Энергія нашай будучыні

Источник материала:  

Леанід Лахманенка

У Мінску побач з міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Іаханеса Раў (МАЦ) вырашана ўзвесці ўнікальны для нашай краіны аб'ект пад інтрыгуючай назвай "Майстэрня будучыні". Вобразна кажучы, яна будзе ўвасабляць сабой мост для абмену досведам у сферы энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі паміж Беларуссю і Германіяй.

Энергія нашай будучыніДык што гэта за майстэрня? Яна будзе пабудаваная побач з МАЦ на працягу 2011—2013  гг. Гэта будзе чатырохпавярховы будынак арыгінальнай сучаснай архітэктуры пераважна з мясцовых будаўнічых матэрыялаў з нізкім узроўнем энергаспажывання і агульнай плошчай каля 2200 квадратных метраў. У майстэрні размесцяцца інтэрактыўная выстава найноўшых дасягненняў у сферы энергаэфектыўнасці, экспазіцыя, прысвечаная практыцы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, канферэнц-зона з класамі для заняткаў і канферэнц-залай, офісы. Папярэдні кошт аб'екта — тры з паловай мільёны еўра. З іх паўтара мільёна выдаткуе сам адукацыйны цэнтр з уласных сродкаў, астатнія мяркуецца атрымаць ад Еўрасаюза па лініі праграмы "Усходняе партнёрства". У майстэрні будуць працаваць вопытныя спецыялісты і эксперты з Беларусі і Германіі. Іх агульная мэта — садзейнічаць засваенню тэорыі і практыкі энергаэфектыўнасці, павышэнню кваліфікацыі персаналу айчынных прадпрыемстваў у тым, што датычыць энергазберажэння. Як паведаміў дырэктар МАЦ з беларускага боку Віктар Балакіраў, урад нашай краіны ўнёс будаўніцтва майстэрні ў спіс першачарговых аб'ектаў па праграме "Усходняе партнёрства".

Прэзентацыя праекта "Майстэрня будучыні" стала цэнтральнай падзеяй міжнароднай канферэнцыі ў МАЦ, дзе разгарнуліся цікавыя дыскусіі па новых аспектах энергаэфектыўнасці, атрыманні энергіі будучыні. На канферэнцыі з асноўным дакладам выступіў прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург Маціяс Платцак. Яго аповед на тэму перспектыў беларуска-немецкага супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі ўяўляў немалы практычны інтарэс. Маціяс Платцак высока ацаніў намаганні Беларусі ў яе памкненнях ісці ў нагу з патрабаваннямі часу ў забеспячэнні новымі відамі энергіі. Але ён адзначыў, што ў нас яшчэ шмат рэзерваў у павышэнні энергаэфектыўнасці, эканоміі энергіі, ашчадным выкарыстанні энергарэсурсаў. Напрыклад, ён бачыць вялікія перспектывы ў выкарыстанні энергіі біямасы, ветру, сонца. З гэтай нагоды ён даў некалькі практычных парад і рэкамендацый з досведу зямлі Брандэнбург, у прыватнасці, па ўзвядзенні ветрагенератараў, размяшчэнні сонечных батарэй.

Як вядома, у нашай краіне праблематыка энергетычнай бяспекі, павышэнне энергаэфектыўнасці разглядаецца як адзін з галоўных фактараў эканамічнага развіцця. Апошнім часам гэтыя пытанні, у многім дзякуючы неканструктыўнай пазіцыі Расіі ў сферы паставак у Беларусь энерганосьбітаў, у прыватнасці, нафты, набылі палітычную афарбоўку. У гэтым сэнсе супрацоўніцтва з нямецкімі партнёрамі з'яўляецца вельмі актуальным і перспектыўным, бо дазваляе зніжаць узровень энергетычнай залежнасці ад паставак энерганосьбітаў з адной краіны. І канферэнцыя ў МАЦ — пэўны ўнёсак у гэту справу.

Трэба сказаць, што гэта не першая сур'ёзная размова экспертаў дзвюх краін аб эфектыўным і бяспечным выкарыстанні энергарэсурсаў. Днямі ў Германіі ў рамках Гановерскага прамысловага кірмашу адбыўся другі беларуска-нямецкі энергетычны форум. Першы энергафорум, нагадаем, прайшоў у маі 2008 года ў Мінску. Цяпер вось у Гановеры разам сабраліся прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, Мінскага аблвыканкама, вытворчых аб'яднанняў "Белэнэрга" і шэрагу беларускіх кампаній, якія працуюць у энергетычнай галіне, навуковых і адукацыйных устаноў з прадстаўнікамі Федэральнага міністэрства эканомікі і тэхналогій, энергетычнага агенцтва "DЕNА", саюза прамыслова-гандлёвых палат, галіновых саюзаў, прадпрыемстваў, банкаўскіх структур і навукова-даследчых арганізацый. У цэнтры іх увагі былі пытанні развіцця энергетычнага супрацоўніцтва, у тым ліку ў сферах павышэння энергаэфектыўнасці і выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі, прыцягненні германскіх інвестыцый для мадэрнізацыі энергетычнай інфраструктуры Беларусі. Члены беларускай дэлегацыі таксама наведалі шэраг энергетычных аб'ектаў у федэральнай зямлі Брандэнбург, дзе азнаёміліся з найноўшымі тэхналогіямі ў галіне вытворчасці энергіі з аднаўляльных крыніц.

Для правядзення такіх форумаў, развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ёсць усе падставы, створана выдатная нарматыўна-прававая база. Германія належыць да ліку асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі па-за межамі СНД. У 2009 крызісным годзе ў параўнанні з 2008 годам таваразварот з ФРГ знізіўся на 11,1%. Але, тым не менш, узаемны гандаль склаў салідную лічбу — 3,2 млрд дол. ЗША. У Беларусі зарэгістраваны 352 прадпрыемствы з удзелам германскага капіталу, з іх 187 сумесных і 165 замежных. У іх статутныя фонды з моманту рэгістрацыі ўнесена 242,6 млн дол. ЗША. У нашай краіне зарэгістравана 97 прадстаўніцтваў германскіх фірмаў. У сваю чаргу на тэрыторыі Германіі дзейнічаюць прадстаўніцтвы беларускіх суб'ектаў гаспадарання.

←Матери двоих детей, которой врачи дали всего три месяца жизни, срочно требуется помощь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика