Негрыпозныя вірусы актывізаваліся
Нягледзячы на тую акалічнасць, што агульная захваральнасць насельніцтва Беларусі на ВРЗ і грып яшчэ не перавысіла парогавыя значэнні, асобныя школы ўжо пачалі закрывацца на каранцін. Так, па стане на 27 студзеня вучэбны працэс быў спынены ў васьмі школах (на вымушаныя канікулы давялося адпраўляць вучняў шасці школ у Аршанскім, адной школы ў Талачынскім раёне і адной школы ў Лідзе). Як паведамляла ўчора прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, увядзенне каранцінных мер было звязана з вялікай колькасцю ў дзіцячых калектывах захварэлых і неабходнасцю спыніць далейшае распаўсюджванне інфекцыі.
У цэлым па краіне ўзровень захваральнасці вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі перавышаны зараз на 8,27 працэнта, што сведчыць аб пачатку сезоннага эпідэмічнага пад'ёму. Разліковыя паказчыкі захваральнасці былі перавышаны ў пяці гарадах: Баранавічах (на 12,6 працэнта), у Оршы (на 14,1 працэнта), Магілёве (на 13,2 працэнта), Мазыры (на 4,8 працэнта) і Гомелі (на 2,1 працэнта).
Вынікі лабараторных даследаванняў даюць падставы меркаваць, што рост рэспіраторнай захваральнасці ў краіне абумоўлены актыўнай цыркуляцыяй рэспіраторных негрыпозных вірусаў, а таксама зімовымі кліматычнымі ўмовамі. За тыдзень з 17 па 23 студзеня ў кантрольных гарадах было зарэгістравана 70 213 выпадкаў грыпу і ВРЗ, што на 20,4 працэнта перавышае аналагічны паказчык за папярэдні тыдзень. Дзеці складаюць больш як 60 працэнтаў ад агульнай колькасці захварэлых, што характэрна для развіцця эпідсітуацыі пасля заканчэння школьных зімовых канікул.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Падстаў для ўвядзення каранціну па грыпе ў школах Мінска нямаАб гэтым паведаміў кіраўнік Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, галоўны санітарны ўрач сталіцы Фёдар Германовіч на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае БЕЛТА.
Агульны ўзровень захваральнасці ў сталіцы на вострыя рэспіраторныя інфекцыі паступова павялічваецца. 30 студзеня ў лячэбныя ўстановы горада, паводле звестак галоўнага санітарнага ўрача, звярнуліся амаль 4 тыс. чалавек. Але колькасць выпадкаў шпіталізацыі не павялічваецца.
"Сярод захварэлых — 50—60 працэнтаў дзеці. Тым не менш сітуацыя з захваральнасцю на вострыя рэспіраторныя інфекцыі ў школах Мінска спакойная. Падстаў для прыпынення работы школ няма", — сказаў Фёдар Германовіч.
Кіраўнік Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі нагадаў аб выкананні прафілактычных мерапрыемстваў у перыяд павышанага ўздыму захваральнасці і звярнуў увагу на выкананне так званага рэспіраторнага этыкету. Пры кашлі і чханні рэкамендуецца прыкрываць рот і нос аднаразовай хустачкай і выкідваць яе ва урну. Рэкамендуецца частае мыццё рук, непажадана дакрананне да вачэй і твару рукамі. Акрамя таго, на час лепш адмовіцца ад наведвання мерапрыемстваў з масавым удзелам людзей.