі працэс гэты таксама залежыць ад многіх прычын. Гэтаму могуць спрыяць хваробы, якія хутка развіваюцца, прыводзяць да нядужасці і інваліднасці. Напрыклад, атэрасклероз з'яўляецца адным з асноўных фактараў, якія вызначаюць характар старэння і яго тэмп. Звычайна біялагічны ўзрост людзей, якія пакутуюць ад атэрасклерозу, "прасоўваецца" на 10-15 гадоў. Пры заўчасным старэнні функцыянальны стан сардэчна-сасудзістай сістэмы пагаршаецца ў большай ступені, чым пры нармальным старэнні. Склероз сасудаў мозга, які прагрэсуе, па сваіх сімптомах нагадвае старэчае адрахленне. У мужчын 45-55 гадоў са з'явамі заўчаснага старэння паніжаецца выпрацоўка мужчынскіх палавых гармонаў і павышаецца выпрацоўка жаночых. Аслабляецца агульная імуналагічная рэактыўнасць, у крыві павялічваецца ўтрыманне халестэрыну.

Прыкметы заўчаснага старэння заўважаны і пры такіх хранічных захворваннях, як туберкулёз, язвавая хвароба, цукровы дыябет 2 тыпу, псіхічныя траўмы, імунная недастатковасць. Вялікую ролю іграюць псіхічны і эмацыянальны стрэс, недаяданне, іанізуючая радыяцыя.

Тут варта патлумачыць, што хваробы не сыплюцца на чалавека з ніадкуль. Усе яны сведчаць аб нейкіх памылках у паводзінах канкрэтнага чалавека, аб тым, што ён стварыў для іх пэўную глебу. І чым раней мы ўсе гэта ўсвядомім, тым лепш. Бо, як вядома, позна піць "Баржомі", калі ад здаровай печані засталіся адны ўспаміны...

У працах Гіпакрата былі знойдзены першыя апісанні прыкмет старэння і хвароб у старых людзей — спецыфічныя сімптомы хвароб нырак і жоўцевых шляхоў, удушша і кашаль, боль у суставах, галавакружэнне, бяссонніца, аслабленне слыху, катаракта і інш. Вялікае значэнне надавалася канстытуцыі чалавека — характару і агульнаму целаскладу. Лічылася, што флегматыкі асабліва падвержаныя хваробам старасці, а халерыкі ў старэчым узросце хварэюць мала. Тады ж было заўважана, што старыя адчуваюць сябе лепш летам і на пачатку восені.

У прафілактыцы старасці галоўную ролю адводзілі дыеце і харчаванню. Старым прапанавалася ўжываць нятлустае мяса, рыбу, алей, сухафрукты. Авіцэна раіў ужываць пераважна малочна-раслінную ежу, невялікую колькасць чырвонага віна. Акрамя таго, ён раіў не забывацца на прагулкі, масаж, верхавую язду і паслабляльныя сродкі. Старым раілі жыць толькі ў коле сваёй сям'і, бо адзінота лічылася адной з асноўных прычын старэння.

У часы сярэднявечча ўрачы італьянскай Салермскай медыцынскай школы лічылі, што для дасягнення даўгалецця варта ўжо ў актыўным узросце весці ўмераны лад жыцця, знаходзіцца ў радасным настроі і мець паўнавартасны адпачынак. Лепш і сёння не скажаш. 

←Деринат. Если вирус вдруг придет!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика