Экспэрты перасьцерагаюць: хворых на дэпрэсію паболее

Источник материала:  
Экспэрты перасьцерагаюць: хворых на дэпрэсію паболее

Паводле прагнозаў экспэртаў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), да 2020 году дэпрэсія можа выйсьці на першае месца сярод самых распаўсюджаных захворваньняў у сьвеце, абагнаўшы нават сардэчна-судзінную паталёгію.

Лічыцца таксама, што блізкім часам дэпрэсія памаладзее гадоў на 10—15. Цяпер жа яна пераважна сустракаецца ў тых, хто дасягнуў 40 гадоў. У пэрыяд паміж 40 і 65 гадамі на дэпрэсію цярпіць кожны 10-ты, зь іх 2/3 — жанчыны. Пасьля 65 гадоў колькасьць хворых на дэпрэсію павялічваецца ўтрая. Экспэрты заклікаюць навукоўцаў, лекараў-практыкаў і фармаколягаў распрацоўваць агульныя падыходы ў барацьбе з гэтай цяжкой псыхічнай хваробай.

Генэтычная і цывілізацыйная прырода дэпрэсіі

У мэдычным сьвеце існуюць самыя розныя тэорыі аб прычынах гэтага захворваньня і спосабах яго лекаваньня.

“Нам, лекарам, нярэдка прыходзіцца чуць ад сваякоў нашых пацыентаў з дэпрэсіяй: блізкі чалавек, некалі такі актыўны і мілы, раптам ператварыўся ў буркуна, замкнуўся ў сабе, пачаў лічыць сябе непаўнавартасным, а навакольны сьвет — несправядлівым у дачыненьні да яго", – кажа вядучы прафэсар-псыханэўроляг унівэрсытэцкай клінікі зь нямецкага Аахэну Франк Шнайдэр.

Але, дадае прафэсар, дэпрэсія не здараецца раптоўна. Працэс яе разьвіцьця мае працяглы характар, схаваны нават ад бліжэйшага атачэньня хворага. Напачатку ўсё сьпісваецца на дрэнны настрой, на так званыя "чорныя палосы" ў жыцьці, калі разам зь нейкай непрыемнасьцю ці нават трагедыяй прыходзяць пачуцьце віны, бездапаможнасьці і безнадзейнасьці, падвышаная самакрытыка, прыгнечанасьць і стомленасьць, зьніжэньне актыўнасьці, абыякавасьць да тых, хто побач...

Калі ж гэтыя суб’ектыўна цяжкія перажываньні маюць працяглы характар і да іх дадаецца адсутнасьць апэтыту, зьніжэньне сэксуальнага жаданьня, парушэньне сну, праблемы са страўнікава-кішачным трактам, сардэчна-судзіннай сыстэмай, думкі пра суіцыд, то перад намі поўная клінічная карціна хваробы.

Прафэсар Шнайдэр згодны з тымі навукоўцамі, якія зьвязваюць схільнасьць чалавека да дэпрэсіі найперш са спадчыннымі фактарамі. Напрыклад, з дэфіцытам такога важнага нэўрамэдыятара, як сэратанін, які ўплывае на сьвядомасьць і настрой чалавека. Таксама дэпрэсія можа ўзьнікнуць ад надзвычайнай нагрузкі на мозг у выпадку стрэсу, як пабочнае наступства некаторых мэдыкамэнтаў або выступаць сымптомам такіх захворваньняў, як хвароба Альцгаймэра, атэрасклероз артэрый галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавая траўма ці нават грып.

Да прычынаў дэпрэсіі нямецкі прафэсар таксама далучае і такі фактар сучаснай цывілізацыі, як замена рэальных кантактаў віртуальнымі. Маладзейшыя пакаленьні ўсё больш аддаюць перавагу віртуальным сацыяльным сеткам, чым сустрэчам з блізкімі, сябрамі, знаёмымі. Але гэта далёка не раўназначная замена. Віртуальнае сяброўства не спрыяе выпрацоўцы такога неабходнага для нармальнай жыцьцёвай дзейнасьці гармону, як аксітацын, які прадукуецца пры рэальных сустрэчах. У выніку праблема адзіноты і дэпрэсіўнага стану становіцца ўсё больш характэрнай ня толькі для старых, а і для людзей маладзейшага веку. У заходніх мэдыкаў няма адзінага падыходу да лекаваньня дэпрэсіі

Паводле заходніх псыханэўролягаў, дэпрэсія досыць добра паддаецца лекаваньню.

Даволі часта выкарыстоўваецца мэдыкамэнтозная тэрапія – лячэньне прэпаратамі, якія зьмяншаюць дэфіцыт сэратаніну. Лічыцца, што звычайна, каб зьняць дэпрэсію, дастаткова шасьцімесячнага мэдыкамэнтознага курсу. Зразумела, у выпадку, калі хворы хоча дапамагчы сабе сам.

“Пацыент, які прымае антыдэпрэсанты цягам некалькіх тыдняў, не павінен нэрвавацца ад таго, што ня бачыць вынікаў. Звычайна эфэкт прыходзіць толькі празь некалькі месяцаў”, – кажа нямецкі адмысловец Франк Бэргман. Да таго ж пацыент павінен вельмі падрабязна інфармаваць доктара пра ўзьдзеяньне на яго таго ці іншага прэпарату. “Асаблівую насьцярогу павінны выклікаць рэзкія зьмены ў настроі, стан эўфарыі, – кажа прафэсар. – У гэтым выпадку мы павінны замяніць прэпарат. Самастойна спыняць прыём антыдэпрэсанту нельга ні ў якім разе”.

Сёньня найбольш папулярныя ў сьвеце антыдэпрэсанты — такія прэпараты, як "Прозак" і "Сэраксат". Толькі ў адной Англіі ў 2008 годзе гэтыя мэдыкамэнты былі выпісаныя больш за 30 мільёнаў разоў.

Тым часам шэраг вядомых прадстаўнікоў заходняй псыханэўралягічнай школы адзначаюць шматлікія пабочныя эфэкты такіх прэпаратаў. Як паказалі дасьледаваньні навукоўцаў Нью-ёрскага мэдычнага каледжу пры Карнэльскім унівэрсытэце, у мужчын, якія прымаюць антыдэпрэсанты, можа зьнізіцца здольнасьць да зачацьця. Клетак з пашкоджанай структурай ДНК у іхнай спэрме аказалася на 30% больш, чым у мужчын, якія ніколі ня лекаваліся ад дэпрэсіі.

У сваю чаргу адмыслоўцы ўнівэрсытэту ў брытанскім Гале лічаць, што павышэньне ўзроўню сэратаніну ў мозгу чалавека адбываецца найперш дзякуючы веры самога хворага ў цудадзейнасьць прэпарату. Навукоўцы мяркуюць, што з такім самым посьпехам можна выкарыстоўваць таблеткі-пустышкі (пляцэба), робячы пры гэтым стаўку на комплексную мэтодыку, у якой спалучаюцца кагнітыўная псыхатэрапія, псыхааналіз, фізычныя практыкаваньні, гіпнатэрапія, мэдытацыя.
Крынiца: Радыё Свабода
←Обнаружены универсальные антитела к ВИЧ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика