Дзяцiнства з алергiяй

Источник материала:  
Дзяцiнства з алергiяйНа пытанні чытачоў адказаў доктар медыцынскiх навук, прафесар, загадчык кафедры полiклiнiчнай педыятрыi Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Уладзiмiр ЖАРНАСЕК.

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 16 — 18 верасня.)

— Мiнск, Алена. У дзiцяцi — пачырваненне на пальцах, запясцi. Пры абвастрэннi плямы падымаюцца да локця. Скардзiцца на моцны сверб i боль падчас мыцця рук. Праблема з'явiлася, калi дзiця пайшло ў садок, у 3 гады. Звярталiся да дэрматолага i алерголага. Сказалi, што гэта алергiя, трэба прытрымлiвацца дыеты. Аднак алергiя бывае толькi тады, калi дзiця наведвае садок. Калi яно хварэе на бранхiт i месяц сядзiць дома, высыпак няма. Нават калi мы не вытрымлiваем дыету i ўжываем сунiцы, мёд, апельсiны. А калi наведваем садок, то нiякая дыета не дапамагае. На правай руцэ адзiн палец "раз'едзены". За лета ўсё прайшло, а на другi год садка алергiя вярнулася на той жа палец i папаўзла на другi. Алерголаг параiла нам мазаць пачырваненне адвантанам i пiць пралазiн увесь час, пакуль дзiця наведвае садок. Цi правiльна гэта? Цi можна пiць лекi пастаянна? Як нам развiтацца з нашай праблемай?

— Паводле апiсання, гэта хранiчнае алергiчнае захворванне скуры, атапiчны дэрматыт. Часцей за ўсё, яго прычына ў гэтым узросце хаваецца ў харчовай алергii. Але могуць паўплываць i жыллёвыя алергены. Алергены можа ўтрымлiваць i наваколле дзiцячага садка, з-за чаго скура запаляецца, як толькi дзiця яго наведвае. У першую чаргу варта разабрацца з харчаваннем. Можа быць, у садку дзiця досыць часта ўжывае нешта, што дома вы наогул яму не даяце. Трэба прааналiзаваць абодва рацыёны харчавання. Далей трэба настроiцца на працяглае лячэнне. Забяспечыць догляд скуры з дапамогай спецыяльных сродкаў такой касметыкi, як Авен, Трыкзэра, Топiкрэм. Бяда ў тым, што калi скуру не трымаць у парадку, яна будзе заставацца запаленай, то праз яе могуць трапляць аэраалергены — хатняга пылу, пылковыя, i можа ўзнiкнуць павышаная адчувальнасць менавiта да гэтай групы алергенаў. А з узнiкненнем такой адчувальнасцi павышаецца рызыка развiцця алергii дыхальных шляхоў — алергiчнага рынiту, бранхiяльнай астмы. Неабходна дадаць мясцовае лячэнне — гарманальнымi цi негарманальнымi прэпаратамi. Адвантан адносiцца да мясцовых гармонаў, бяспечных i добрых. Ёсць i негарманальны элiдэл. Што падыходзiць менавiта вашаму дзiцяцi — пра гэта павiнен падумаць урач — з улiкам узросту, цяжкасцi захворвання i г.д. Унутр сапраўды можна працягла, да 6 месяцаў, папрымаць пралазiн. У цэлым доктар правiльна прызначыў вам лячэнне... Што будзе далей, залежыць ад многiх фактараў. Калi сярод сваякоў ёсць такiя, хто пакутуе ад алергii — мае месца спадчынная абцяжаранасць, калi алергiчныя праявы маюць раннi, у першыя месяцы жыцця, пачатак, калi паражэнне скуры цяжкае, то шанц перарасцi захворванне ў дзiцяцi меншы. Пры iншым раскладзе даволi высокая верагоднасць таго, што атапiчны дэрматыт можа сысцi, напрыклад, ва ўзросце 6-7 гадоў або ў перыяд палавога выспявання. Такiм чынам, ваша задача — забяспечыць нiзкаалергенны побыт, разумную дыету i догляд скуры. Спецыяльныя крэмы дапамагаюць змякчаць скуру, якая становiцца пры атапiчным дэрматыце сухой. Гэта правакуе сверб, а на месцах расчэсвання ўзмацняецца запаленне. Гэткае замкнёнае кола. У вынiку штодзённага выкарыстання названыя вышэй касметычныя сродкi пазбаўляюць сухасцi, даюць адчуванне камфорту, папярэджваюць абвастрэнне.

— Скажыце, а як можна змянiць побыт у садку?

— Наўрад цi гэта магчыма. Тая ж мэбля падбiраецца з улiкам вызначаных правiлаў. А змянiць рацыён харчавання ў звычайным садку таксама нерэальна.

— Вы параiлi б адмовiцца ад наведвання садка?

— Не кожны, у каго ёсць дзiця-алергiк, здольны адмовiцца ад наведвання садка. Безумоўна, калi кожны паход у садок — гэта абвастрэнне атапiчнага дэрматыту, то больш разумна патрымаць дзiця дома. З цягам часу iмунная сiтуацыя змянялася б, i, можа быць, перамены былi б да лепшага.

    — Мiнскi раён, Вольга Уладзiмiраўна. Падкажыце, калi ласка, чым атапiчны дэрматыт адрознiваецца ад нейрадэрмiту? Чаму адны ўрачы ставяць нашаму дзiцяцi такi дыягназ, а другiя — iншы?

— Ёсць мiжнародная назва хранiчнага алергiчнага захворвання — атапiчны дэрматыт, а ёсць назвы гiстарычныя. Калiсьцi адзiн i той жа працэс называлi па-рознаму ў залежнасцi ад узросту. Таму што праявы атапiчнага дэрматыту маюць узроставую эвалюцыю. У дзяцей да 2 гадоў прэвалюе мокнуце. З 2 гадоў яно адступае i з'яўляецца пачырваненне, сухасць, а з 10-12 гадоў з'яўляецца грубы патоўшчаны малюнак скуры са свербам. Вось гэта адпавядае ў старым разуменнi нейрадэрмiту. Зараз мы ў педыятрыi не дзелiм на гэтыя назалогii. Ёсць адзiнае захворванне, якое калi аднойчы пачалося, то працякае доўга i з узростам мяняе свае знешнiя праявы. Тэрмiн нейрадэрмiт часцей выкарыстоўвалi дэрматолагi. Аднак цяпер тэрапеўты, алерголагi, дэрматолагi звычайна карыстаюцца адной назвай. I схема лячэння захворвання аднолькавая.

— А цi можна падрабязней расказаць пра гiпаалергенны побыт?

— Гэта комплекс мерапрыемстваў, скiраваных на змяншэнне колькасцi хатняга пылу. Адсюль рэкамендацыi: мiнiмум мяккай мэблi, нiякiх дываноў i мяккiх цацак, частая вiльготная ўборка або выкарыстанне мыйнага пыласоса. Такiм чынам мы будзем змагацца з мiкракляшчамi, якiя жывуць у ложку, падушках, коўдры i харчуюцца арганiчнымi рэшткамi са скуры чалавека, пер'я падушак. Лепей за ўсё замянiць падушкi з пер'я на сiнтэтычныя. Каб зменшыць кантакт з пылковымi алергенамi ўнутры жылля, не варта ставiць засушаныя кветкi i жывыя ў вазонах з-за цвiлi, якая ўтвараецца на глебе. Трэба сачыць, каб не было вiльготных падцёкаў у ванным пакоi, у прыбiральнi. Не рэкамендуецца карыстацца фiтапрэпаратамi. У перыяд цвiцення раслiн варта менш наведваць лес, поле, луг.

    — Нясвiж, Святлана. Дзiцяцi 7 гадоў. У 6 гадоў з'явiлася халадовая алергiя. Цi можна пазбавiцца ад яе?

— Як яна праяўляецца?

— Плямамi, чырвонымi высыпкамi на твары.

— Яны свярбяць?

— Не.

— Халадовая алергiя — гэта генетыка. Ёсць сямейная халадовая алергiя, якая праяўляецца ў бацькоў, а потым i ў дзяцей. Але бывае i так, што ў старэйшага пакалення яна не праяўляецца, хоць вы цi ваш муж, напрыклад, можаце быць носьбiтамi пэўных генетычных асаблiвасцяў, якiя рэалiзавалiся ў дзiцяцi. Рэалiзуюцца апошнiя як правiла ва ўзросце 6-7 гадоў... Што трэба рабiць? Перад выхадам на двор, за паўгадзiны, нанесцi на твар тлусты крэм, якi павiнен паспець поўнасцю высахнуць. Па-другое, у халодны час года можна прымаць супрацьалергiчныя прэпараты. Гэта можа быць працяглы, некалькi месяцаў, прыём ларатадзiну або цэцiрызiну.

— Гэта будзе пастаянна цi калi-небудзь знiкне?

— У перыяд палавога выспявання сiтуацыя можа змянiцца, i алергiя знiкне, але можа захавацца на дзесяцiгоддзi. Зрабiць дакладны прагноз тут цяжка.

Святлана БАРЫСЕНКА, Вольга ШАЎКО.

←Женщины грудь увеличивают, мужчины — уменьшают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика