У Беларусі плануюць павялічыць дародавы адпачынак на 14 дзён
Такое меркаванне выказаў 19 мая журналістам галоўны лекар радзільнага дома Мінскай вобласці Пётр Масько.
У Беларусі плануецца прадоўжыць дародавы адпачынак на 14 каляндарных дзён
і прадастаўляць яго з 28 тыдняў цяжарнасці. Адпаведныя змяненні ўносяцца ў Працоўны кодэкс Беларусі.«Як акушэр‑гінеколаг я на баку жанчын. Сама па сабе цяжарнасць — гэта двайная нагрузка на арганізм, а з павелічэннем тэрміну яна толькі ўзмацняецца. Таму чым большы становіцца плод, тым больш спакою трэба будучай маме для забеспячэння нармальнага развіцця і росту дзіцяці», — сказаў Пётр Масько.
Спецыяліст дадаў, што на позніх тэрмінах цяжарнасці ў жанчын часта ўзнікаюць праблемы са здароўем, ім выдаецца лісток непрацаздольнасці. Акрамя таго, цяпер усё больш беларусак нараджаюць, маючы розныя захворванні,
і значнай частцы з іх прапануецца завяршыць цяжарнасць задоўга да яе фізіялагічнага тэрміну.«Мы маем магчымасці для надзейнага выходжвання дзяцей, якія нарадзіліся нават у 30 тыдняў», — адзначыў Пётр Масько.
Ён таксама паведаміў, што ў радзільным доме Мінскай вобласці штогод нараджаюцца і выходжваюцца амаль 50 працэнтаў неданошаных малышоў вобласці. Толькі ў 2009 годзе ў лячэнні ва ўмовах аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі нованароджаных мелі патрэбу 970 дзяцей, з якіх больш як 480 пралечаны ў УЗ «РДМВ». У радзільным доме асвоены ўнікальныя тэхналогіі выходжвання дзяцей з экстрэмальна нізкай масай цела пры нараджэнні, штогод выходжваюцца больш як 60 дзяцей з масай цела менш за 1,5 кг, амаль 20 — з масай да 1 кг. Самы маленькі пацыент, якога ў 2005 годзе шчасліва выпісалі з радзільнага дома, важыў пры нараджэнні 545 грамаў.
БЕЛТА