Спі больш — беражы псіхіку
Аўстралійскія навукоўцы ўстанавілі, што маладыя людзі, якія спяць каля пяці гадзін у суткі, утрая часцей церпяць ад псіхічных адхіленняў у параўнанні з тымі, хто спіць па 8-9 гадзін. Праведзенае даследаванне ахапіла 20 тысяч чалавек ва ўзросце ад 17 да 24 гадоў.
Сярод тых, хто спіць менш за шэсць гадзін у суткі, большая палова церпяць ад тых ці іншых парушэнняў душэўнага здароўя. А сярод тых, хто аддае сну 8-9 гадзін штодня, з такімі праблемамі сутыкаецца толькі чвэрць людзей. Акрамя таго недахоп сну прыкметна пагаршае прагноз развіцця ўжо сфарміраваных адхіленняў.
Заўважана, што моладзь у апошнія дзесяцігоддзі спіць усё менш і менш. На думку кіраўніка даследавання прафесара Ніка Глоз'ера, прычына хранічнага недасыпу сярод аўстралійцаў студэнцкага ўзросту крыецца ў тым, што ў іх спальнях знаходзіцца занадта шмат розных прадметаў, якія адцягваюць увагу ад сну, напрыклад, тыя ж камп'ютары. Вядома, што недахоп сну аказвае негатыўнае ўздзеянне на псіхіку, бо ў чалавека парушаюцца сутачныя рытмы, развіваецца трывожнасць, дэпрэсія і розныя эмацыйныя расстройствы.
Надзея НІКАЛАЕВА.