Менінгіт: прамаруджванне можа каштаваць жыцця!
У 2009 годзе ў Мінску было зарэгістравана 56 выпадкаў менінгакокавай інфекцыі, два з іх — са смяротным зыходам.
— Раней, да з'яўлення антыбіётыкаў, лятальнасць ад менінгакокавай інфекцыі была вельмі высокая, — паведаміла журналісту "Звязды" загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана КРЭТАВА. — Гэтая інфекцыя і сёння ўяўляе смяротную пагрозу для чалавека (асабліва небяспечны менінгакокавы сепсіс). У дадатак ускладненні, якія развіваюцца ў выніку перанесенага захворвання, могуць мець вельмі цяжкія наступствы для інфіцыраванага. Вясна і восень — гэта менавіта той час, калі пагроза інфіцыравання менінгітам рэзка павышаецца.
Узбуджальнікам хваробы з'яўляецца менінгакок, а крыніцай яго распаўсюджвання — хворыя людзі (як правіла, у першыя дні захворвання). Носьбітам інфекцыі можа быць таксама і чалавек, які не заўважае ў сябе сімптомаў захворвання, але ў яго насаглотцы захоўваюцца небяспечныя мікраарганізмы. Пры гэтым для самога чалавека такое носьбіцтва можа быць цалкам бяспечным. Аднак калі ён будзе мець зносіны з дзіцем ці дарослым з аслабленым імунітэтам, то ў апошніх можа развіцца цяжкае захворванне. Працягласць носьбіцтва складае 2-3 тыдні, яно фарміруецца, як правіла, у дарослых. Восенню і вясной колькасць носьбітаў узрастае ў 4-6 разоў. У Мінску ў сярэднім каля 7 працэнтаў насельніцтва з'яўляюцца бактэрыяносьбітамі.
Святлана Крэтава ўдакладніла, што распаўсюджванне ўзбуджальніка адбываецца паветрана-кропельным шляхам: пры кашлі, чханні і нават пры звычайнай размове. Узбуджальнікі з насаглоткі разам з інфіцыраванымі кропелькамі слізі трапляюць у паветраную прастору. У аэразолі ўзбуджальнік захоўваецца да 30 хвілін. Само захворванне развіваецца праз адзін—дзесяць дзён пасля кантактавання з крыніцай інфекцыі. Па словах спецыяліста, адчувальнасць да менінгакока залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў кожнага чалавека. Асабліва падвержаныя інфіцыраванню маленькія дзеці ва ўзросце да 5 гадоў і навучэнская моладзь, якая шмат часу праводзіць у пакоях, што рэдка праветрываюцца.
У захварэлага можа развіцца менінгакокавы назафарынгіт — захворванне, падобнае на ВРВІ. Інфіцыраванага ў гэтым выпадку непакоіць зацяжны насмарк (сухі рыніт). Пры бактэрыялагічным даследаванні ў слізі выяўляюцца менінгакокі. Хворы або выздараўлівае праз 3-7 дзён, або ў яго развіваюцца цяжкія варыянты інфекцыі. Пры пранікненні бактэрый у галаўны мозг можа развіцца таксама запаленне мяккай мазгавой абалонкі (менінгакокавы менінгіт). Да звычайнага насмарку ў гэтым выпадку далучаюцца моцныя галаўныя болі, назіраецца скаванасць шыйных мышцаў, павышэнне тэмпературы цела, чалавек можа страціць прытомнасць. А самая небяспечная форма захворвання — менінгакокавы сепсіс — узнікае пры пранікненні бактэрый у кроў. Гэта пагражае чалавеку імклівым працяканнем захворвання, інваліднасцю і лятальным зыходам.
Для менінгакокавага сепсісу характэрнае істотнае павышэнне тэмпературы цела (да 38—40 градусаў) на працягу 1-3 дзён, боль і пяршэнне ў горле, ваніты, парушэнне свядомасці, трызненне, гемарагічныя высыпанні. Ярка выражана інтаксікацыя (атручэнне прадуктамі распаду менінгакокаў), якая прыводзіць да парушэння сардэчна-сасудзістай дзейнасці і дыхання.
— Усіх хворых з менінгакокавай інфекцыяй ці нават з падазрэннем на яе трэба тэрмінова шпіталізаваць, — падкрэсліла Святлана Крэтава. — Толькі своечасова распачатае лячэнне можа выратаваць жыццё і здароўе. А пры адсутнасці ўрачэбнай дапамогі адлік ідзе літаральна на гадзіны: ўсяго праз 6 гадзін ці праз суткі можа наступіць смерць чалавека.
Надзея НІКАЛАЕВА. Як папярэдзіць інфіцыраванне немаўлят менінгакокавай інфекцыяй:бацькі павінны абмежаваць зносіны немаўлят з вялікай колькасцю людзей, па магчымасці пазбягаць паездак у грамадскім транспарце, не браць дзяцей з сабой у магазіны, дзе цесна і шмат людзей;
не трэба запрашаць на сямейныя святы сваякоў, знаёмых і сяброў, у якіх назіраюцца сімптомы ВРВІ ці грыпу, таксама і ў госці трэба хадзіць з асцярожнасцю, бо кожны дарослы хоча прылашчыць дзіця, не падазраючы, што асуджае яго на цяжкае захворванне;
лёгкае недамаганне, насмарк, кашаль у дарослых павінны стаць сігналам для выкарыстання масак у памяшканнях, дзе знаходзяцца немаўляты. Мыць рукі пасля кашлю і чхання трэба з мылам не менш як 20 секунд;
памяшканне трэба часцей праветрываць і праводзіць у ім вільготную ўборку не радзей за 2 разы на дзень.