Плямы на скуры могуць расказаць шмат пра што
Хваробы скуры — не толькі непрыемныя і пагаршаюць якасць жыцця. Яны яшчэ зусім не бяскрыўдныя, працягла лечацца і прыносяць сур'ёзныя ўскладненні. Аднак, як заўважыў урач-дэрматавенеролаг, загадчык амбулаторнага дэрматавенералагічнага аддзялення Мінскага скурвендыспансэра Уладзімір Яроміч, своечасова заўважыўшы тыя або іншыя змяненні і звярнуўшыся да ўрача, можна прадухіліць цяжкія праблемы са здароўем. Такім чынам, пра што могуць сведчыць плямы на скуры?
Невялікія цёмна-карычневыя плямы на кісцях і іншых адкрытых месцах — часцей за ўсё бяскрыўдныя ўзроставыя змяненні.
Прышчы бываюць не толькі ў падлеткаў. Яны з'яўляюцца, калі поры забіваюцца сальным сакрэтам. Адна з прычын — парушэнне гарманальнага балансу. Звярніцеся да дэрматолага і эндакрынолага.
l Высыпка можа быць абумоўлена мноствам фактараў. У першую чаргу падазраюць "дзіцячыя" інфекцыі: шкарлятыну, краснуху, вятранку і інш. Але калі шматлікія кропкавыя кровазліцці, падобныя на высыпку, з'явіліся, напрыклад, на задняй паверхні ног, гэта можа быць прыкметай зніжэння ўзроўню трамбацытаў у крыві. Высыпка пад грудзьмі або ў паху часам выклікана грыбковай інфекцыяй, якая часта паражае хворых на дыябет ці атлушчэнне. Калі ж высыпкай пакрыліся вялікія ўчасткі цела, гэта можа сведчыць пра алергічную рэакцыю — магчыма, вы прынялі новыя лекі. Лускаватыя чырвоныя бляшкі на скуры — прыкмета псарыязу.
Язва на назе можа быць сімптомам сардэчна-сасудзістай недастатковасці ці дыябету. Гэтыя захворванні зніжаюць цыркуляцыю крыві ў нагах, і скура атрымлівае недастатковае сілкаванне. Таму нават нязначная інфекцыя можа стаць прычынай з'яўлення язвы.
Бледнасць скурных покрываў гаворыць пра анемію (малакроўе) з-за дэфіцыту ў арганізме жалеза і вітаміну В 12. Але часам у гэтым вінаватае звычайнае ператамленне. Варта выспацца і адпачыць — і здаровы колер скуры вернецца.
Аранжавае адценне (карацінемія) часцей за ўсё сустракаецца ў вегетарыянцаў, якія пастаянна ўключаюць у свой рацыён занадта шмат морквы. Гэта бяспечна і не патрабуе лячэння. Дастаткова абмежаваць ужыванне гэтай агародніны — і скура набудзе нармальны колер.
Пажаўценне (жаўтуха) можа быць сімптомам захворванняў пячонкі (напрыклад, гепатыту) ці абвастрэння жоўцекаменнай хваробы. Прычынай жаўтухі з'яўляецца і павелічэнне падстраўнікавай залозы, і няздольнасць арганізма выводзіць лішкі білірубіну. У гэтым выпадку мача звычайна набывае колер цёмнага піва.
Цёмныя агрубелыя ўчасткі на скуры, якія навобмацак нагадваюць наждачную паперу, называюць сонечным кератозам. Часцей за ўсё такія плямы з'яўляюцца на галаве. Гэта добраякасныя ўтварэнні, але да дэрматолага звярнуцца трэба. І, зразумела, пазбягайце прамых сонечных промняў.
Калі на скуры з'явілася радзімка з няроўнымі краямі ці старая радзімка змяніла форму і колер, запалілася ці лушчыцца, тэрмінова ідзіце да ўрача-дэрматолага.
ВольгаШаўко.