У Мінску на рак захворвае амаль кожны 250-ты жыхар

Источник материала:  

Чым раней выяўлена злаякасная пухліна, тым лепшыя вынікі лячэння

Сёння ва ўсім свеце назіраецца рост анкалагічных захворванняў. У Беларусі таксама. Згодна з аналізам Сусветнага фонду даследаванняў раку (WСRЕ), наша рэспубліка займае 42-е месца ў спісе краін, дзе найбольш часта сустракаюцца анкалагічныя захворванні. Цікава, што ў першай дзясятцы аказаліся краіны з высокім узроўнем развіцця — Данія, Нарвегія, Германія... На думку вучоных, гэта звязана з больш высокім узроўнем дыягностыкі ў іх, а таксама з большай працягласцю жыцця, бо рак часцей за ўсё з'яўляецца ў людзей менавіта сталага ўзросту.

Захваральнасць на рак у нашай краіне складае 213 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. А ў Мінску захворвае амаль кожны 250-ты жыхар.

Як адзначае галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкадыспансэра, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук Зігмунд Гедрэвіч, на першае месца сярод анкалагічных хвароб выйшлі злаякасныя новаўтварэнні скуры. Мужчыны часцей хварэюць на рак лёгкіх, жанчыны — на рак малочнай залозы.

Анкалагічны дыягназ — рэч дастаткова грозная. У Беларусі ад анкалагічных пухлін памірае ледзь не кожны пяты хворы. Аднак, нягледзячы на ўсю небяспеку такіх хвароб, з імі можна і трэба змагацца. Вядома, чым раней выяўлена злаякасная пухліна, тым лепшыя вынікі лячэння. На першай—другой стадыях хваробы рак практычна ўсіх лакалізацый вылечваецца амаль у 100 працэнтах выпадкаў. Аднак ёсць такія лакалізацыі, дзе рак ранніх стадый вельмі складана выявіць. Таму трэба ўважліва прыслухоўвацца да свайго арганізма. Асабліва гэта тычыцца людзей сталага ўзросту, якія прывыклі ўжо да сваіх "балячак". І праяўленне нейкіх новых клінічных сімптомаў іх нярэдка не насцярожвае. А, між іншым, на фоне гэтых змяненняў у арганізме, якія часта паўтараюцца, часам праяўляецца выразная клініка анкахваробы. І заўважыць гэта можа толькі спецыяліст. Таму, калі чалавек адчувае ў сваім здароўі змены, трэба абавязкова звярнуцца да ўрача. І, калі з'явяцца нейкія падазроныя прыкметы на наяўнасць злаякаснай пухліны, будзе прызначана даабследаванне, якое дазволіць выявіць рак на 1—2 стадыях. З гэтай жа мэтай у рэспубліцы праводзяцца акцыі па раннім выяўленні раку. Іх ініцыятарамі з'яўляюцца Міністэрства аховы здароўя і камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Падчас акцыі любы ахвотны можа трапіць на прыём да кваліфікаваных спецыялістаў: анколагаў, дэрматолагаў, хірургаў і інш.

Вольга ШАЎКО.

←На иголках

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика