Як беларусам перажыць анамальную спёку?

Источник материала:  
12.07.2010 16:36 — Новости Здоровья
Па словах сіноптыкаў, так горача ў нашай краіне было толькі двойчы за апошнія сто гадоў. Еўрарадыё сабрала важныя парады дактароў і ратавальнікаў.

Ужо некалькі дзён у краіне стаіць трыццаціградусная спёка. Сіноптыкі прадказваюць, што цягам гэтага тыдня слупкі тэрмометра не апусцяцца ніжэй за 30 градусаў. А ў пятніцу абяцаюць увогуле +36! Па словах галоўнага сіноптыка гідраметэацэнтра Вольгі Фядотавай, такое надвор’е анамальнае.

Вольга Фядотава: “Па нашых разліках цэнтральны тыдзень лета пройдзе пад знакам анамальна моцнай спёкі. Фон сярэднемесячнай тэмпературы павысіцца, і на 6-10 градусаў будзе цяплей, чым звычайна. Па папярэдніх прагнозах толькі ў нядзелю стане на некалькі градусаў халадней і дзённая тэмпература будзе 24-29 градусаў”.

Па яе словах, такая анамальная спёка за апошнія сто гадоў была ў нашай краіне толькі двойчы: у 1936 і ў 2002 гадах. Тады слупкі тэрмометра ўздымаліся да 38 градусаў.

У такое надвор’е людзі імкнуцца бліжэй да вадаёмаў. Вадалаз Аляксей выратавальнай станцыі “Дразды” пад Мінскам расказаў Еўрарадыё, што ў мінулыя выхадныя на іх вадаёме абышлося без здарэнняў. Але, кажа, некаторыя людзі заўсёды імкнуцца купацца там, дзе гэта больш небяспечна.

Вадалаз Аляксей: “Ёсць у нас вадаспад, дамба, і колькі чаго ні робіш, усё адно людзі не слухаюць, скачуць там у ваду, і большасць здарэнняў менавіта там адбываецца. Кажуць: “Не дурыце нам галаву! Мы не патонем. І ўвесь адказ”.

Кажа, у іх няма ніякіх паўнамоцтваў, каб ганяць аматараў воднага экстрыму. І нават міліцыянеры не могуць дапамагчы – іх два, а людзей сотні. Але вадалаз Аляксей раіць ні ў якім выпадку не лезці купацца п’яным. І перагрэўшыся на сонцы.

Вадалаз Аляксей: “Нецвярозаму ў ваду няма чаго лезці. І перагрэтаму адразу ў ваду не залазіць, далёка не плаваць: зайшоў, абцёрся вадой, намок і вылез”.

А галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя Алена Адаменка параіла тым, хто ў спёку застаўся ў горадзе, не апранаць сінтэтычную вопратку, не забывацца на кепку і піць шмат вады. Каб не атрымаць цеплавы ўдар.

Алена Адаменка: “Падчас высокай сонечнай актыўнасці старайцеся не выходзіць на вуліцу, насіць галаўны ўбор, піць на літр больш вадкасці, чым звычайна, насіць адпаведную вопратку. Гэта ўсё дапаможа пазбегнуць цеплавога ўдару і прыстасавацца да спёкі”.

Алена Адаменка пералічыла галоўныя сімптомы цеплавога ўдару.

Алена Адаменка: “У чалавека з’яўляюцца дрыжыкі, павышаецца тэмпература, значнае потавыдзяленне, слабасць павялічваецца. У такім выпадку неабходна зайсці ў памяшканне і звярнуцца да доктара”.

Калі ж, кажа, застацца на сонцы і не звярнуцца па медыцынскую дапамогу, то з-за спёкі можна памерці. Асабліва небяспечнае такое надвор’е для “сардэчнікаў”. Ім рэкамендуюць не выходзіць на сонца, не працаваць у спёку і не забывацца прымаць лекі.

А кіраўнік прэс-службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі нагадаў, што “на шашлыках” у лесе таксама нельга забывацца пра бяспеку.

Віталь Навіцкі: “Прычына ўсіх лясных пажараў – гэта чалавечы фактар, дзейнасць чалавека наўмысная альбо па неасцярожнасці. Адзіная парада: выконваць самыя простыя рэкамендацыі пры развядзенні вогнішчаў і добра яго гасіць перад ад’ездам”.

Па яго словах, у нядзелю быў зарэгістраваны адзін лясны пажар – у Магілёўскай вобласці. Але калі гарачае надвор’е без дажджу пратрымаецца некалькі дзён, то сітуацыя з ляснымі пажарамі можа рэзка ўскладніцца.
 

←Медыкі: Эпідэмія грыпу сёлета будзе ранняй

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика