Пажар у горле

Источник материала:  

Напэўна, няма чалавека, якi хоць раз у жыццi не зведаў, што такое ангiна. Цяжка глытаць, высокая тэмпература, дрыжыкi праймаюць... На ангiну часцей хварэюць дзецi дашкольнага i школьнага ўзросту i дарослыя да 35—40 гадоў, асаблiва ў асеннi i вясеннi перыяды. Аднак незалежна ад узросту гэта немач можа прывесцi да цяжкiх ускладненняў на сэрцы, суставах, нырках, печанi.

Ведаючы каварства хваробы, у дзяцiнстве нашы бацькi выклiкалi доктара нават пры нязначным недамаганнi, паiлi малаком i мёдам — выходжвалi, адным словам. Сёння нам "няма калi" сябе так даглядаць, таму, заскочыўшы ў аптэку i схапiўшы пару-тройку антыбiётыкаў, мы "гасiм" i тэмпературу, i... сваё здароўе. Падобнае да дабра не давядзе. Наспех пабароўшы вострае цячэнне танзiлiту (ангiны), забываем пра тое, што не выкаранiлi прычыну — мiкробаў, якiя выклiкалi хваробу. Яны "затаiлiся" толькi на час i, як толькi мы страцiм пiльнасць, адразу ж заявяць аб сабе чарговай атакай на горла. З часам мы нават прывыкаем да пастаяннага дыскамфорту ў горле. Тэмпературы ўжо няма, але запаленне, якое праходзiць вяла — гэта мiна замаруджанага дзеяння.

Частыя ангiны без правiльнага лячэння нярэдка прыводзяць да поўнай страты здольнасцi мiндалiн самастойна змагацца з iнфекцыяй. У вынiку апошняя зусiм бесцырымонна пранiкае ўнутр. Адвечнае пытанне — выдаляць цi не выдаляць мiндалiны — хвалюе многiх. Не спяшайцеся з аперацыяй. Не заўсёды гэта праходзiць бясследна для арганiзма. Заўважана, што ў пацыентаў, якiм выдалiлi мiндалiны, часцей развiваюцца хранiчныя фарынгiты, ларынгiты i бранхiты. Яны больш схiльныя да прастудных захворванняў, бо ахоўны бар'ер ад уварвання iнфекцыi аслаблены (мiндалiны ўдзельнiчаюць у фармiраваннi iмунiтэту). У вас перыядычна паколвае ў сэрцы, суставах або паяснiцы? А вы стараецеся хутчэй забыцца пра гэта. I дарэмна! Гэта могуць быць першыя "званочкi" таго, што хвароба набiрае абароты, павольна, але ўпэўнена заваёўваючы ваш арганiзм. Часцей за ўсё пры хранiчным танзiлiце абвастраюцца рэўматызм i артрыт, у жанчын часам парушаецца менструальны цыкл. Субфебрыльная (37°) тэмпература цела (асаблiва ўвечары) становiцца вашым нармальным станам. Як вынiк — павышаная стамляльнасць, ранiшняя слабасць, неспакойны сон i адсутнасць апетыту. Усё гэта прыкметы бактэрыяльнай iнтаксiкацыi, якая пачалася ў арганiзме. Вы пачынаеце шукаць прычыну, i добра яшчэ, калi своечасова наведаеце доктара i ён прызначыць вам лячэнне.

Нярэдка ж, захварэўшы на ангiну, мы займаемся самалячэннем. Абматаўшы шыю цёплым шалiкам, робiм паласканнi, iнгаляцыi, нават самi сабе "прапiсваем" антыбiётыкi. Хаця толькi ўрач, папярэдне накiраваўшы на бактэрыялагiчнае даследаванне — мазок з мiндалiн, можа вырашыць, чым лячыць. Калi вядомы ўзбуджальнiк, можна выбраць той антыбiётык, якi на яго падзейнiчае. Вельмi эфектыўныя дадатковыя фiзiяпрацэдуры, прамыванне спецыяльнымi лекавымi растворамi. Толькi пры комплексным падыходзе можна спадзявацца на поўнае вылячэнне.

Часам тэрапiя бывае настолькi эфектыўнай, што на 3—4-ы дзень чалавек пачынае адчуваць сябе практычна здаровым. Аднак катэгарычна забараняецца ў гэты час кiдаць лячэнне i выходзiць на працу, наведваць заняткi ў навучальнай установе. Запаленчы працэс яшчэ далёка не завершаны, многiя сiстэмы арганiзма альбо аслабленыя, альбо знаходзяцца ў стане значнай перабудовы (у тым лiку, iмунiтэт). Каб пазбегнуць зрыву прыстасавальных механiзмаў (прасцей, развiцця ўскладненняў), неабходны перыяд аднаўлення, якi працягнецца яшчэ некалькi дзён. У гэты час будуць вельмi дарэчы збалансаванае харчаванне, пасляабедзенны адпачынак, паўнацэнны сон.

I яшчэ адна важная акалiчнасць — ангiна заразная, таму хвораму лепш адвесцi асобны пакой, не пускаць да яго дзяцей i пажылых людзей, у яго павiнен быць свой посуд, якiм на перыяд хваробы нiхто не павiнен карыстацца.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

Дапаможныя сродкi ад народнай медыцыны

r Пры хранiчным танзiлiце карысна змазваць паднябенныя мiндалiны сокам алоэ, змяшаным з натуральным мёдам у суадносiнах 1:3, на працягу двух тыдняў.

r Антымiкробнае i абязбольвальнае дзеянне аказвае настойка кветак календулы: 2 ч. лыжкi заварыце шклянкай кiпеню, настойвайце 30 хвiлiн, працадзiце. Палашчыце горла не менш за 5—6 разоў на дзень.

r Прыносiць палёгку i частае пiццё цёплага малака са шчолачнай вадой тыпу "нарзан" цi "баржомi".

r Добры эфект дае паласканне горла некалькi разоў на дзень сокам, адцiснутым з надзёртых на тарцы свежых буракоў. Зрабiць гэтае зелле яшчэ больш эфектыўным можна, дадаўшы ў яго чайную лыжку яблычнага воцату. Потым гэтай вадкасцi трэба даць пастаяць 1—2 гадзiны. Але ўлiчыце, што гатаваць гэту лекавую сумесь у запас нельга.

r Супрацьзапаленчае дзеянне на слiзiстую горла аказвае i густы адвар чарнiцаў: 100 г сухiх або 200 г замарожаных ягад залiце 0,5 л вады, давядзiце да кiпення i настойвайце на вадзяной лазнi 15 хвiлiн, працадзiце.

r Для паласкання пры запаленнi мiндалiн прымяняецца i настой шалфею: 4 ч. лыжкi здробненага лiсця заварыце 2 шк. кiпеню, настойвайце 30 хвiлiн, працадзiце.

←Заболеваемость ОРИ в Беларуси выросла на 37,1%

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика