Травы для лёгкага дыхання

Источник материала:  

Лечымся без лекаў

У міжсезонне звычайна многіх адольваюць зацяжныя прастуды. Здавалася б, хвароба адступіла ўжо даўно, але вось злашчасны кашаль да гэтага часу не праходзіць. Што рабіць? Як пазбавіцца ад рэшткавых праяў бранхіту, плеўрыту і ларынгіту? Балазе прырода падарыла нам лекавыя расліны, якія дапамогуць нам аблегчыць дыханне.

Багун. У гэтай пахучай лекавай расліне ўтрымліваюцца каштоўныя эфірныя алеі і гліказіды. Яны ж і забяспечваюць супрацькашлевыя ўласцівасці адвараў і настояў багуну.

Прыгнятаючы кашаль, сродкі на аснове багуну папярэджваюць развіццё непажаданых змен у сістэме кровазвароту, здымаюць бяссонніцу, галаўны боль, чым прыносяць хвораму значную палёгку. Навукоўцамі даказана, што прэпараты на аснове гэтай гаючай расліны можна прымяняць працяглы час, яны добра пераносяцца нават пры алергічнай настроенасці арганізма. Гэта важна для лячэння хворых, якія пакутуюць на бранхіяльную астму. А яшчэ экстракт багуну паніжае артэрыяльны ціск і аказвае мачагонны эфект.

Падбел. Гэтая лекавая расліна таксама шырока прымяняецца ў народнай медыцыне. Дзякуючы адхарквальнаму, змякчальнаму, дэзынфікуючаму і супрацьзапаленчаму дзеянню падбел шырока выкарыстоўваецца пры захворваннях органаў дыхання, а таксама пры праблемах са страўнікам, мачавым пузыром, ныркамі.

Аніс звычайны. Для дыхання не менш каштоўны. Яго плады і прэпараты ўзмацняюць функцыю залозістага апарату бронхаў і кішэчніка. Анетол, які прысутнічае ў анісавым алеі, вылучаецца праз слізістую абалонку бронхаў і аказвае на іх стымулюючае дзеянне. Такі ўплыў на дыхальныя шляхі выклікае ўзмацненне сакрэцыі бранхіяльнай слізі, дазваляе добра адкашліваць макроту. Анісавы алей і плады гэтай расліны прымяняюць пры катарах дыхальных шляхоў, трахеітах, ларынгітах.

Сасна. Стройная лясная прыгажуня дае медыцыне не толькі гаючыя пупышкі, ігліцу, "зерне" жывіцы, але таксама шкіпінар, каніфоль, дзёгаць. Пупышкі прымяняюць у выглядзе адвару як мачагоннае і адхарквальнае, для інгаляцый — пры захворваннях верхніх дыхальных шляхоў; настой з ігліцы — у якасці вітамінізаванага сродку (вітамін С), ванны з ігліцы — пры неўралгічных болях; шкіпінар — для інгаляцый як дэзынфікуючы сродак пры гнойных працэсах у лёгкіх. Нагадаем: сасна вылучае ў паветра вялікую колькасць фітанцыдаў, актыўных нават супраць сухотнай палачкі.

Чабор. Гэты араматычны паўхмызняк даўно выкарыстоўваецца народнай медыцынай. Яго настой (лісця, кветак, тонкіх галінак) папулярны як заспакаяльны, дэзынфікуючы, змякчальны сродак пры захворваннях органаў дыхання. Настой узмацняе сакрэцыю бронхаў, паскарае адхаркванне макроты. Дарэчы, чабор (тымол) часта ўключаюць у склад антыбактэрыяльных цукерак, якія прымяняюць пры ангінах, хранічных танзілітах, стаматытах.

Дзівасіл высокі. Гэту лекавую расліну рэкамендуюць як адхарквальную пры хранічных захворваннях дыхальных шляхоў з вялікім выдзяленнем слізі. Сок дзівасілу, змешаны з мёдам, эфектыўны пры кашлі і бранхіяльнай астме.

Дзіванна. Прэпараты на аснове гэтай травы змякчаюць катаральныя з'явы на слізістых абалонках рота, стрававода, страўніка і кішэчніка. А кветкі з поспехам прымяняюць у якасці супрацьзапаленчага і змякчальнага сродку пры катарах верхніх дыхальных шляхоў, якія суправаджаюцца кашлем.

Алтэя лекавая. Выкарыстоўваецца як супрацьзапаленчы, абвалакальны сродак пры парушэннях функцыі лёгкіх і верхніх дыхальных шляхоў, пры праблемах сістэмы стрававання. Водны настой расліны прымяняюць пры запаленчых станах дыхальных шляхоў і глоткі, якія суправаджаюцца цяжкім адкашліваннем макроты, пры запаленні міндалін і мяккага паднябення, трахеітах.

Шырокім спектрам лячэбнага дзеяння валодае і бяроза. Лакрычнік голы таксама падыходзіць пры прастудах — яго выкарыстоўваюць у якасці адхарквальнага сродку. Ёсць і іншыя гаючыя расліны, якія прымяняюцца пры захворваннях органаў дыхання: відук жоўты, фіялка трохколерная (браткі), крапінец сібірскі. З імі і дыхаць лягчэй, і ачуньваць хутчэй.

Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.

Народныя рэцэпты

l Адвар травы чабору: 10 г (2 ст. лыжкі) сыравіны змяшчаюць у эмаліраваны посуд, заліваюць 200 мл (1 шклянка) гарачай гатаванай вады, накрываюць і награваюць на вадзяной лазні 15 хвілін, ахалоджваюць, працэджваюць, астатнюю сыравіну адціскаюць. Аб'ём атрыманага адвару даводзяць гатаванай вадой да 200 мл. Захоўваюць у халаднаватым месцы не больш як 2 сутак. Прымаюць па 1 ст. лыжцы 2—3 разы на дзень.

l Настой багуну: 6 г сухой здробненай сыравіны заліваюць 1 шклянкай кіпеню, настойваюць на працягу 15 хвілін, працэджваюць і прымаюць па 1 ст. лыжцы кожныя 2 гадзіны. Дзецям пры кашлі даюць такі настой некалькі разоў на дзень па 1 ч. лыжцы.

l Адвар кораня лакрычніку: 10 г сыравіны заліваюць 200 мл кіпеню, закрываюць накрыўкай, трымаюць на вадзяной лазні 20 хвілін, настойваюць 1—2 гадзіны, затым астатнюю сыравіну адціскаюць і даводзяць аб'ём гатаванай вадой да 200 мл. Прымаюць па 1 ст. лыжцы 3—4 разы на дзень.

←Помидор для сеньора

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика