Зона рызыкі — грудзі

Источник материала:  

Непрыгожых грудзей не бывае. Яны могуць быць вялікімі або маленькімі, пышнымі або сціплымі, спакуслівымі або спартыўнымі... Добрыя любыя, толькі б здаровыя!

Што перашкаджае грудзям заставацца здаровымі?

Чаму менавіта малочная залоза ў жаночым арганізме схільная да злаякасных працэсаў? Дрэнная экалогія, стрэсы ўздзейнічаюць жа на ўсё наша цела. Справа ў тым, што грудзі — самы гармоназалежны орган у арганізме жанчыны. А на гарманальны статус уплывае абсалютна ўсё: магнітныя буры, сонечная радыяцыя, лад жыцця, душэўны настрой. І прэсінг пастаянна павялічваецца. На падставе шматлікіх назіранняў спецыялісты-анколагі склалі рэйтынг асноўных фактараў рызыкі.

l  Спадчыннасць. Рак малочнай залозы можа перадавацца па мацярынскай лініі. Вучоныя нават вызначылі гены, якія правакуюць развіццё захворвання, і храмасомы, у якіх яны лакалізуюцца. Верагоднасць развіцця раку ў носьбітаў гэтых генаў складае 40% — да 50 гадоў і 80% — да 70 гадоў. Але не варта ўпадаць у паніку, даведаўшыся, што ў кагосьці ў сям'і быў рак грудзей. Лепш пастаўцеся да сябе больш беражліва. Штомесяц праводзьце самаабследаванне, а раз у год наведвайце мамолага.

l  Рэпрадукцыйныя паводзіны сучаснай жанчыны. Нарадзіўшы адзінае дзіця, яна спяшаецца выйсці на працу. А прыродай ёй прызначана нараджаць і карміць грудзямі дзяцей. І эндакрынная сістэма (сукупнасць залоз, якія выпрацоўваюць гармоны) незалежна ад кар'ерных планаў працуе ў рытме, закліканым забяспечыць выкананне гэтага прызначэння. Раней жыццё жанчын было ўзгоднена з гэтымі рытмамі: на працягу ўсяго рэпрадукцыйнага ўзросту яны выношвалі дзяцей, кармілі іх грудзямі, прычым, каб не зацяжараць зноў, кармілі доўга, дазваляючы дзіцяці прыкладвацца да грудзей да двух, а то і да трох гадоў. Грудзі пастаянна працавалі. Да гэтага часу ў краінах з высокай нараджальнасцю жанчыны не ведаюць, што такое рак малочнай залозы. Зразумела, што вяртання да мінулага няма, і адзінкі робяць нараджэнне і выхаванне дзяцей сэнсам жыцця. Але вось карміць дзіця трэба хоць бы да паўгода, а лепш — да 9—10 месяцаў.

l  Правільнае рэпрадукцыйнае жыццё заключаецца яшчэ і ў рэгулярных палавых кантактах. Іх адсутнасць — таксама фактар рызыкі. Жанчыны, асабліва паспяховыя ў бізнэсе, часта адзінокія. Часу і сіл не хапае не толькі на ўладкаванне сям'і, але і на сустрэчы з партнёрамі. І добра яшчэ, калі жанчына не адчувае пры гэтым дыскамфорту. У такім выпадку сітуацыя не ўяўляе сур'ёзнай пагрозы. А вось калі жанчына адчувае патрэбу ў сэксе, але не мае магчымасці яе задаволіць, то гэта ўжо выклікае непрыемнасці: палавыя гармоны "адыгрываюцца" на малочнай залозе. Таму пастарайцеся арганізаваць асабістае жыццё такім чынам, каб у ім знайшлося месца рэгулярнаму сэксу. Гэта вернецца ў сто разоў: ураўнаважаная, упэўненая ў сабе жанчына і фізічна адчувае сябе лепш, і працуе больш эфектыўна.

l  Згубныя для грудзей і аборты. Адразу пасля апладнення пачынаецца гарманальная перабудова, мэта якой — падрыхтаваць арганізм да родаў, а грудзі — да кармлення. Пасля аборту клеткі малочнай залозы абавязаныя ў тэрміновым парадку вярнуцца ў "дацяжарны" стан. Не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Некаторыя з іх могуць стаць на крывую дарожку пухліннага росту, даючы пачатак вялікім і маленькім дабраякасным вузельчыкам. Асабліва небяспечнае перарыванне цяжарнасці ў раннім узросце, да нараджэння першага дзіцяці.

l  Стрэсы негатыўна адбіваюцца на здароўі малочнай залозы. Трэніруе арганізм толькі непрацяглы стрэс, асабліва калі ён добра заканчваецца. Стрэс хранічны, выкліканы душэўнымі перажываннямі, цэйтнотам, парушае работу імуннай сістэмы, зніжае ахоўныя сілы арганізма. А гэта значыць, што арганізм можа не справіцца з ракавымі клеткамі і з'явіцца пухліна.

l  Прывесці да раку могуць і траўмы грудзей. Сёння гэты фактар асабліва актуальны: сучасная жанчына нярэдка водзіць аўтамабіль, займаецца экстрэмальнымі відамі спорту, а ўсё гэта часта прыводзіць да траўмаў.

l  Знаходжанне пад сонцам. Асабліва шкоднае ўздзеянне прамых сонечных прамянёў на малочныя залозы. Іх далікатная скура значна больш уразлівая, чым скура спіны або ног. Яна не можа адбіць атакі сонечных промняў, і ўльтрафіялет пранікае ў залозістую тканку. А паколькі тая ці іншая паталогія грудзей сустракаецца ў кожнай пятай жанчыны пасля 35-ці, цалкам верагодна, што і вы з'яўляецеся адной з іх. Сонца можа стымуляваць рост пакуль яшчэ малюсенькага новаўтварэння. Таму лепш загараць у рассеяных праменях, у цені і абавязкова ў купальніку. І памятайце, што сонца актыўнае не толькі на поўдні. Берагчы грудзі трэба і ў сярэдняй паласе, загараючы на дачным лужку.

l  Узрост. Фактарам рызыкі для ўзнікнення раку грудзей лічыцца ўзрост пасля 40 гадоў, калі жаночы арганізм пачынае зведваць каварныя ўзроставыя (у тым ліку і гарманальныя) змяненні, што згубна ўплываюць на стан малочнай залозы.

Што дапамагае?

Правільнае харчаванне. Вельмі карысныя для малочнай залозы прадукты з высокім утрыманнем вітамінаў А, Е і С. Гэта морква, шпінат, зялёная цыбуля, абрыкосы, цытрусавыя і іншыя "рыжыя". Кукурузны і аліўкавы алей, яечны жаўток, бананы і курага, хлеб з вотруб'я, кашы з цэльнага зерня — вось што дапаможа грудзям быць на вышыні. Забудзьцеся пра тлустую і празмерна салёную ежу ў неабмежаванай колькасці. (Соль затрымлівае ваду ў арганізме і выклікае расцяжэнне злучальнай тканкі.) Не забывайцеся дабаўляць у салаты зяленіва пятрушкі, кропу і сельдэрэю. Гэтым вострым травам, а дакладней эфірным алеям, што ўтрымліваюцца ў іх, па сілах аблегчыць праявы перадменструальнага сіндрому. Зменшаць адчуванне дыскамфорту ў грудзях і гаючыя чаі — зялёны, з бярозавых пупышак, лісця маліны, суніцы.

Пажадана таксама, каб на вашым стале частымі гасцямі былі морапрадукты (напрыклад, кальмары, марская капуста).

Фізічная актыўнасць. Добра ўмацоўвае малочную залозу плаванне. Толькі трэніроўкі павінны быць на задавальненне: без знясільвання сябе непасільнымі нагрузкамі і ў правільна падабраным купальніку. Можна таксама запісацца ў секцыю аквааэробікі. Гэтыя заняткі даюць добрую нагрузку на грудную мышцу і пры гэтым зусім не траўматычныя.

"Не любяць" жаночыя грудзі гульнявыя віды спорту (вялікі тэніс, хакей на траве, валейбол), падчас якіх малочныя залозы могуць быць удараны. Калі ўсё ж вы прымаеце ўдзел у гульнях з мячом, каб пазбегнуць небяскрыўдных для здароўя траўм малочнай залозы, адпрацуйце хуткую ахоўную рэакцыю і старайцеся засцерагчы грудзі ад удараў скрыжаванымі перад імі рукамі.

Зручная бялізна. Бюстгальтар павінен дакладна адпавядаць памеру вашых малочных залоз і ні ў якім разе не павінен быць малым. Цесны бюстгальтар можа быць прычынай парушэння кровазвароту, што нярэдка правакуе развіццё анкалагічных захворванняў. Тугая бялізна на металічных костачках выглядае вельмі прывабна, аднак сцягвае грудзі і прыводзіць да мікратраўмаў. Таму калі ўжо з костачкамі, дык толькі з пластыкавымі.

Не насіце бюстгальтар больш як 12 гадзін у суткі і ніколі не спіце ў ім.

Для заняткаў спортам існуе спецыяльная бялізна, якая не стрымлівае рухаў і добра падтрымлівае форму. Бялізна павінна адпавядаць наступным умовам: быць належнага памеру; вырабленая з эластычнай бавоўны; цалкам закрываць малочныя залозы і ні ў якім разе не на костачках (пры рэзкіх і актыўных рухах костачкі траўмуюць грудзі).

Штодзённы догляд

l  Пачынаем з простага практыкавання. Станьце прама. Злучыце далоні на ўзроўні грудзей, сцісніце іх як мага мацней і ўтрымлівайце не больш як 5 секунд. Паўтарыце 10—15 разоў. Гэтае практыкаванне можна выконваць на працы, падчас прагулкі — карацей, усюды.

l  Не забывайцеся пра кантрасны душ. Ён падтрымлівае скуру грудзей у эластычна-аксаміцістым стане, да таго ж з'яўляецца лепшым трэнінгам для крывяносных сасудаў. Усё проста. Перад сном па чарзе цёплай і халаднаватай вадой аблівайце кругавымі рухамі малочныя залозы. Заканчвайце працэдуру халодным душам.

l  Перад ранішнім душам заўсёды карысна выканаць 10 кругавых масажных рухаў у вобласці дэкальтэ. Рабіць гэта лепш мяккай рукавічкай або спецыяльнай шчоткай. Калі скура грудзей адчувальная, лепш карыстацца сродкам з мяккай шчацінай. Масаж выконваецца лёгкімі рухамі вакол грудзей у накірунку знізу ўверх.

l  Часцей прымайце ванны з марской соллю. Гэта вельмі эфектыўны сродак для павышэння тонусу грудзей. Усыпце ў цёплую ваду 200—300 г буйной марской солі, дайце ёй растварыцца, пасля чаго апусціцеся ў ванну на 10—15 хвілін.

l  Калі вы заўважылі першыя прыкметы старэння скуры грудзей у зоне дэкальтэ, скарыстайцеся танізавальнымі прэпаратамі. Умацавальны гель для грудзей увільгатняе, надае скуры пругкасць, эластычнасць і прадухіляе з'яўленне расцяжак. У склад сродку звычайна ўваходзяць экстракты жэньшэню, шалфею, хмелю і васілька. Наносіць гель неабходна штодзень масажнымі рухамі.

Што датычыцца крэмаў з фітаэстрагенамі, якія прызначаны для "хуткага і эфектыўнага павелічэння грудзей на тры памеры", іх бяспека пакуль што не даказана. З такімі сродкамі трэба быць асцярожнымі: штучна дабаўляючы ў малочную залозу гармоны, можна чакаць яе набухання, з'яўлення боляў.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

Рэгулярны прафілактычны агляд + самаабследаванне малочных залоз

Незалежна ад таго, ёсць праблемы з грудзямі або няма, усім жанчынам да 40 гадоў трэба рэгулярна наведваць урача раз у год, пасля 40 гадоў — раз у паўгода.

Акрамя таго, не забывайце праводзіць самаабследаванне. Ніхто не ведае вашы грудзі лепш, чым вы самі. Самаабследаванне неабходна праводзіць раз у месяц — у першы тыдзень пасля заканчэння менструацыі, а жанчынам у менапаўзе — у адзін і той жа дзень месяца. Стоячы перад люстэркам, уважліва агледзьце саскі і скуру грудзей. Затым падыміце адну руку і падушачкамі пальцаў другой рукі прашчупайце малочную залозу, прасоўваючыся ад падпахі да саска. Калі вы заўважылі пачырваненні, зацвярдзенні, вузельчыкі, балючасць або выдзяленні з саска, якіх раней не было, абавязкова пракансультуйцеся з урачом-мамолагам. Але не панікуйце! Гэтыя змяненні могуць быць выкліканы рознымі прычынамі (напрыклад, прыёмам кантрацэптываў), і нават з'яўленне невялікага зацвярдзення ў грудзях не заўсёды сведчыць аб злаякаснай пухліне. Не бойцеся звярнуцца па дапамогу да ўрача, бойцеся звярнуцца да яго вельмі позна!

←На забытом кисельном берегу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика