Здаць тэст на ВІЧ

Источник материала:  

1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам

Супрацоўнікі Міністэрства аховы здароўя, прадстаўнікі рэктарата Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта добраахвотна здадуць тэст на ВІЧ, каб прыцягнуць увагу да тэмы клопату пра сваё здароўе і здароўе блізкіх. У Мінску акцыя "Я здаў тэст на ВІЧ" адбудзецца 1 снежня з 11.00 да 12.00 каля Міністэрства аховы здароўя (вул. Мяснікова, 39) і з 13.30 да 14.30 — каля медуніверсітэта (пр. Дзяржынскага, 83). Адмоўны вынік павінен супакоіць таго, хто хвалюецца адносна заражэння ВІЧ, а станоўчы дазволіць своечасова пачаць лячэнне і абараніць ад інфекцыі блізкіх.

Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня барацьбы са СНІДам — "Усеагульны доступ і правы чалавека" ўказвае на неабходнасць абароны правоў чалавека, доступу да прафілактыкі, лячэння, догляду і падтрымкі ў сувязі з ВІЧ-інфекцыяй, адзначае прадстаўнік ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Антоніус БРУК. Раней прынятыя сусветнай супольнасцю меры па барацьбе з эпідэміяй ВІЧ-інфекцыі пачалі прыносіць пэўны вынік: колькасць новых інфікаваных стабільна зніжаецца — з 3,5 млн у 1996 годзе да 2,6 млн у 2009-м. На працягу пяці гадоў даступнасць тэрапіі пры ВІЧ-інфекцыі павялічылася ў дзесяць разоў. Разам з тым актуальнымі для ўсяго свету працягвае заставацца магчымасць правядзення лячэння ад ВІЧ-інфекцыі ўсім, хто мае ў ім патрэбу, а таксама спыненне распаўсюджвання ВІЧ/СНІДу, скарачэнне захваральнасці.

Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя — галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Рэспублікі Беларусь Алега АРНАУТАВА, з 1987 года ў краіне зарэгістравана звыш 11,5 тысячы выпадкаў заражэння ВІЧ. Гэта шостае месца сярод краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. На сёння ў рэспубліцы пражывае 9 389 інфікаваных ВІЧ. За 10 месяцаў гэтага года выяўлена 872 інфікаваных. У 75 працэнтах гэтых выпадкаў меў месца палавы шлях перадачы віруса.

Антырэтравірусную тэрапію ў Беларусі атрымліваюць 93 працэнты інфікаваных. Дарэчы, калі цяпер вышэйназваная тэрапія забяспечваецца за кошт сродкаў ААН, то з 2012 года частку расходаў пачне браць на сябе і дзяржава. Мяркуецца, што да 2015 года краіна павінна забяспечваць антырэтравірусную тэрапію поўнасцю за свой кошт.

173 дзіцяці нарадзіліся сёлета ў ВІЧ-інфікаваных матуль. 94 працэнты ВІЧ-інфікаваных цяжарных жанчын і нованароджаных дзяцей атрымлівалі ў бягучым годзе поўны курс прафілактыкі перадачы ВІЧ ад маці дзіцяці. Такім чынам, як вядома, забяспечваецца высокая верагоднасць таго, што дзеці інфікаваных маці будуць здаровымі.

Святлана БАРЫСЕНКА.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика