Катаньне на ровары дапамагае пры хваробе Паркінсана

Источник материала:  
Катаньне на ровары можа часова нэўтралізаваць сымптомы хваробы Паркінсана. Такое адкрыцьцё нідэрляндзкага мэдыка зьдзівіла ня толькі грамадзкасьць па ўсім сьвеце, але і экспэртную мэдыцынскую супольнасьць.
Доктар Басьцьяан Блём з Радбаўдзкага ўнівэрсытэту ў Ніймегене, што ў Нідэрляндах, думаў, што ўжо бачыў усе праявы сындрому Паркінсана. Але ж 58-гадовы пацыент, які нядаўна яго наведаў – здолеў яго ўразіць. 

Гэты чалавек меў сындром Паркінсана 10 год. Прагрэс хваробы, які праяўляецца ў выміраньні мазгавых клетак, адказных за функцыі руху, пазбавіў яго магчымасьці хадзіць. Найбольшае, на што ён быў здольны – гэта прайсьці некалькі крокаў, пасьля чаго яго ногі нібыта прырасталі да зямлі.

Пад час візыту хворы мімаходзь згадаў, што праехаў у гэты дзень 10 кілямэтраў на ровары, у рамках штодзённай зарадкі. Адчуўшы зразумелы недавер, пацыент настояў на тым, каб правесьці экспэрымэнт. Пасьля таго, як яму дапамаглі асядлаць ровар мэдсёстры і крыху падштурхнулі – той імкліва зьнік з далягляду. Вярнуўшыся, ён прадэманстраваў поўны кантроль над роварам і здольнасьць выконваць складаныя манэўры.

Пры гэтым усе папярэднія сымптомы, уключна зь няздольнасьцю хадзіць – нікуды ня дзеліся. Апытаўшы 20 пацыентаў з цяжкімі сымптомамі хваробы Паркінсана, доктар Блём высьветліў, што здольнасьць да кіраваньня роварам была ў іх усіх.

Доктар Блём апублікаваў вынікі экспэрымэнту разам з апытаньнем яшчэ 20-ці нерухомых пацыентаў з падобнай парадаксальнай здольнасьцю да ровару. Паведамленьне выклікала зьдзіўленьне па ўсім сьвеце.

Непрацяглае аднаўленьне некаторых страчаных рухавых функцыяў пры сындроме Паркінсана – ужо не навіна. Вядомы выпадак, калі цэлае аддзяленьне хворых выбегла са шпіталя, у якім пачаўся пажар, страціўшы, аднак, ізноў рухавыя функцыі, як толькі небясьпека мінула. Такое кароткатэрміновае “ажываньне” называецца парадокс кінэзіі.

У выпадку з роварам, падобна, што здольнасьць круціць пэдалі – пастаянная. Навуковых тлумачэньняў гэтаму пакуль няма. Выказваліся гіпотэзы, што справа ў тым, што, сядаючы на ровар, чалавек ужывае іншую частку мозгу, чым пры хадзьбе. Магчыма, справа ў дадатковым імпульсе, што нага атрымлівае ад пэдалі, якая круціцца па інэрцыі.

Доктар Блём зараз праводзіць шэраг досьледаў з мэтай вывучэньня таго, наколькі роварны спорт замаруджвае прагрэс гэтай хваробы. У любым выпадку, людзі, што страцілі здольнасьць рухацца праз сындром Паркінсана, цяпер маюць шанец, хаця б часова, ізноў адчуць радасьць самастойнага перасоўваньня, асядлаўшы ровар ці трыцыклет.
←Дневная сонливость: болезнь или усталость?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика