"Міс Інтэркантыненталь-2010" можа прайсці без беларускі?

Источник материала:  
22.09.2010 10:46 — Новости Здоровья
Гэта дзіўна. Беларусь, чые дзяўчаты апошнія два гады атрымлівалі тытул "Міс Інтэркантыненталь-Еўропа" і ўваходзілі ў ТОП-5 самых прыгожых на конкурсе, у гэтым годзе не будзе ўдзельнічаць у шоу. Пра гэта карэспандэнту "Звязды" расказаў днямі Еўрапейскі дырэктар Сусветнай арганізацыі прыгажосці Дзітлаф Тэрсіс.

Мы не едзем

- На сёння мы заключылі дамовы з 71 краінай, - гаворыць Дзітлаф Тэрсіс. - Таму сёлета чакаем 71 удзельніцу. На жаль, Беларусь у спісах не прадстаўлена, што нас вельмі засмучае. Прынамсі, мы яшчэ чакаем навін з беларускага боку. Канкурсанткі прыбудуць на Карыбы 25 кастрычніка, фінал пройдзе ў суботу 6 лістапада.

- Беларусь проста не падала заяўку?

- Так, Беларусі няма ў спісах. У беларускага боку, накольмі мы зразумелі, няма зацікаўленасці ва ўдзеле. Але мы не можам чакаць: вольныя месцы ў хуткім часе будуць занятыя краінамі-дэбютанткамі, якія свае заяўкі на ўдзел ужо падалі. Гэта - Самоа, Трынідад і Табага, Тонга, Люксембург, Інданезія, Малайзія, Андора, Парагвай, Аргенціна і Віргінскія Астравы.

Мы едзем

- Мы будзем удзельнічаць у конкурсе, - пацвердзіла ўдзел Беларусі ў конкурсе дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Сярожнікава. - У нас ужо ёсць кандыдатура.
"Міс Інтэркантыненталь-2010" можа прайсці без беларускі?


- Беларусь ужо адправіла сваю заяўку?


- Сваю заяўку на ўдзел мы адправілі на мінулым тыдні. Проста зараз шмат сілаў забірае падрыхтоўка да конкурсу "Міс Свету". Конкурсаў шмат, і яны супалі на адзін час - кастрычнік, тым больш што дакументы ідуць дастаткова доўга.

Новую міс назавуць у Карыбах

Конкурс "Міс Інтэркантыненталь-2010" пройдзе сёлета ў горадзе Пунта Кана (Дамініканская Рэспубліка). Карыбскія астравы ўпершыню за сваю гісторыю прымаюць конкурс такога ўзроўню. Між іншым, на права правядзення конкурсу ў сваёй краіне прэтэндавала яшчэ чатыры краіны: Шры-Ланка, Мальдзівы, Мальта і Егіпет.

Раней паведамлялася, што Беларусь на конкурсе прадставіць 21-гадовая пінчанка Ганна Кіндрук. На конкурсе "Міс Беларусь-2010", акрамя тытула "топ-мадэль", Ганна атрымала яшчэ і тытул першай віцэ-міс.

Не абыдзецца сёлета без сюрпрызаў. Германію ў гэтым годзе будзе прадстаўляць ураджэнка Афганістана Залахт Садат.

23-гадовая студэнтка з Франкфурта беларусам ужо знаёмая - менавіта Залахт на леташнім конкурсе "Міс Інтэркантыненталь-2009" у Мінску прадстаўляла Афганістан - ісламскую краіну. Асцерагаючыся пераследу на радзіме, дзяўчына адмаўлялася тады ад усіх інтэрв'ю. Але сёлета на "Міс Інтэркантыненталь" дзяўчына паедзе зноў - у гэтым годзе ўжо як "Міс Германія-2010"...

Першыя прыгажуні пачнуць з'язджацца ў Карыбы ўжо 25 кастрычніка. Фінал конкурсу тут запланаваны на 6 лістапада. Як паведаміла днямі Сусветная арганізацыя прыгажосці, конкурс адбудзецца ў гатэлі "Bаrсеlо", які размешчаны на адным з 10 самых прыгожых пляжаў у свеце .

Горад Пунта Кана ляжыць у сэрцы Карыбскага басейна, на поўначы абмываецца водамі Атлантычнага акіяна, на поўдні - Карыбскім морам.

На афіцыйным сайце конкурсу на сёння ўжо заяўленыя 63 краіны. І Беларусь у гэтым спісе таксама ёсць, толькі без анкеты ўдзельніцы. Тэарэтычна шанцы ў беларусаў яшчэ ёсць: тэрмін заяўкі заканчваецца ў канцы верасня.

Толькі ці паспеем мы заскочыць у апошні вагон?

Што змянілася ў жыцці ўдзельніц "Міс Інтэркантыненталь-2009" за год пасля конкурсу?

Прадстаўніца Афганістана Залахт Садат сёлета перамагла ў конкурсе "Міс Германія" і будзе прадстаўляць гэту краіну на сёлетнім "Міс Інтэркантыненталь".

Турчанка Сеўтап Эрджыц прымала ўдзел у конкурсе "Міс Нідэрланды"

Дзяўчына з Нідэрландаў Франка Невенайс удзельнічала ў конкурсе "Міс Топ-мадэль свету".

Англічанка Алана Томас заваявала тытул "Міс Ірландыя-2010" і перамагла на конкурсе "Міс Мотарс-2010".

Венесуэлка Анэлі Кінтэра (Міс інтэркантыненталь-2009) актыўна гастралявала, была членам журы ў шматлікіх конкурсах прыгажосці па ўсім свеце. Некалькі разоў наведвала Беларусь.

Полька Ганна Тарноўска стала 3-й віцэ-міс на конкурсе "Міс Універсітэт-2010"

Украінка Кацярына Бойка перамагла ў конкурсе "Міс Цывілізацыя Thеrmаl".

Расіянка Ганна Мезенцава пераехала ў ЗША, дзе на працягу года была задзейнічана ў шматлікіх паказах, у т.л. "Vісtоrіа Sесrеt" і "Аmеrісаs Nехt Tор Mоdеl 2010". На сёння мадэль заручылася з амерыканскім хлопцам-мадэллю.

Беларуска Марыя Есьман (1-я віцэ-міс, Міс Інтэркантыненталь-Еўропа) працягвае вучобу на стацыянары юрыдычнага факультэта БДУ. За год дзяўчына прыняла ўдзел у некалькіх праектах тэлеканала АНТ, таксама Марыю не раз запрашалі на шматлікія конкурсы прыгажосці ў якасці члена журы, у тым ліку і журы "Міс Беларусь-2010". У іншых конкурсах прыгажосці дзяўчына не ўдзельнічала. 



←Больным-хроникам будут выписывать рецепты на полгода

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика