Ён + Яна

Источник материала:  
Чаго толькі не зробіць жанчына, каб паспець на спатканне!

Каб дагнаць тралейбус, 20-гадовая студэнтка паспрабавала рэгуляваць аўтамабілямі.

Праўда, нічога добрага з гэтага не атрымалася: паводле звестак аддзела па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, дзяўчына не толькі не паспела на сустрэчу са сваім маладым чалавекам, але і трапіла ў ДТЗ.

Здарылася гэта на скрыжаванні сталічнага праспекта газеты "Праўда" і вуліцы Голубева а палове дзясятай вечара. Студэнтка БДУ перабягала дарогу на чырвонае святло і трапіла пад колы аднаго з аўтамабіляў. Пасля наезду пацярпелую адкінула на сустрэчную машыну, якая, на яе шчасце, яшчэ не пачала рухацца. Між іншым, відавочцы гэтага ДТЗ паведамілі, што дзяўчына на дарозе адчайна махала рукамі, патрабуючы, каб кіроўцы яе прапусцілі. Як пасля патлумачыла свой учынак гора-"рэгуліроўшчыца", віной усяму — яе жаданне своечасова патрапіць на спатканне: маўляў, яна ўбачыла, што падыходзіць патрэбны тралейбус, і пабегла на забараняльны сігнал святлафора...

Ігар ГРЫШЫН.

За каханым — за мяжу. І на лаву падсудных

Грамадзянка Расіі прыгаворам беларускага суда пакараная за тое, што знаходзілася ў нашай краіне незаконна.

Ён + ЯнаЯк растлумачыў "Звяздзе" памочнік пракурора Віцебскага раёна Аляксандр Філімонаў, гэтай маладой жанчыне раней быў забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі тэрмінам на тры гады за парушэнне правілаў знаходжання ў краіне: некалькі месяцаў яна пражывала ў нас без рэгістрацыі. Яе тады дэпартавалі ў горад Рудня. Было гэта ў лістападзе мінулага года. Але ж сёлета дама зноў парушыла заканадаўства. Ноччу на машыне, якая накіроўвалася на тэрыторыю Беларусі, зноў перасякла мяжу. У выніку гэта ў нас для яе скончылася арыштам на тры месяцы. "Сакрэт" такога імкнення пажыць у Беларусі нечакана просты: у Віцебскім раёне жыве яе каханы, па якім, відаць, асуджаная шчыра сумавала. Разам яны бавілі час нядоўга...

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Расплацілася за каханне без узаемнасці

Пакрыўджаны на дзяўчыну хлопец адпомсціў ёй, выкраўшы з кватэры грошы і каштоўнасці

1,5 тысячы долараў, 50 еўра, а таксама шкатулка з 15 ювелірнымі вырабамі з золата і серабра (усё гэта на агульную суму больш як 10 мільёнаў рублёў) узяў у якасці "адкупных" з 24-гадовай мінчанкі яе сябар, які палічыў сябе абражаным з-за таго, што тая выйшла замуж за іншага.

Як паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Ала Галубовіч, гэтае дабро знікла з кватэры мінчанкі, калі той не было дома. Прычым адбылося ўсё дзіўным чынам, бо ні дзверы жылля, ні вокны не былі ўзламаныя. Крыху ж пазней, калі следства выйшла на след падазронага, стала зразумела, як грошы і каштоўнасці "пакінулі" сваю гаспадыню. Як высветлілася, нічога звышнатуральнага ў гэтым выпадку не адбылося: злодзей проста скарыстаўся дублікатамі ключоў. Здзівіла ж пацярпелую іншае: злодзеем аказаўся яе добры знаёмы, 25-гадовы хлопец, з якім яна сябравала вось ужо сем гадоў. Зрэшты, апошні ў якасці апраўдання свайму ўчынку заявіў, што кахаў дзяўчыну, а тая яго ігнаравала. Апошняй жа кропляй стала тое, што дама сэрца выйшла замуж і збіралася на пастаяннае месца жыхарства ў Італію. А незадоўга да яе ад'езду ў абражанага "кавалера" з'явілася магчымасць адпомсціць сваёй сяброўцы — тая неабдумана на нейкі час даверыла яму ключы ад кватэры, калі спатрэбілася дапамога ў набыцці прадуктаў. Ён скарыстаўся падараваным шанцам адыграцца за "растаптанае" пачуццё і зрабіў дублікаты ключоў. У наступны раз пакрыўджаны хлопец прыйшоў у "госці", калі гаспадыня адсутнічала.

Ігар ГРЫШЫН.

Як загадчыца злачынцу затрымала

У Оршы загадчыца крамы нечакана для сабе ўчыніла подзвіг — затрымала злачынцу, якога шукала міліцыя.

Справа была ў краме № 11 ЗАТ "Мерком". Таццяна Цапкова працуе ў ёй загадчыцай. Падчас работы крамы Таццяна Уладзіміраўна заўважыла, што адзін з наведнікаў з гандлёвых радоў нешта схаваў пад адзенне (потым высветлілася, што спіртное і каўбасу). Падышла да пакупніка, які накіраваўся да касы, разлічыўся, і папрасіла паказаць кішэні і тое, што пад верхнім адзеннем.

Пакупнік спрабаваў супраціўляцца. Маўляў, не маеце права, я ж заплаціў за тое, што купіў. Мужчына падчас непрыемнай для яго размовы спрабаваў дайсці бліжэй да выхаду з крамы. Загадчыца не адступала: схапіла мужчыну за адзенне і амаль што сілай завяла яго ў службовы кабінет. Там пакупнік раптам "памякчыўся". Прасіў адпусціць.

Выклікалі міліцыю, і высветлілася, што затрыманага жанчынай мужчыну, аказваецца, шукае міліцыя за былыя "грахі".

Смелая жанчына атрымала падзяку ад міліцыі і прадпрыемства гандлю. І, безумоўна, прэмію.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Стоп, грипп

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика