Калі баліць вуха
І сёлета зіма пераменлівая, як легкадумная дзяўчына: мароз з калейдаскапічнай хуткасцю змяняецца адлігай. Так і хочацца хутчэй зняць цёплую шапку, шалік і ўдыхнуць паветра на поўныя грудзі. Тут нас і падпільноўвае небяспека пераахаладжэння, якое можа справакаваць развіццё хваробы. Раніцай, пасля прагулкі лёгка апранутым па холадзе, вы можаце адчуць у вобласці вуха боль, які аддае ў галаву. Рэдка хто ў гэтым выпадку адразу бяжыць да доктара, часцей ставяць сабе дыягназ самі і пачынаюць лячэнне: грэюць, палошчуць, п'юць таблеткі... Але каварства гэтага сімптому ў тым, што ён характэрны для розных захворванняў, якія патрабуюць рознага падыходу. Вось і атрымліваецца, што прычына ў адным, а чалавек лечыць іншае. У выніку хвароба прагрэсуе і прыводзіць да ўскладненняў. Таму, каб не ўпусціць каштоўны час і адразу пачаць лячэнне, важна высветліць, што гэта (атыт, запаленне ў зубе або іншая прычына), і прыняць меры.
Чаму баліць у вобласці вуха
З-за запалення ў вуху
Магчыма, гэта атыт. У якім менавіта з аддзелаў вуха (вонкавым, сярэднім, унутраным), пачалося запаленне, можа сказаць лор-урач.
Што пацвердзіць здагадку? Дыягназ "атыт" пацвердзіць такая характэрная прыкмета: калі вы з высілкам націснеце на казялок (выступ у вушной ракавіне перад адтулінай вонкавага слыхавога праходу) — адчуеце боль. Таксама магчымае павышэнне тэмпературы, шум і "стральба" ў вушах, у запушчаных выпадках — гнойныя выдзяленні з вуха.
Што рабіць? Калі боль цягнучы, не пульсуючы, калі няма тэмпературы і гнойных выдзяленняў з вуха (у гэтых выпадках трэба адразу бегчы да доктара), можна паспрабаваць аблегчыць свой стан самому. Для гэтага два разы на дзень (раніцай і на ноч) рабіце сухі сагравальны кампрэс (мяшочак з соллю нагрэйце прасам і ляжце на яго хворым вухам) або закладзіце ў вуха ватны шарык, намочаны ў борным спірце. Акрамя таго, пастаянна трымайце хворае вуха ў цеплыні: любое пераахаладжэнне — гэта для выздараўлення крок назад. Пры нязначным запаленні гэтых мер звычайна бывае дастаткова. Але калі праз некалькі дзён вы не адчуеце палёгкі, звярніцеся да лор-урача.
Што нельга рабіць? Не прызначайце самі сабе антыбіётыкі. Калі з вуха выцякае гной, калі адчуваеце пульсацыю болю ў галаве, ні ў якім разе не грэйце хворае вуха!
Прафілактыка. Часцей за ўсё атыт з'яўляецца ўскладненнем пасля ВРВІ, грыпу, ангіны, зацяжных рынітаў. Таму любую прастуду, не гаворачы ўжо пра грып, важна "вылежаць" і вылечыць да канца.
З-за карыесу ў зубе
Вушны боль можа быць выкліканы карыесам крайніх зубоў у запушчанай стадыі (пры запаленні нерва або тканак, якія знаходзяцца каля зуба).
Што пацвердзіць здагадку? На карысць зубнога паходжання болю ў вуху будзе гаварыць тое, што боль пульсуючы, узмацняецца пры націсканні на хворы зуб і пры прыёме халоднай і гарачай ежы. Боль можа аддаваць у галаву, вуха, скронь, шыю. Прычым уначы боль звычайна мацнейшы, чым удзень.
Што рабіць? Цалкам вылечыцца ад болю ў зубе самастойна атрымліваецца вельмі рэдка. Таму як мага хутчэй звярніцеся да стаматолага, які дакладна назаве прычыну болю і пачне лячэнне. Да візіту да ўрача можна аблегчыць стан прыёмам абязбольвальнага (напрыклад, ібупрафену, анальгіну). Ненадоўга супакоіць боль дапамагае паласканне з содай: на шклянку цёплай гатаванай вады вазьміце 1 ч. лыжку соды і пару кропель ёду. Калі вы прыхільнік натуральных метадаў лячэння, скарыстайцеся "бабуліным" рэцэптам: прыкладзіце да хворага зуба здробненыя цыбулю або часнок. Зверху накрыйце кашку ватай. Цыбуля і часнок — прыродныя антысептыкі, і, калі запаленне ў дзясне нязначнае, яны могуць з ім справіцца. Але ўсе гэтыя меры не адмяняюць кансультацыі са стаматолагам.
Што нельга рабіць? Нельга ставіць сагравальны кампрэс на сківіцу з боку хворага зуба — асабліва калі ўжо ўтварыўся ацёк (флюс). Нельга церці хворае месца, калупаць у зубе цвёрдымі прадметамі, дакранацца да запалёнай дзясны рукамі. Усё гэта можа прывесці да распаўсюджвання інфекцыі.
Прафілактыка. Зуб з дзіркай, нават калі ён не баліць, — гэта заўсёды патэнцыйная крыніца інфекцыі ў арганізме. Карыес можа выклікаць праблемы са страваваннем, сэрцам, ныркамі, таму не адцягвайце візіт да доктара.
З-за прастуджанага нерва
Аддаваць у вуха можа неўралгія трайчастага нерва.
Што пацвердзіць здагадку? Боль узнікае раптам, прыступамі працягласцю па 2 хвіліны. Яго правакуе жаванне, умыванне, чыстка зубоў, парыў ветру, простае дакрананне. Па характары ён нагадвае ўдар электрычным токам. Можа суправаджацца пачырваненнем твару, спазмамі мімічных і жавальных мышцаў.
Што рабіць? Пры тыповай неўралгіі трайчастага нерва патрэбна ўрачэбная дапамога, таму хутчэй звярніцеся да неўрапатолага. Ён прызначыць эфектыўнае лячэнне. Звычайна гэта курс спазмалітыкаў, а таксама заспакаяльнае на аснове валяр'яну, мелісы. Для ўмацавання нервовай сістэмы карысна прапіць курс вітамінаў групы В.
Што нельга рабіць? На час трэба адмовіцца ад узбуджальных напояў (кава, моцны чай) і вострых страў, прыпраў. Усё гэта можа садзейнічаць абвастрэнню.
Прафілактыка. Каб прадухіліць неўралгію, важна не пераахалоджвацца. У некаторых выпадках папярэдзіць неўралгію трайчастага нерва цяжка, бо яна можа быць наступствам траўмаў або адной з праяў іншых захворванняў (пухліны, герпесу, зноў-такі хворага зуба).
Што рабіць з груднымі дзецьмі?
Не застрахаваныя ад болю ў вуху і самыя маленькія. "Мама, у мяне баліць вушка", — можа сказаць двухгадовае малое. Але немаўля не ў стане распавесці пра тое, што прычыняе яму дыскамфорт, яно проста будзе плакаць, адмаўляцца ад грудзей, неспакойна спаць уначы, церціся вушкам аб падушку, цягнуцца ручкай да вуха. Высветліць прычыну болю можна, інтэнсіўна націснуўшы на вушны казялок. Калі малое заплакала, верагодна, гэта атыт. Каб пазбегнуць ускладненняў, тэрмінова пакажыце дзіця доктару.
Прафілактыка. Атыт у дзяцей сустракаецца нашмат часцей, чым у дарослых, і верагоднасць ускладненняў большая. Гэта звязана з асаблівасцямі будовы дзіцячага вуха: слыхавая труба ў іх больш шырокая і кароткая. Важна не дапусціць пападання ў яе слізі падчас прастуды і малака падчас кармлення. Для гэтага:
— вучыце малое правільна смаркацца: рабіць гэта трэба без празмернага намагання, нельга выдзімаць слізь з абедзвюх ноздраў адразу, толькі па чарзе;
— пасля кармлення трымайце немаўля вертыкальна, каб малое зрыгнула лішняе малачко і яно не патрапіла з ротавай поласці ў насаглотку, а затым праз слыхавую трубу ў сярэдняе вуха.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.