Найбольш адчувальныя да перамены надвор'я — гіпертонікі

Источник материала:  
04.09.2010 10:12 — Новости Здоровья
Паводле статыстыкі, у 40 працэнтаў людзей восенню назіраюцца прыкметы дэпрэсіі. І гэта невыпадкова. Парушэнне сезонных біялагічных рытмаў, рэзкае зніжэнне сонечнай актыўнасці робяць чалавека больш уразлівым да развіцця дэпрэсіі і іншых псіхічных расстройстваў і прыводзяць да абвастрэння хранічных хвароб.

Прыродныя з'явы прымушаюць пакутаваць мільёны людзей на планеце. Да перамены надвор'я адчувальны кожны трэці: метэазалежныя людзі на магнітныя буры і перапады атмасфернага ціску рэагуюць асабліва востра. Адразу змяняецца эмацыйны фон (упадак сілаў, пагаршэнне памяці, раздражняльнасць, беспадстаўная трывога), з'яўляюцца цёмныя кругі пад вачыма і галаўны боль, які ў асобных выпадках суправаджаецца насавым крывацёкам, нярэдка турбуюць цягнучыя болі ў мышцах, ламата ў суставах, сухасць у роце.

На шчасце, метэаадчувальнасць — з'ява непастаянная. Яна ўзмацняецца ў залежнасці ад таго, наколькі слабы арганізм, інакш кажучы, якія і ў якой форме (цяжкай ці лёгкай ) хранічныя хваробы мае чалавек. Сама па сабе яна бяспечная, але калі ў адказ на атмасферныя з'явы абвастраюцца хранічныя хваробы, з'яўляюцца нечаканыя збоі ў рабоце сардэчна-сасудзістай, стрававальнай, дыхальнай сістэмах, то гэта ўжо сур'ёзна.

Ёсць тры стадыі метэаадчувальнасці: лёгкая — слабасць і санлівасць, сярэдняя — скачкі ціску і парушэнне сардэчнага рытму, цяжкая — болі ў галаве, сэрцы, задышка і нервовыя расстройствы.

Найбольш адчувальныя да перамены надвор'я людзі з хранічнымі захворваннямі, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы — гіпертонікі, тыя, хто мае ішэмічную хваробу сэрца, стэнакардыю, сардэчную недастатковасць, перанеслі інфаркт. У іх галаўны боль і боль у суставах, слабасць, прыступы стэнакардыі можа правакаваць нават змяненне напрамку ветру. Але часцей за ўсё пагаршаецца самаадчуванне пры рэзкіх перападах тэмпературы і атмасфернага ціску.

Чаму ад капрызаў надвор'я больш за ўсё церпяць сардэчнікі? Таму што менавіта крывяносныя сасуды прымаюць на сябе галоўны метэаўдар. Калі атмасферны ціск паніжаецца, а тэмпература паветра павялічваецца, урачы раяць сардэчнікам больш бываць на свежым паветры, рабіць дыхальную гімнастыку, піць настойку кораня жэньшэня, лімонніка, полівітаміны.

Калі ж атмасферны ціск павышаецца, а тэмпература, наадварот, паніжаецца, то людзям з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы рэкамендуецца масаж шыйна-плечавога пояса, гарчычнікі на вобласць патыліцы і нажныя гарачыя ванны. Можна таксама прымаць настойку валяр'яны, сардэчніку, рэланіум або спазматычныя сродкі — лапазол, дыбазол, но-шпу, папаверын. Зразумела, калі няма супрацьпаказанняў да іх прымянення. А калі звычайная доза лекавых прэпаратаў не дапамагае, варта параіцца з урачом і перагледзець дазіроўку з папраўкай на метэаўмовы.

Змены надвор'я не могуць стаць прычынай хваробы, яны толькі пагаршаюць праявы немачы, якую чалавек ужо мае. А на стан людзей з моцным здароўем надвор'е амаль не ўплывае: у іх перапады тэмпературы і атмасфернага ціску суправаджаюцца хуткімі змяненнямі выпрацоўкі гармонаў, утрымання трамбацытаў у крыві, актыўнасці ферментаў. Гэтыя змяненні — своеасаблівая абарончая рэакцыя арганізма на неспрыяльныя ўмовы.

Можа падацца, што метэапатычныя рэакцыі — спрадвечны спадарожнік людзей. Але гэта не зусім так. Спецыялісты лічаць, што ад метэазалежнасці можна калі не пазбавіцца, то значна яе знізіць.

Людзі з рознымі захворваннямі па-свойму рэагуюць на розныя фактары надвор'я. Для сардэчнікаў і астматыкаў небяспечным з'яўляецца нізкае ўтрыманне кіслароду ў паветры. У гэтыя дні, як паказваюць шматгадовыя назіранні "хуткай", у тры разы павялічваецца колькасць выклікаў ад такіх хворых. Яны таксама хваравіта рэагуюць на рэзкае пахаладанне.

Гіпертонікаў і гіпатонікаў турбуюць рэзкія перапады атмасфернага ціску. Гіпертонікі таксама горш пераносяць бязветранае надвор'е.

Людзі з захворваннямі суставаў, апорна-рухальнага апарату, з хранічнымі бранхітамі, як правіла, дрэнна пераносяць вялікую вільготнасць.

Абвастрэнне псіхічных захворванняў прыходзіцца на вельмі ветраныя дні. Маленькія дзеці асабліва неспакойна паводзяць сябе ў дажджлівыя дні. Тыя, у каго ёсць хваробы шчытападобнай залозы, звычайна дрэнна адчуваюць сябе, калі на вуліцы туман.

Рэзкае пападанне з холаду ў цяпло можа выклікаць абвастрэнне хранічных інфекцый, а ўстойлівае пахаладанне, наадварот, прытармозіць вострыя запаленні і павысіць імунітэт.

Акрамя традыцыйнай парады "весці здаровы лад жыцця" метэапатам рэкамендуецца:

- кожную раніцу пачынаць з лёгкай гімнастыкі і душа;

- традыцыйны чай замяніць адварамі ліпы, медуніцы, святаянніку, мяты;

- аддаваць перавагу прадуктам з высокім утрыманнем калію: разынкам, абрыкосам, куразе, бананам, бульбе (запечанай або ў "мундзірах");

- прымаць вітамін Е, які ўтрымліваецца ў зерневых прадуктах і арэхах;

- прывучаць сябе спакойна рэагаваць на крытычныя сітуацыі;

- штодзённа праводзіць расслабляльны масаж вобласці шыйнага аддзела пазваночніка і лапатак. Гэта можна рабіць і самастойна: абедзвюма рукамі пагладжвайце скуру па напрамку ад шыі да плячэй на працягу 10-15 хвілін;

- прымаць заспакаяльныя сродкі (настойкі глогу, валяр'яну, сардэчніку), калі заўважыце, што часта раздражняецеся па дробязях;

- абмежаваць колькасць ласункаў, тлустай, смажанай і вострай ежы (пры ўздзеянні магнітных палёў на арганізм ён пачынае горш засвойваць вугляводы, а нізкая тэмпература паветра прыводзіць да павышанага ўтварэння свабодных радыкалаў, якія парушаюць дзейнасць клетачных мембран);

- абавязкова ўвесці ў харчовы рацыён рыбу, фасолю, сачавіцу, гарох, грэчку, капусту, рэпчатую цыбулю, яблыкі і моркву;

- з прафілактычнай мэтай выпіваць па 1/2 шклянкі настою рамонку за 30 хвілін да яды 2-3 разы на дзень і шклянку адвару шыпшыны — за гадзіну да сну.



←Модные тенденции не всегда безопасны для здоровья

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика